Маці раздзеленых сіямскіх блізнят напісала Папу

Эрмін Нзота, маці сіямскіх двайнят Эрвіны і Прэфіны, якіх раздзялілі з дапамогай некалькіх унікальных аперацый у ватыканскай дзіцячай клініцы, напісала Папу Францішку ліст.

Яна дзякуе Святому Айцу за тое, што ён удзяліў дзяўчынкам сакрамант хросту. Эрмін прасіла яго аб гэтым яшчэ ў чэрвені, пасля завяршэння апошняга этапу аперацыі, і на днях Папа хрысціў малых у капліцы Дома св. Марты.

Жанчына піша, што яе дочкі “атрымалі магчымасць стаць самымі шчаслівымі на зямлі” дзякуючы адкрыццю Папам Францішкам Святой Брамы ў Бангі ў 2015 г., што было прымеркавана да Юбілею Міласэрнасці. Менавіта дзякуючы гэтай падзеі маладая маці сустрэлася праз тры гады з Марыэлай Энак, кіраўніком ватыканскай бальніцы “Дзіцятка Езуса”, пры падтрымцы якой у сталіцы ЦАР была адкрыта дзіцячая клініка.

Эрмін дзеліцца сваім уражаннем ад першага наведвання базылікі св. Пятра. Больш за ўсё яе ўразіла “П’ета”: Найсвяцейшая Багародзіца з мёртвым целам Сына на руках нагадала ёй, як яна сама трымала на руках сваіх дзяўчынак, якім было адмоўлена ў нармальным жыцці, і адчувала такое ж бяссілле.

У лісце Пантыфіку жанчына распавядае пра сваё жыццё, пра тое, што ў яе не было магчымасці атрымаць адукацыю і што яна хацела б аднойчы здолець прачытаць сваім дочкам словы з Бібліі.

Дзякуючы адкрыццю Святой Брамы, Папа “пабудаваў мост у вечнасць, па якім могуць прайсці ўсе маючыя патрэбу”, як і яна сама. Усё, што адбылося, стала для яе знакам, што Бог не пакідае самых апошніх. Жанчына абяцае Святому Айцу пастаянную малітву да Багародзіцы за яго.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку