Любоў і зайздрасць

Што людзі шануюць больш за ўсё? Я сказала б так: чалавек не можа жыць без Любові. А гэта значыць, што і без любові таксама. Яшчэ да нараджэння мы становімся цалкам залежнымі ад любові бацькоў.

Сапраўды, чалавечае дзіця, у адрозненне ад дзіцянят многіх млекакормячых, само па сабе, без дапамогі іншых людзей, зусім не жыццяздольнае: яно не можа перамяшчацца нават паўзком, не мае поўсці, якая ратавала б яго ад холаду, не можа здабываць сабе ежу, дый наогул адразу пасля нараджэння дзіця не можа самастойна нават пераварочвацца. Усё гэта робіць нас абсалютна залежнымі ад чужой апекі. І тады галоўным пытаннем чалавечага выжывання становіцца наступнае: а чаму яны мяне апякаюць і як доўга гэта будзе працягвацца? Гэта не пустое пытанне. Сапраўды, што прымушае маці, бацьку і кожнага іншага дарослага чалавека, гледзячы на бездапаможнае немаўля, якое яшчэ нічога не можа даць узамен, клапаціцца пра гэтае дзіця, ігнаруючы сваю стому, знямогу, кепскі настрой, ляноту, уласныя дарослыя праблемы? Адказ, як ні дзіўна, ёсць толькі адзін — наша чалавечая здольнасць любіць. І менавіта ў гэтым мы вельмі блізкія да разумення Сэрца Бога: толькі Яго бескарыслівая і безумоўная Любоў з’яўляецца гарантыяй нашага выжывання.

Такім чынам, з самага пачатку жыцця нашае выжыванне будуецца на гэтай прывіднай аснове — здольнасці іншага чалавека любіць і прывязвацца, якая не мае ніякага выразнага лагічнага тлумачэння нават у свеце дарослых, не кажучы ўжо пра галоўку нованароджанага. І менавіта з-за невытлумачальнасці любові, якую мы атрымліваем, яна здаецца нам такой ненадзейнаю, і мы ўсё жыццё з недаверам ставімся да любові бліжніх і Бога і няспынна чакаем здрады. Больш за тое, мы трацім надзвычай шмат сілаў на тое, каб «стаць незалежнымі» ад чужых сімпатый і навучыцца з усім спраўляцца самастойна, «без чужой дапамогі». Становячыся дарослымі, мы штораз актыўней стараемся больш не будаваць сваё жыццё на прывіднай аснове любові іншых людзей да нас і стаць на «цвёрдую глебу» рэалізму, самадастатковасці і «здаровага эгаізму». У такія перыяды Любоў Бога здаецца нам найбольш прывіднай і няўлоўнай з усіх тыпаў любові, і тады, застаючыся цалкам рэлігійнымі людзьмі, мы перастаем быць веруючымі (зразумела, не «ў Бога», а Богу) і вырашаем самі клапаціцца пра хлеб штодзённы, а ў хуткім часе ўмеем ужо і самі прабачаць сабе правіны нашыя.

Аднак усе гэтыя спробы адасобіць сваё жыццё і сцвердзіць яго на ўласнай сіле па сутнасці застаюцца ўтапічнымі, таму што будуюцца на ілюзіі. Людзі не могуць жыць, не атрымліваючы любові, гэтак жа, як не могуць не любіць — такая прырода дзяцей Божых! Перастаючы «браць» любоў іншых, мы пачынаем «эканоміць» сваю. Прынцып просты: калі я буду укладваць свой клопат і ўвагу ў іншых, то што застанецца мне?

І вось тады мы пачынаем укладваць сваю любоў пераважна ў сябе. Усё паспець, больш атрымаць, усё паспрабаваць, нічога не аддаваць і падлічваць, ці не затанна прадалі, ці не папрацавалі больш за іншых, ці не атрымаў хтосьці больш, чым мы. Лічыць, лічыць, лічыць… Натуральна, голад любові нікуды не знікае, але цяпер на месцы насычэння з’яўляецца зайздрасць.

Сучасныя псіхолагі сцвярджаюць, што з-за прыроджанай залежнасці ад любові чалавек не можа быць цалкам вольны ад зайздрасці. Ва ўсялякім выпадку, у дзяцінстве, ва ўзросце 2–3 гадоў, усе дзеці актыўна перажываюць гэтае пачуццё: мама пахваліла іншае дзіця, у таты не знайшлося для мяне часу, хлопчыку ў двары бабуля падарыла веласіпед, а мне не падарыла. А калі пры гэтым бацькі заўсёды параўноўваюць дзіця з іншымі і заўсёды не на яго карысць, то боль становіцца проста невыносным. Усе мы ведаем гэты боль, менавіта яго калісьці не змог стрываць Каін. На нашай мове ён завецца зайздрасцю. Гісторыя Каіна застаецца вельмі павучальнаю для кожнага сучаснага чалавека і для чалавека веруючага — таксама.

Сутыкаючыся з зайздрасцю ў малым узросце, дзіця патэнцыяльна мае два шляхі развіцця.

Па-першае, яно спрабуе спачатку прысвоіць сабе тыя каштоўнасці, якімі валодае хтосьці іншы. У ідэале набыццё запаветнай машынкі або лялькі павінна выратаваць ад моцнага душэўнага болю і адчування нешчаслівасці, імя якой мы ўжо ведаем. Менавіта на гэтым этапе дзеці бязлітасна адбіраюць адзін у аднаго цацкі і, нягледзячы на ўгаворванні матуляў, адмаўляюцца аддаваць іх пакрыўджанаму ўладальніку.

Крыху пазней яны пачынаюць прыносіць дадому «трафеі» з садка, а часам і выкрадаюць усялякія «каштоўныя» дробязі ў сяброў. Абагульнена ўсе гэтыя спосабы прысваення можна было б назваць крадзяжом. З часам, атрымліваючы элементарнае маральнае выхаванне, дзіця даведваецца, што з-за такіх паводзінаў яно рызыкуе страціць любоў многіх людзей, у тым ліку і бацькоў. І тады на месца яўнага крадзежу прыходзіць «крадзеж» ускосны: дзіця пачынае прысвойваць сабе не чужыя матэрыяльныя каштоўнасці, а чужыя псіхалагічныя якасці, здольнасці, уменні, навыкі. Назіраючы за тым, як робіць нешта аднакласніца, якую ўсе любяць, дзіця часам пераймае гэтае ўменне. Такі ўскосны «крадзеж» называюць навучаннем, навыкам. Так зайздрасць у нармальным развіцці можа перарасці ў здольнасць і жаданне вучыцца, набываць досвед.

Іншы шлях развіцця дзіцячай зайздрасці больш разбуральны для чалавека, але, на жаль, не менш распаўсюджаны. Безумоўна, вы разумееце, што для таго, каб дзіця перастала пакутаваць з-за недахопу любові і пачало вучыцца ў іншых, бацькі павінны падтрымліваць яго ў гэтай няпростай і працаёмкай справе, і падтрымліваць не крытыкай (хоць многія лічаць гэта адзіным спосабам), а той самай любоўю, без якой людзі часам не выжываюць. Калі ж, нягледзячы на ўсе старанні дзіцяці, яго працягваюць бязлітасна крытыкаваць (вядома ж, «дзеля яго дабра») і яшчэ часцей параўноўваць з іншымі не на яго карысць (бо трэба ж «даваць яму станоўчыя прыклады», дый каб «дзіця не расслаблялася»), то ў дзіцяці вельмі хутка апускаюцца рукі, таму што, як бы яно ні старалася, любоў і прызнанне бацькоў атрымліваюць іншыя. Звычайна такія дзеці рана расчароўваюцца ў сваіх здольнасцях і пачынаюць ненавідзець тых, хто (па словах яго бацькоў і настаўнікаў) гэтыя здольнасці мае. На першым этапе такога перарастання зайздрасці ў нянавісць дзеці пачынаюць знішчаць чужыя запаветныя матэрыяльныя даброты, атрымаць якія ў іх няма надзеі, — ламаюць чужыя цацкі, пэцкаюць адзенне, паклёпнічаюць.

З часам, калі падрослае дзіця пачынае разумець наступствы сваіх паводзінаў і баяцца пакарання або помсты, знішчэнне перастае быць яўным, матэрыяльным і становіцца ўскосным, псіхалагічным. Так, дарослыя людзі для таго, каб не адчуваць болю нібыта ўласнай неўгрунтаванасці, а па сутнасці зайздрасці, адмаўляюць або змяншаюць чужыя каштоўнасці. Гэтую з’яву ў псіхалогіі прынята называць абясцэньваннем, што азначае знішчэнне таго каштоўнага, чым валодае нехта бліжні, але не ў рэальнасці, а ў сваім сэрцы. Звычайна акт абясцэньвання пачынаецца са словаў «падумаеш…», «нічога добрага…», «усё гэта лухта…», «глупства…» або «ўсё гэта добра, але…», «малайчына, але…».

Заўважыўшы зайздрасць Каіна, Бог сказаў яму: «…Грэх затойваецца пры дзвярах. Ён цягне цябе да сябе, але ты можаш панаваць над ім» (Быц 4, 7б). Абясцэньванне — адна з самых разбуральных сілаў у нашым свеце. Знішчаючы ў сваім сэрцы каштоўнасці нашага бліжняга, мы сімвалічна забіваем яго, паўтараючы пры гэтым грэх Каіна.

Дзіўна жыве чалавек: ад нараджэння пакліканы Богам да любові і цалкам залежны ў сваім выжыванні ад яе, ён сваімі рукамі разбурае адносіны з бліжнімі і засявае вакол сябе нянавісць і абясцэньванне.

А можа паспрабуем вучыцца лепшаму адзін у аднаго?

ave-maria.by

для друку для друку