- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на нядзелю Caritas

[1]Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

ЛІСТ НА ТРЭЦЮЮ НЯДЗЕЛЮ ВЯЛІКАГА ПОСТУ 2019 г.
(нядзелю Caritas)

«Калі вы хочаце быць надзеяй будучыні, вы павінны пераняць светач з рук вашых дзядуляў і бабуль».
(Папа Францішак. З прамовы падчас сустрэчы з валанцёрамі ў Таўрон арэне. Кракаў, 31 ліпеня 2016 г.)

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Чалавек, чыё сэрца адкрытае для бліжняга, ужо тут на зямлі жыве рэчаіснасцю Божага Валадарства. Мы шмат можам зрабіць для гэтага, калі ў сваім жыцці будзем пакідаць больш месца для дабра і міласэрнасці.

Наш свет павінен стаць больш утульным і прыгожым перадусім на ўзроўні міжчалавечых адносін дзякуючы трываламу клопату пра людзей найбольш патрабуючых.

Гучыць вельмі прыгожа і ў пэўным значэнні ідэалістычна. Часам мы, нават веруючыя людзі, пытаемся: чаму ў свеце так шмат бедаў, агрэсіі, эгаізму? Дзе ж ёсць Бог? Святое Пісанне, традыцыя, літургія няспынна нагадвае нам аб тым, што Бог ёсць сярод нас: «І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Больш за тое, Ён прагне быць у нашых сэрцах і дзейнічаць праз нас.

Таму пытанне «чаму ў свеце столькі зла?» адносіцца перадусім да нас: наколькі мы адкрытыя для супрацоўніцтва з Ім і ці шукаем так, як Хрыстус, волі нашага нябеснага Айца? А Яго воляй, нагадаем, ёсць збаўленне кожнага чалавека і нават тых найбяднейшых, пра якіх казаў Езус: «Убогіх заўсёды маеце пры сабе» (Мц 26, 11).

Разважаючы над словамі Хрыста і яго вучэннем, варта яшчэ раз паразважаць над пакліканнем да служэння Божаму Сыну ў бедным чалавеку.

Сёння мы часта сустракаемся са словам валанцёр — добраахвотнік. Гэта той чалавек, які ахвяруе свой час і працу на дапамагу патрабуючым: хворым, самотным, адкінутым, бяздомным. (Штопраўда, слова добраахвотнік, або дабраволец, часам ужываецца як вайсковы тэрмін, але мы цяпер кажам пра яго «мірнае» значэнне). Калі ж валанцёр здзяйсняе сваё служэнне ў духу Божай любові як пакліканне, то вельмі часта сведчыць такім служэннем пра прысутнасць самога Хрыста.

Валанцёрская, або добраахвотніцкая дзейнасць заўсёды шукае сродкаў і магчымасцяў больш эфектыўнага служэння тым, да каго яна скіраваная. Неад’емную дапамогу ў гэтым можа і павінен аказаць досвед тых, хто ўжо прайшоў гэтым шляхам. Таму вельмі каштоўнымі з’яўляюцца парады і вопыт людзей старэйшых, якія прысвяцілі дабрачыннасці не адзін год свайго жыцця.

Зразумела, што валанцёрская дзейнасць распаўсюджана пераважна сярод маладых людзей, поўных энтузіязму і жадання дзяліцца цеплынёй свайго сэрца з тымі, хто ў гэтай цеплыні мае патрэбу.

Заахвочваючы да гэтага, папа Францішак дае моладзі, між іншым, такую параду: «Калі вы хочаце быць надзеяй будучыні, вы павінны пераняць светач з рук вашых дзядуляў і бабуль», бо іх жыццё — гэта невычэрпны скарб вопыту любові ў служэнні іншаму чалавеку.

Вопыт старэйшага пакалення — гэта не проста збор спраў і ўчынкаў міласэрнасці, добра выкананых абавязкаў, праяваў альтруізму і філантропіі. Перш за ўсё гэта сведчанне веры. Дарагая моладзь, знаходзьце час каб проста пабыць са старэйшымі, паразмаўляць з імі: гэта заўсёды ідзе на ўзаемную карысць. Вопыт старэйшых, хоць і не пазбаўлены памылак, можа, тым не менш, стаць добрым падмуркам і зыходным пунктам у пабудове ўласнага жыцця і служэння. Зноў жа, у сваім вучэнні папа Францішак называе старэйшых людзей «мудрасцю нацыі».

Дарагія бацькі, бабулі і дзядулі, не шкадуйце часу, каб цярпліва дзяліцца з дзецьмі і ўнукамі досведам сваёй веры і служэння іншым у духу любові.

Энтузіязм моладзі, умацаваны сведчаннем старэйшага пакалення, стварае падмурак для добрай традыцыі дабрачыннасці ў духу хрысціянскага паклікання да любові.

«Таму будзьце разважлівыя і цвярозыя, каб маглі маліцца. Перш за ўсё, майце шчырую любоў адзін да аднаго, таму што любоў закрывае мноства грахоў. Будзьце гасцінныя адзін да аднаго без нараканняў. Як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай, служыце адзін аднаму тым дарам, які кожны з вас атрымаў» (1 П 4, 7–10).

Сёння мы дзякуем Богу за моладзь, якая дорыць свой час і цеплыню сэрцаў патрабуючым праз дабрачынныя акцыі, арганізаваныя ў Каталіцкім Касцёле, перадусім праз дзейнасць Caritas, а таксама і іншыя формы сведчання міласэрнасці.

Дзякуем Богу за прыклад любові і ахвярнасці ў служэнні нашых бацькоў, бабуляў і дзядуляў.

Вялікі дзякуй вам, дарагія браты і сёстры, за кожную праяву дабрыні і міласэрнасці ў адносінах да бліжніх. За ахвяраваны для самотных і хворых людзей час, за вашыя ахвярныя далоні для бяздомных і інвалідаў, за вашыя ўсмешкі і адкрытыя сэрцы для дзяцей-сірот, за вашую малітву ў інтэнцыях дабрачыннай дзейнасці Касцёла.

Няхай словы Маці Тэрэзы з Калькуты стануць чарговым заахвочваннем да ўмацавання нашых намераў рабіць дабро разам:
«Вы можаце зрабіць тое, чаго не магу зрабіць я. Я магу зрабіць тое, чаго не можаце зрабіць вы. Разам мы можам здзяйсняць вялікія справы».

На плённае перажыванне Вялікага посту і аднаўленне хрысціянскага жыцця сардэчна благаслаўляем у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Мінск, 24 сакавіка 2019 г.

Catholic.by [2]