Ліст на семінарыйную нядзелю

Шаноўныя браты і сёстры!

Апошняя нядзеля літургічнага года – нядзеля Хрыста Валадара Сусвету. Традыцыйна яна называецца семінарыйнай, таму што менавіта ў гэту ўрачыстасць семінарысты раз’язджаюцца па парафіях, каб быць побач з вернікамі, каб разам маліцца, каб сведчыць, каб дзякаваць Богу і людзям. Але сённяшняя нядзеля выглядае інакш. З прычыны пандэміі ў парафіях няма семінарыстаў. Але ёсць наша малітва і ўдзячнасць, ёсць наша духоўная прысутнасць сярод вас. Таму, карыстаючыся нагодай сённяшняй урачыстасці, я ад імя ўсёй нашай супольнасці хацеў бы разам з вамі паразважаць пра Валадарства Хрыстовае, а таксама выказаць словы шчырай падзякі.

“Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства” (Лк 12,32). У Евангеллі Езус абвяшчае нам надыход Валадарства Божага і заклікае нас працаваць і прыкладаць намаганні дзеля набліжэння гэтай рэчаіснасці. Пачынаючы наша разважанне пра Валадарства Божае, надыход якога апісвае сённяшняе Евангелле, варта заўважыць, што Езус з упэўненасцю гаворыць пра здзяйсненне гэтага факта. Ён ведае, што гэта абавязкова адбудзецца. Як бы ні супраціўляліся гэтаму факту моцы сусвету, моцы цемры і зла, моцы хлусні і нянавісці, моцы гвалту і насілля, моцы д’ябла, гэта абавязкова адбудзецца, Валадарства Хрыстовае абавязкова запануе, валадарства праўды і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства справядлівасці, любові і спакою. І мы як хрысціяне павінны заўсёды пра гэта памятаць. У нашым штодзённым змаганні за надыход Хрыстовага Валадарства гэта павінна дадаваць нам упэўненасць ў тым, што перамога дабра і справядлівасці абавязкова адбудзецца, што гэта ўсё недарэмна. Асабліва важна пра гэта памятаць, калі мы адчуваем знясіленне, калі хваля зла накрывае нас з галавою, калі здаецца, што мы нічога не можам зрабіць, што не хопіць сіл супрацьстаяць злому.  Падобны стан перажывалі апосталы пасля крыжовай смерці Хрыста. Аднак заўсёды пасля цемры Вялікай пятніцы надыходзіць раніца Вялікадня. Бог заўсёды стрымлівае свае абяцанні. І сёння запрашае нас паверыць яму ў чарговы раз і далучыцца да будавання і набліжэння Валадарства Божага.

Разважаючы пра надыход Божага Валадарства і пра нашу асабістую ролю і ўклад у яго набліжэнне, немагчыма не паставіць пытанне: а чым з’яўляецца Божае Валадарства, з  чаго яно складаецца? “Не прыйдзе Валадарства Божае заўважальна, і не скажуць: “Вось тут”, або: “Там”. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас” (Лк 17. 20-21). Менавіта так, Валадарства Божае – гэта не якая-небудзь структура. “Бо Валадарства Божае – гэта не ежа і піццё” (Рым 14.17). Валадарства Божае значна больш глыбокая і фундаментальная рэчаіснасць. Рэчаіснасць, якая нараджаецца не паміж людзьмі, а ў глыбіні людскога сэрца. Валадарства Божае нараджаецца тады, калі мы пранікаемся тымі каштоўнасцямі, якія яно абвяшчае. Калі гэтыя каштоўнасці (праўда, жыццё, святасць, ласка, справядлівасць, любоў, спакой, радасць і г.д.) становяцца нашымі асабістымі прыярытэтамі. Інакш немагчыма. Нельга будаваць справядлівае грамадства, калі мы не любім справядлівасць, альбо любім, але толькі не ў адносінах да сябе. Не будзе любові ў свеце, калі мы не будзем любіць людзей і г.д. І гэтага нельга рабіць пад прымусам, пад пэўнай  умовай або дзеля чагосьці. Гэта заўсёды будзе бачна, гэта будзе выглядаць ненатуральна да тае пары, пакуль мы не адчуем, што гэтыя каштоўнасці сталі каштоўнасцямі нашага жыцця. Менавіта ў гэты момант мы ператворымся ў тую шляхетную закваску, якая будзе пранізваць усё навакол ідэямі Евангелля. Але да гэтага пераканання мы даходзім паступова, узрастаючы ў нашай свядомасці з дня ў дзень. Гэта доўгі шлях. Шлях пошукаў, спаткання, адкрыцця новых абшараў жыцця, духоўных перажыванняў і радасцей, няпэўнасці напачатку і моцнага пераканання ў правільнасці жыццёвых прыярытэтаў і каштоўнасцей. На гэтым шляху мы не раз пачуем стомленасць і будзем патрабаваць падсілкавання. Гэтае падсілкаванне, а адначасова і адказ на шматлікія пытанні мы знойдзем у Сакрамэнтах і Святым Пісанні, у хвілінах ціхай малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

І у гэтым месцы нашых разважанняў я хачу скіраваць увагу ў бок тых людзей, які ахвяравалі сваё жыццё, каб прыходзіць да нас з Божай паслугай і Сакрамэнтамі, а дакладней тых, якія рыхтуюцца да гэтай паслугі. І распавесці некалькі слоў пра нашу Вышэйшую духоўную семінарыю. На сённяшні дзень лічба семінарыстаў, які рыхтуюцца да святарства ў Гродне, складае 25 чалавек з усіх дыяцэзій Беларусі. Семінарысты адбываюць сямігадовую фармацыю. Год падрыхтоўкі, два гады філасофскіх навукаў і чатыры гады тэалогіі. Семінарыйная фармацыя складаецца не толькі з інтэлектуальнай падрыхтоўкі, але таксама з фармацыі людской і духоўнай. Акрамя выкладаў, семінарысты перажываюць розныя духоўныя практыкаванні, а таксама займаюцца харытатыўнай дзейнасцю.

У сённяшнюю ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету я ад імя ўсёй нашай супольнасці прагну вам шчыра падзякаваць. У першую чаргу, за вашы духоўныя ахвяраванні. За вашы штодзённыя малітвы, ружанцы, каронкі, за вашы адрачэнні і пост у нашых інтэнцыях. Наш Касцёл перастане існаваць у той момант, калі вернікі перастануць маліцца аб святарах і  за святароў.

Хачу таксама падзякаваць вам за вашу нязломную веру, якую вы збераглі і перадалі сваім нашчадкам. Маладыя хлопцы, якія ўступаюць на шлях падрыхтоўкі да святарства,  гэта плён вашай веры, гэта вашы духоўныя сыны. Яны пераймаюць ад вас гэты духоўны скарб, как дзяліцца ім і перадаць далей. У сённяшнім свеце гэта далёка не простае заданне, таму мы далей патрабуем вашай духоўнай падтрымкі.

Якімі б узнёслымі ні былі духоўныя памкненні чалавека, аднак іх рэалізацыя адбываецца ў матэрыяльным свеце. Чалавек – гэта не толькі дух, але і цела. Духоўная фармацыя патрабуе таксама матэрыяльнай падтрымкі. І, дарагія браты і сёстры, мы гэтую падтрымку ад вас адчуваем кожны дзень. Кожны дзень мы маем што з’есці, маем месца для адпачынку і сну, а таксама ўмовы да духоўнага ўзрастання. За гэта вам таксама вялікі дзякуй! Няхай добры Бог, які бачыць усю глыбіню вашых ахвяраванняў, шчыра вам аддзячыць! Мы не маем ніякіх крыніцаў даходу, таму спадзяёмся на Бога і Вашы чулыя сэрцы.

І напрыканцы гэтых слоў падзякі хацеў бы звярнуць увагу на яшчэ адну важную патрэбу нашай семінарыйнай сям’і. Яна пастаянна чакае і патрабуе тых, хто пачуў у сваім сэрцы Божы голас, голас паклікання. Таму маліцеся аб адвазе для тых, каго кліча Госпад, каб не баяліся ўступіць на гэты нялёгкі, але прыгожы шлях..

Дзякуй, што вы ёсць! Штодня мы памятаем пра вас у нашых малітвах.

Няхай Добры Бог ахоўвае і благаслаўляе вас і вашых блізкіх!

Кс. Віталь Вайцяхоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне

для друку для друку