«Любіце Бога і любіце Касцёл!»: Імша памяці кс. Юзафа Францкевіча ў Глыбокім

franckevich

13 мая ў глыбоцкім касцёле Святой Тройцы адзначалася 30-я гадавіна смерці ксяндза Юзафа Францкевіча, які працаваў тут з 7 лістапада 1959 года да апошняга свайго дня — 13 мая 1985 года, паведамляе парафіяльны сайт.

Падчас гаміліі кс. Вячаслаў Пялінак заўважыў, што «кс. Францкевіч для ўсіх нас на доўгія гады будзе сімвалам трывання, сімвалам моцы, сімвалам веры і знакам любові да Касцёла. Успамін гэтай даты вучыць вялікай любові да Касцёла. Любіць Касцёл трэба заўсёды».

Мясцовыя вернікі, прадстаўнікі розных пакаленняў, прыйшлі ў святыню, каб памаліцца за супакой душы святара, які самаахвярна служыў Богу і перадаў ім скарб веры.

IMG_9578 IMG_9586

Кс. Юзаф Францкевіч нарадзіўся 24 сакавіка 1912 года ў вёсцы Ельніца, у Польшчы. 15 жніўня 1935 года склаў вечныя шлюбы ў ордэне айцоў марыянаў. 26 студзеня 1941 года прыняў сакрамэнт святарства. Служыў у парафіях на Беларусі. У 1950 годзе быў арыштаваны і асуджаны за “антысавецкую агітацыю”. Знаходзіўся ў камеры смяротнікаў. Прайшоў сталінскія лагеры. У 1956 годзе вызвалены датэрмінова. Рэабілітаваны 8 мая 1992 года.

Гэта быў святар з вялікай літары. Ён любіў Бога і людзей. Ксёндз Юзаф не адмаўляў сваёй паслугі кожнаму, хто да яго звяртаўся. Немагчыма злічыць, колькі людзей ён ахрысціў, колькі паяднаў з Богам, колькі ўдзяліў сакрамантаў сужэнства. У апошнія гады жыцця кс. Юзаф, нягледзячы на цярпенні, цэлебраваў святую Імшу, з дапамогай міністрантаў узыходзіў да алтара.

Свой апошні спачын ксёндз Юзаф Францкевіч знайшоў на глыбоцкай зямлі, там, дзе доўгія гады ахвярна нёс служэнне. Памяць пра гэтага добрага пастыра жыве ў сэрцах людзей, якім ён дапамог знайсці шлях да Бога.

Franckevicz

для друку для друку