М’янма: першае за 50 гадоў публічнае святкаванне Божага Нараджэння

Хрысціянская супольнасць М’янмы ўпершыню пасля 50 гадоў публічна адсвяткавала свята Божага Нараджэння на вуліцах горада. Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Fides», у недалёкім мінулым святкаванні абмяжоўваліся сценамі касцёлаў і дамоў.

У гэтым годзе, атрымаўшы дазвол ад уладаў, у былой сталіцы краіны — Янгоне, у днях ад 23 да 25 снежня на вуліцах горада здзяйсняліся набажэнствы, кірмашы і працэсіі.

Святочны фестываль пачаўся 23 снежня. Дапаможны біскуп Янгоны выказаў радасць мясцовых хрысціян ад магчымасці правесці першы калядны фестываль і заахвоціў грамадзян «усімі магчымымі спосабамі ўдзельнічаць у клопаце аб свеце і добрым развіцці краіны». Як патлумачылі прадстаўнікі ўлады, дазвол быў прадастаўлены з «выразным жаданнем ушанаваць візіт Папы Францішка ў М’янму, які адбыўся ў лістападзе 2017 года і каб засведчыць салідарнасць з хрысціянамі М’янмы і ўсяго свету».

Старшыня рэгіянальнага ўрада паабяцаў, што правядзенне каляднага фестывалю будзе падтрымана таксама і ў наступныя гады. Паводле перапісу, праведзенага ў 2014 годзе, сярод амаль 52 мільёнаў насельніцтва краіны хрысціяне ўсіх канфесій складаюць 3 мільёны.

Удзельнікі святочных мерапрыемстваў звяртаюць увагу на тое, што гэта першая, пасля візіту Папы, вялікая экуменічная падзея ў гэтай краіне, якая таксама стала нагодай для сустрэчы паміж бірманскай хрысціянскай і будыскай суполкамі. На думку каталіцкага святара а. Джоржа, гэтыя падзеі з’яўляюцца знакам росту рэлігійнай свабоды ў М’янме.

Радасць з хрысціянамі раздзялілі нямала будыстаў. Адзін з іх распавёў карэспандэнту «Fides», што прымаў удзел у фестывалі разам з жонкай. Паводле яго слоў, ён убачыў, што «Божае Нараджэнне — гэта свята, якое мае каштоўнасць для ўсіх людзей, а не толькі для хрысціян».

Ватыканскае Радыё

для друку для друку