Лучайская парафія адзначыла Дзень сям’і

luczaj26 чэрвеня лучайская парафія адсвяткавала Дзень сям’і. Свята ладзіцца па ініцыятыве ксяндза пробашча Мікалая Ліпскага ў апошнюю нядзелю чэрвеня пяты год запар.

Старажытныя муры 250-ці гадовай святыні атулілі прыемнай прахалодай у нядзельны спякотны дзень сабраных вернікаў. Напачатку адбылася канферэнцыя на тэму сям’і. Правёў яе пробашч з Лучая. Святар засяродзіў увагу на тым, што Бог — Творца сужэнстваў. Ксёндз Мікалай нават прывёў статыстычныя дадзеныя разводаў, на якія ўплываюць такія факты, як шлюб, удзел у нядзельнай святой Імшы, супольная малітва. Сем’і, якія жывуць у блізкім кантакце з Богам, найбольш моцныя і трывалыя.

Падчас Адарацыі была прачытана Літанія да святога Юзафа – апекуна сем’яў і малітва за сем’і. Святочную гамілію святар прысвяціў тэме вернасці ў сямейным жыцці. Казнадзей звярнуў увагу, як важна быць верным словам шлюбнай прысягі, якую маладыя сужонкі прамаўляюць перад Богам.

Згодна з традыцыяй лучайскіх святаў, канцэрты для іх — неад’емная частка. На гэты раз часты і жаданы госць парафіі — знакаміты беларускі бард Зміцер Вайцюшкевіч, падараваў прысутным канцэртную праграму. Звычайна, музыкант загадзя не рыхтуе асаблівыя песні, а спявае тыя, што на душы ў яго пры сустрэчы са слухачамі, або выконвае па замове. Тодар (такі сцэнічны псеўданім мае музыкант), праспяваў творы на вершы сапраўдных зорак беларускай паэзіі: Пятруся Броўкі, Генадзя Бураўкіна, Адама Русака, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Някляева, а таксама выканаў «Грузінскую песню» выбітнага расійскага барда Булата Акуджавы.

Скончылася канцэртная праграма паланэзам «Развітанне з Радзімай» Міхала Клефаса Агінскага на словы Сяржука Сокалава-Воюша. Музычны твор славутага кампазітара амаль абавязковая праграма канцэртных праграм. У Лучаі не забываюць пра Агінскіх – фундатараў святыні, дзякуючы ім вёска мае велічны храм, і пра іх знакамітага патомка.

Наступны раз Лучай чакае гасцей 23 ліпеня на фэст святой Ганны. Падчас якога асаблівым чынам будзе адзначацца 250-годдзе святыні.

Алена Клімза-Колтан

для друку для друку