Лучай сабраў сужэнствы ў 4 раз на Дзень святасці сям’і

DSCF4505Лучайская парафія ў чацвёрты раз сабрала вернікаў на Дзень святасці сям’і. Асаблівая атмасфера, пануючая заўсёды ў такі дзень, не стала выключэннем і 28 чэрвеня. Сямейныя пары, для якіх сёлетні год стаў юбілейным, сабраліся, каб аднавіць шлюбную прысягу. Сярод іншых вернікаў і сем’яў прыбылі і нарачоныя, якія рыхтуюцца да сакраманту сужэнства.

Як інфармуе парафіяльны сайт, распачаўся Дзень святасці сям’і з канферэнцыі, якую праводзіў Ян Пузанаў з Віцебска – прадстаўнік дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы», які выступае ў абарону жыцця і сям’і. Галоўнай думкай выступлення было: «Ад сям’і залежыць наша будучыня».

Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту прагучала малітва святога Яна Паўла ІІ за сем’і. Разважанні, якія чытала сямейная пара, таксама часткова складалася з выказваняў святога Пантыфіка «Сям’я – гэта шлях Касцёла. Гэта першы, найважнейшы, агульны, асаблівы, адзіны і непаўторны шлях, як і сам чалавек».

Святая Імша ў інтэнцыі сужэнстваў стала кульмінацыйным момантам свята. Пробашч парафіі кс. Мікалай Ліпскі ў сваёй гаміліі пракаментаваў Евангелле, а таксама звярнуўся да сужонкаў словамі Папы Францішка, якія адкрываюць шлях да добрага сямейнага жыцця, з’яўляюцца простымі і адначасова нялёгкімі на практыцы тры словы: «дазволь, дзякуй, прабач». Святар падрабязна растлумачыў сэнс і важнасць гэтых простых словаў у сямейным жыцці і пажадаў прысутным, каб тры каштоўныя выразы занялі належнае месца ў сэрцах людзей, іх дамах і ў адносінах з іншымі людзьмі. Гамілія стала добрай падрыхтоўкай да аднаўлення шлюбнай прысягі. Сёлета прысутнічалі тры сужэнствы-юбіляры, якія зноў падалі адзін аднаму правыя рукі і прамовілі ўзаемна словы, сказанныя калісьці ўпершыню.

Пасля ўрачыстай святой Імшы прысутных чакаў канцэрт. Шчырае выкананне цудоўным артыстам Алегам Сямёнавым песен беларускіх аўтараў расчуліла многіх да слёз. Пад гітарны акампанемент спявак выканаў песні на словы Сяргея Ясеніна, Навума Гальпяровіча, Адама Русака. Наступны выканаўца Зміцер Бартосік – дарэчы, шматдзетны тата, прыбыў на свята са сваёй сям’ёй. У выкананні барда прагучалі песні на словы Рыгора Барадуліна, Булата Акуджавы, Генадзя Бураўкіна. Запамінальным момантам стала сумеснае выкананне песні з дачушкай Юстынкай.

DSCF4597

Напрыканцы свята ксёндз пробашч падзякаваў прысутным артыстам і слухачам за ўдзел у Дні святасці сям’і і па традыцыі запрасіў на наступнае: 25 і 26 ліпеня – фэст святой Ганны і 250-годдзе з дня народзін М.К. Агінскага.

для друку для друку