Людміла Сінкевіч: “Вачамі веры я бачу анёлаў у сваім жыцці”

Кожны чалавек мае сваё хобі. У мінулым нумары мы распавядалі пра святара, які збірае танкі. А зараз мы пазнаёмім вас з глыбоцкай парафіянкай Людмілай Сінкевіч, якая калекцыянуе фігуркі анёлаў.

– Людміла Іванаўна, скажыце, а чаму менавіта фігуркі анёлаў, а не маркі, значкі, паштоўкі?

– З дзяцінства мая мама навучыла мяне малітве да анёла-ахоўніка. Малітва была на польскай мове, я тады мела гадоў шэсць і да канца не разумела, хто такі струж. Мама сказала, што мы анёлаў не бачым, але яны ўвесь час з намі прысутнічаюць. “Ты іх не бачыш, але вачамі веры ты іх адчуеш, што яны ёсць у тваім жыцці.” І я гэта ўсё жыццё адчувала.

Я нарадзілася 20 студзеня, а ўжо праз дванаццаць дзён, 2 лютага, на Грамніцы, мяне павезлі хрысціць у Шаркаўшчыну, у касцёл. Ехаць трэба было трынаццаць кіламетраў. Справа ў тым, што тады была вельмі снежная зіма, на кані можна было ехаць толькі па рацэ. Вось і павезлі мяне ў падушках. І анёл-ахоўнік збярог мяне ад хваробаў, ад гэтага лютага марозу, ад усіх нягодаў, якія маглі мяне як дзіця напаткаць.

Мама мяне навучыла розным малітвам, каб падрыхтаваць да Першай Камуніі. Касцёл у гэты час у Шаркаўшчыне ўжо зачынілі, і яна павезла мяне да першай споведзі на цягніку ў Мёры. Туды мы паехалі ў чатыры гадзіны раніцы, а назад вярталіся ўжо вечарам. Паколькі бацька працаваў тады брыгадзірам на чыгунцы, машыніст таварнага цягніка згадзіўся ўзяць нас падвесці. Спыняцца было нельга, ён крыху прытармазіў, і я, дзевяцігадовая дзяўчынка, разам з маці саскочыла з цягніка. І тут, я лічу, нам дапамог анёл-ахоўнік, бо я ж тады магла і пакалечыцца.

– Вы і зараз верыце ў анёлаў-ахоўнікаў?

– Я веру, што анёл-ахоўнік ёсць у кожнага чалавека, што ён дапамагае нам, калі да яго памаліцца. Хоць мы іх не бачым, але яны ёсць.

Калі ў дарослым узросце ў маім доме з’явілася Біблія, я больш даведалася пра анёлаў. Будучы ў розных краінах: у Германіі, Расіі, Польшчы, наведвала там храмы, музеі і карцінныя галерэі. І заўсёды мяне прываблівалі абразы і карціны з выявамі анёлаў. І ўсюды яны паказваюцца як Божыя пасланнікі (анёл з грэцкай мовы і перакладаецца як “пасланнік” – заўв.аўт.) з двума крыламі, каб хутчэй данесці волю Божую. І вось чытанне Бібліі заахвоціла мяне больш даведацца пра гэтых нябесных пасланнікаў. Бо ў Святым Пісанні яны сустракаюцца даволі часта – як у Старым Запавеце, так і ў Новым.

Усё гэта і падштурхнула мяне да чытання іншай духоўнай літаратуры пра анёлаў. Найчасцей іх паказваюць як юнакоў у светлым адзенні, што азначае чысціню, і з крыламі за спіной – як сімвал хуткасці, з якой яны выконваюць Божую волю. У Святым Пісанні часцей сустракаем галоўных анёлаў – Міхала, Рафала і Габрыэля. Дарэчы, арханёл Міхал з’яўляецца нябесным заступнікам Беларусі, і ў храме мы да яго молімся.

– З чаго пачалася Ваша калекцыя?

– Самы першы анёл – мой падарунак дачцэ Марыне на дзень нараджэння. З яго ўсё і пачалося. Потым ёй дарылі анёлаў сяброўкі, то можна сказаць, што пачынальнікам гэтай калекцыі была менавіта дачка.

– І колькі часу Вы іх збіраеце?

– Калі мэтанакіравана, то ўжо больш за дзесяць гадоў. Але гэта што тычыцца калекцыі, а цікаўлюся я імі вельмі даўно, з самага дзяцінства. І хочацца адзначыць, што для мяне важна не толькі збіраць прыгожыя фігуркі, але і штодзённая малітва да свайго анёла-ахоўніка, а таксама і маіх дзяцей.

– Чыя напачатку была гэта ідэя – збіраць выявы анёлаў: Ваша ці дачкі?

– Мая. Пасля з’яўлення першых анёлаў, я падумала, што гэтым варта заняцца. Потым і сын падараваў фігурку, якая цалкам зроблены з ільну. Вось такі беларускі анёл.

Марына шмат дапамагае з маёй калекцыяй. Яна прывозіць мне анёлаў са сваіх беларускіх і замежных паездак. Вось анёл з Польшчы, вось з Партугаліі. А вось шакаладны анёл, які прыехаў з Масквы.

Паколькі муж і сын любілі матацыклы, то я набыла анёла-байкера. У мяне ў калекцыі ёсць фігуркі, якія свецяцца, ёсць анёлы-свечкі, выявы анёлкаў з рознымі музычнымі інструментамі, а таксама саламяны, гліняны, драўляны, шкляны, вязаны, на магнітах, з бісеру і іншыя.

Частка калекцыі — падарункі кансэкраваных асоб. Нават ад галоўнага рэдактара “Каталіцкага Весніка” ксяндза Віктара маю анёла ў сваёй калекцыі.

Потым я стала збіраць усё, што звязана з анёламі: паштоўкі, вышытая хусцінка, кубкі. Ёсць манета з выявай анёла, які прывезены з Кёльна.

Будучы на пенсіі, яшчэ пэўны час працавала настаўніцай у школе, але ўжо год не працую, таму збіраюся яшчэ сама вышыць анёла. Я лічу, што вельмі добра падарыць знаёмым ці блізкім анёла на дзень нараджэння, на хрост дзіцяці. Вось гэту фігурку анёла ўжо купіла на падарунак.

– А не шкадуеце ў душы, калі дорыце, бо калекцыя ж змяншаецца?

(Смяецца) Не, тады я заўсёды іх купляю ў двух экзэмплярах.

– А адмыслова не лічылі, колькі іх у Вас?

– А як жа! Вядома, лічыла! Зараз у мяне 403 анёла. Вядома ж, можна было і больш іх сабраць, але я адмыслова не купляю вялікіх анёлаў, бо яны займаюць шмат месца, а ў нас яно абмежаванае.

– Ну што ж, жадаем Вам дайсці ў гэтай справе да тысячы!

 Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку