Лучайская парафія адсвяткавала адпустовую ўрачыстасць

Luchaj_fest2629 кастрычніка Лучайская парафія святога Юды Тадэвуша, Апостала святкавала адпустовую ўрачыстасць у гонар свайго нябеснага апекуна. Сёлета святыня адзначае 250-годдзе заснавання.

Варта нагадаць, што ў 1766 годзе па фундацыі Альжбеты Агінскай-Пузыні, пачалося будаўніцтва велічнага касцёла ў стылі пераходным ад барока да класіцызму.

На працягу тыдня ў парафіі праводзіліся Святыя Місіі з нагоды значнай, гістарычнай падзеі, каб падрыхтаваць сэрцы вернікаў. Апошні раз айцы з супольнасці Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты) праводзілі місіі ў Лучайскай парафіі ў 1991 годзе.

Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту папярэднічала ўрачыстай святой Імшы. Айцец Станіслаў, рэдэмптарыст з Мінска, падчас выстаўлення правёў ружанцовую малітву. Лучай здзіўляе і ўражвае заўсёды: на гэты раз урачыстасці святу дадало тое, што за клавішамі двухсотгадовага аргана быў віртуоз Валерый Шмат. Здаецца, сцены святыні дрыжэлі ад гукаў «караля музычных інструментаў» і ад незвычайна прыгожага, моцнага голаса арганіста.

Урачыстую святую Імшу узначаліў Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, у сакраманце Пакаяння дапамагалі ксёндз Ежы Вільк з Варапаева і Анджэй Бульчак з Паставаў. Ва ўступным слове біскуп Алег, узгадаўшы пра юбілей касцёла, падкрэсліў, што святыня – гэта знак веры. Іерарх заклікаў маліцца аб умацаванні веры і аб плёне для місій.

Святочнае казанне біскуп распачаў са слоў святога Юды Тадэвуша: «Вы браты, умацоўвайцеся на фундаманце веры». Казнадзей звярнуў увагу на тое, што дапамагае трывала захоўваць веру і якія перашкоды могуць паўставаць. Асаблівым чынам ксёндз біскуп зазначыў пра небяспекі аслаблення веры, сярод галоўных – гэта абыякавасць да веры і забабоны, карыстаючыся якімі, людзі ўваходзяць на тэрыторыю злога духа. А вось дарам Духа Святога біскуп назваў сакрамант Бежмавання. Дарэчы, прыняць яго падчас адпустовай урачыстасці мелі магчымасць чацвёра парафіян. Яны і падрыхтавалі працэсію з дарамі.

luchai_fest3

Незабыўным момантам святочнай Літургіі стала атрыманне з рук біскупа Алега Буткевіча Папскага бласлаўлення. Справа ў тым, што літаральна на мінулым тыдні Віцебскі Ардынарый наведаў Ватыкан, каб уласнаручна перадаць Святому Айцу пераклад на беларускую мову яго кнігі «Імя Бога – Міласэрнасць». Таму, акрамя прывітання ад Пантыфіка вернікі мелі такую цудоўную магчымасць.

А вось Апостальскае бласлаўленне ад Папы Францішка для Лучайскай парафіі, з нагоды юбілею заснавання святыні, на папірусе атрымаў ксёндз Мікалай Ліпскі падчас пілігрымкі ў Год Міласэрнасці. Гэты каштоўны дар у прыгожай рамачцы будзе размешчаны ў храме.

luchai_fest

Напрыканцы святой Імшы адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам, пасля якой быў праспяваны гімн «Цябе, Бога, праслаўляем» і хрысціянскі гімн «Магутны Божа». Пасля вернікі яшчэ раз накіраваліся на прыкасцельную тэрыторыю, каб паўдзельнічаць у асвячэнні скульптуры Апостала Мацея, апошняга ў скульптурнай кампазіцыі.

Незвычайны, адмысловы канцэрт у выкананні арганіста Валерыя Шмата стаў аздабленнем свята. Апроч таго, што Літургія была ўпрыгожана творамі на лацінскай мове: «Veni creаtor», «Agnus Dei», «Adoremus», выканаўца падрыхтаваў шыкоўную праграму з класічных твораў Баха, Вагнэра, Мендэльсона, Альбіноні, Манюшкі, Акуджавы. Каментуючы кожны твор, расказваў пра гісторыю напісання. Валерый Шмат падрыхтаваў духоўныя разважанні са Святога Пісання.

luchai_fest5

Валерый Шмат

Не стала перашкодай наталіцца цудоўнай музыкай і тое, што Лучайскі арган, усталяваны у 1811 годзе страціў большую палову сваіх рэгістраў. У руках сапраўднага майстра ён гучаў цудоўна!

Авацыямі адудзячылі слухачы выдатнага музыканта, ксёндз біскуп выказаў падзяку за цудоўнае аздабленне свята.

luchai_fest4

А вось сам выканаўца падзякаваў іерарху за прысутнасць, а ксяндзу Мікалаю за запрашэнне да ўдзелу ў свяце. Арганіст, узгадваючы святога Юду Тадэвуша, прыпомніў, што заўсёды варта маліцца да заступніка ў безнадзейных справах, памятаючы «будзь воля Твая».

Наступны раз Лучай чакае на свята «Андрэйкі» і «Мікалайкі».

Алена Клімза-Колтан, тэкст
Фота з архіва парафіі і Міхаіла Тарасёнка

luchai.by

для друку для друку