16 кастрычніка ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне прайшла пастырская сустрэча біскупа Алега Буткевіча са святарамі і кансэкраванымі асобамі Віцебскай дыяцэзіі. Гэта заўсёды магчымасць сустрэцца разам, перажыць Эўхарыстыю і спаткаць Хрыста, якому ўдзячны за дар паклікання.
А 11 гадзіне распачалася сустрэча з Езусам Эўхарыстычным у выстаўленым Найсвяцейшым Сакраманце. Перажываючы месяц кастрычнік, прысвечаны ружанцовай малітве, манахіні адправілі гэта набажэнства.
“Сёння асаблівым чынам узгадваем св. Яна Паўла ІІ, бо ў гэты дзень перажываем 40-ю гадавіну яго абрання на Апостальскую Сталіцу. Няхай яго заступніцтва нам сёння спадарожнічае”, — адзначыў на пачатку св. Імшы біскуп Алег.
Казанне для прысутных прамовіў кс. Вячаслаў Адамовіч з Дзісны. Святар паразважаў над урыўкам з Евангелля (Лк 11, 37-41), калі Езус прыйшоў да фарысея на абед і не абмыў рук. Абурэнне фарысея вызвала не гігіена ці маці не навучыла, а закон, які ён ведаў з маленства і паводле якога жыў. За пэўны час у яго стварылася фарысейская ментальнасць – гэта абмежаванне чалавека, немагчымасць адкрыцца на нешта новае. Выхад за гэтыя рамкі быў праблематычны. Таксама ёсць і ў жыцці святара. Святарскі спосаб мышлення часам абмяжоўвае і не дае развівацца.
Кс. Вячаслаў узгадаў свой час вучобы ў семінарыі на 6 курсе. Выкладчык тэарытычнай часткі “Спавядніцтва” кс. Брыль сказаў на першым занятку: “Для вас, дыяканаў, 6 курс і першы год святарства – вельмі важны перыяд. Вы павінны зрабіць пераход ад ментальнасці студэнта да ментальнасці пастыра. Не ментальнасці святара, але пастыра, які дзейнічае для збаўлення душы.»
Кс. Адамовіч таксама адзначыў, што “мы любім сябе ў святарстве, а павінны любіць святарства ў сабе”, што і пажадаў на заканчэнне прамовы.
Пасля св. Імшы канферэнцыю прамовіў духоўны айцец дыяцэзіі а. Станіслаў Памыкала. Ён распачаў цыкл размоў, якія будуць адбывацца на кожным спатканні. Тэма гэтых канферэнцый – уводзіны, або ўтаемнічэнне ў святарства.
Затым канцлер кс. Віктар Місевіч і іншыя святары прадставілі аб’явы на запланаваныя мерапрыемствы на бліжэйшы час.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
