Ліст да семінарыста

Аднойчы я была сведкай размовы дзвюх знаёмых мне жанчын. Адна з іх казала пра хлопца, які збіраўся стаць святаром: “Шкада мне яго! І маці яго асабліва. Ні сына не будзе, ні ўнукаў”. І я задумалася тады – спачатку пра сына, пра маці крыху пазней. На маім шляху сустракаліся розныя святары – маладыя, сярэдняга ўзросту і зусім старэнькія, актыўныя і спакойныя, абаяльныя і не зусім, цікавыя суразмоўцы і замкнёныя на сабе, вельмі разумныя, вясёлыя і проста добрыя (іх я люблю больш за ўсіх). І выклікалі яны розныя пачуцці: павагі і ўдзячнасці (заўсёды), захаплення, разумення або неразумення, некаторыя здзіўлялі, цікавілі, заахвочвалі ісці наперад, ламалі стэрэатыпы або ўражвалі сваёй кансерватыўнасцю, але жалю не выклікалі ніколі.

Напісаць гэты артыкул мяне “папрасілі” некалькі выпадкаў, якія адбыліся зусім нядаўна адзін за адным (іх я вырашыла не прыводзіць, аднак адбіткі гэтых выпадкаў добра бачныя ў тэксце). І некалькі дэталяў уразілі мяне настолькі, што я проста не магла гэтага не напісаць.

Калісьці, гады тры таму назад, я брала на сябе дадатковы абавязак і амаль цэлы год штодзённа малілася пра пакліканні. Малілася я добра, таму веру, што Пан Бог выслухаў маю малітву і прыцягнуў хаця б адну “палымяную, высакародную душу” маладога чалавека, які зараз, па маіх падліках, знаходзіцца на малодшых курсах семінарыі. Вось яму, таму семінарысту, якога я вымаліла сабе на старасць, будучаму будаўніку Містычнага Цела Хрыстова, які хутка стане “соллю зямлі і святлом свету” (Папа Павел VI, які склаў малітву аб пакліканнях, быў яшчэ і паэтам, напэўна) адрасую гэты ліст.

Пан Бог добра ведае свайго просьбіта, таму не мог паслаць мне рашучага семінарыста, які вірлівым патокам накіроўваецца да акіяна, а паслаў, хутчэй, ручаінку, крынічку, што не ведае, якім шляхам несці свае воды, і сумняваецца, ці патрэбныя ўвогуле яе рэсурсы акіяну. Інакш кажучы, мой семінарыст дакладна зараз думае, што ён не справіцца, што ў іншых атрымаецца лепш, хто заўгодна, толькі не ён, і г.д. А я адчуваю сваю адказнасць за гэтае пакліканне (у 2014 годзе неяк асабліва шчыра малілася) і мáю асабістую зацікаўленасць у гэтым канкрэтным семінарысце, таму вырашыла напісаць гэты ліст, каб звярнуцца да яго па-сяброўску. Тэкст, магчыма, атрымаўся занадта “свецкім” і вельмі “жаночым”, але, я думаю, абодва гэтыя недахопы мне можна прабачыць.

Прывітанне, дарагі сябра!

Вырашыла напісаць табе, бо адчуваю, што ты знаходзішся цяпер у складанай сітуацыі. Ты не ведаеш мяне, я не ведаю цябе, але нічога не перашкаджае нам пазнаёміцца проста зараз.

Спачатку хачу падзякаваць табе, што адказаў на Божае пакліканне і зрабіў крок насустрач Яму. Я не ведаю, атрымаецца ў цябе ісці гэтым цяжкім шляхам ці не, але ўжо само такое рашэнне выклікае павагу.

Мяне заўсёды ўражвалі людзі, якія маглі браць на сябе адказнасць за свой выбар і рабіць гэты выбар у раннім узросце – адзін раз і на ўсё жыццё. І шматлікія ваганні, звязаныя з такім выбарам, толькі пацвярджаюць адказнасць чалавека і сур’ёзнасць яго намераў.

Духоўныя айцы з семінарыі, напэўна, дадуць табе карысныя парады, скажуць шчырыя і правільныя словы, я ж, магчыма, скажу няправільныя, але таксама шчырыя і ад усяго сэрца, і на тваім месцы паслухала б і іх.

Табе зараз гадоў дваццаць (дакладная лічба не мае значэння, мой адрасат – малады чалавек, без жыццёвага вопыту, але з вострымі пачуццямі і выразным жаданнем змяніць свет), праз некаторы час трэба будзе вызначыцца канчаткова і зрабіць той самы выбар – адзін раз і на ўсё жыццё. І нават калі выбар твой будзе на карысць святарства, то праз пяць, дзесяць, пятнаццаць гадоў ты сам зменішся і будзеш ужо не тым чалавекам, які калісьці сказаў Пану Богу: “Так! Я з табой!” Тое, што цяпер не з’яўляецца самым важным, можа стаць неабходным. Пачуцці прытупяцца, жаданне змяніць свет падасца дзіцячым і нездзяйсняльным, і нават любоў да Хрыста, якая зараз здаецца табе абсалютнай, будзе выклікаць сумненні.

Я б не баялася гэтага. І думаю, што будзе, хутчэй, так, чым па-іншаму. Я, дарэчы, таксама чалавек, які ў тваім узросце зрабіў выбар на ўсё жыццё. І мне ісці сваім шляхам дапамагае вобраз лесвіцы Марціна Лютэра Кінга: каб зрабіць першы крок, не трэба бачыць лесвіцу цалкам, дастаткова верыць і бачыць першую прыступку. Для мяне нечакана, незразумела і цяжка аказалася ўжо на другой прыступцы, аднак сумненняў у выбары лесвіцы і ў яе канчатковай мэце пакуль не было. Але зараз мы размаўляем пра цябе, а не пра мяне.

Мае знаёмыя (католікі, некатолікі і атэісты) часта спрабуюць даказаць мне, што нашы святары самі не жывуць так, як патрабуюць ад нас, або ўвогуле сцвярджаюць немагчымасць правільнага жыцця святара з усімі яго забаронамі і абетамі. Я, вядома, адказваю, што патрабуе ад мяне Пан Бог, а не канкрэтны святар, і дадаю звычайна: “Вашыя думкі наконт магчымасці або немагчымасці жыцця ў чысціні ідуць з таго, што вы добра ведаеце сябе і свае магчымасці і не ведаеце магчымасцяў чалавека ў супрацоўніцтве з Панам Богам”. Аднак я доўга не спрачаюся. Гэта для цябе я так стараюся, падбіраю словы, думаю і перапісваю нанова, з маімі знаёмымі хутка пераходзім на размову пра надвор’е і адключэнне гарачай вады.

Але ёсць пытанні наконт цябе, якія сапраўды хвалююць мяне.

Твае равеснікі зараз вучацца на менеджараў, эканамістаў, бізнес-аналітыкаў, інжынераў і праграмістаў, а ты пайшоў на пастыра, адмовіш сабе ў шматлікіх радасцях жыцця, будзеш хадзіць у сутане, у пышным уборы калі-нікалі, пакланяцца белай пласцінцы хлеба і заклікаць, каб астатнія сучасныя людзі з цвярозым розумам таксама ёй пакланяліся (гэта не мае словы, так звычайна выказваюцца мае знаёмыя, і твае, я думаю). Ці не будзе табе крыўдна слухаць падобнае на свой адрас? І што будзе, калі раптам сам пачнеш так думаць?

Што будзе, калі праз некаторы час ты зразумееш, што памыліўся, што быць святаром – гэта не твой шлях, не тваё пакліканне? Што будзе, калі замест паважлівага “айцец” нечакана захочацца пачуць звычайнае чалавечае “тата”? І што будзе, калі гэта здарыцца занадта позна?

Ці будзеш памятаць першую споведзь, прынятую табой? Што будзе, калі спачатку менавіта спавядаць людзей будзе для цябе самым цяжкім і чужыя грахі будуць непакоіць цябе, а думкі пра іх не дадуць спакойна засынаць і прачынацца? І што будзе, калі гэта раптам увогуле перастане кранаць цябе? Якое яно, выгаранне святароў?

Ці не будзеш ты адзінокім?

Калі станеш святаром, прыйдзеш у сваю першую парафію поўны сіл і энергіі, станеш рыхтаваць цікавыя казанні, да цябе прыхінецца моладзь, а жанчыны сярэдняга ўзросту будуць бачыць у табе сына і старацца дапамагчы, параіць, паспрыяць. Але прыйдзе час, казанні твае стануць доўгімі і занадта правільнымі, з моладдзю будзе працаваць другі святар, а жанчыны сярэдняга ўзросту будуць бачыць у табе бацьку і, па магчымасці, хадзіць на Імшу да таго, хто поўны сіл і энергіі, рыхтуе цікавыя казанні і так нагадвае ім сына. Гэта будзе цяжка табе? Ці не будзеш ты тады яшчэ больш адзінокім? Хто дапаможа табе ў старасці?

І дзе межы тваёй упэўненасці ў сабе і твайго даверу да Пана Бога, калі будзеш рабіць свой самы важны выбар?

Я не буду нават спрабаваць адказваць на ўсе гэтыя пытанні (мы не будзем абмяркоўваць тваю лесвіцу, бо не ведаем, якой яна будзе, якія менавіта прыступкі запланаваў табе Пан Бог). Мы падумаем зараз, дзеля чаго варта яе пераадольваць і дзеля чаго яна такая, якая ёсць, такая патрабавальная лесвіца святара. Дзеля чаго Пан Бог пасяляе ў тваім сэрцы такое шчырае жаданне служыць Яму і людзям і не забірае іншыя натуральныя чалавечыя жаданні? Дзеля чаго Ён дае табе такія вялікія паўнамоцтвы – дзейнічаць ад імя і моцаю Хрыста – і не робіць цябе адразу дасканалым і святым?

У той перыяд, калі я шукала Бога і не ведала дакладна, якім шляхам ісці, дапамаглі мне знайсці Яго канкрэтныя святары, манахі, якія склалі Пану Богу абеты беднасці, цэлібату і паслухмянасці. І я б не паверыла тады, каб яны, тыя святары, аддавалі свайму Богу сябе часткова, з 8.00 да 17.00 па буднях з перапынкам на абед. Я б не паверыла тады, каб яны адмаўляліся дзеля Пана толькі ад ранішняй кавы і вячэрняй прабежкі. Яны адмовіліся ад усяго: ад кар’еры, ад права самім выбіраць, дзе жыць і як жыць, ад таго самага “тата” замест “айцец”, ад спадарожніцы па жыцці і ад апоры з боку роднага чалавека ў старасці. Яны даверылі Пану Богу сваю недасканаласць, свае магчымыя хваробы, старасць сваіх бацькоў і сваю будучую старасць і пайшлі за Ім, куды Ён паклікаў. І вось гэта было тым элементам мазаікі, якога не хапала для паўнаты малюнка. Гэтае іх адмаўленне ад усяго зрабіла тады больш, чым самыя лепшыя казанні і самыя трапныя словы. Я бачыла, як звычайныя людзі, з плоці і крыві, са сваімі інтарэсамі, з багатым унутраным светам, вельмі разумныя, дарэчы, людзі аддаюць свайму Богу ўсё, што здавалася для мяне самым важным. Значыць, Ён сапраўды варты гэтага, падумала я тады. Ён не памёр дзесьці ў 1960-х, калі бралі шлюб мае бабуля і дзядуля, Ён жывы і моцны, і за Ім па-ранейшаму ідуць людзі.

Ведаю, у тваім узросце не любяць чытаць доўгіх лістоў, таму апошняя гісторыя ад мяне – і будзем развітвацца. Аднойчы выпадкова я прыйшла на Імшу ў адзін вясковы касцёл (не чужы для мяне, я даволі часта бывала там у дзяцінстве). Быў летні суботні вечар, апроч мяне ў касцёле знаходзілася сем чалавек, усе жанчыны старэйшага ўзросту і адна дзяўчына (адзін прадстаўнік моладзі ўсё ж такі быў). Я думаю, у гэтай вёсачцы Імша для такой колькасці вернікаў – звычайная справа, хоць у нядзелю, кажуць, людзей тут значна больш. Але не гэта галоўнае. Па-першае, я доўга не магла схаваць сваю радасць, што знаходжуся зараз у гэтым месцы, што тут па-ранейшаму дзейнічае касцёл і я, калі захачу, магу прыехаць у любы будні дзень а 19.00, і тут будзе Імша. Па-другое, мяне ўразіла, як ксёндз уважліва і акуратна адпраўляў Імшу. Я не пра тое, што астатнія святары неяк па-іншаму гэта робяць, я толькі пра тое, што гэты вясковы святар у гэтым маленькім касцёле для васьмі вернікаў цэлебраваў Святую Імшу як адну-адзіную, самую важную, самую прыгожую і дасканалую частку служэння. Імша, дарэчы, была з казаннем. І, думаю, нават калі б я адна прысутнічала там, святар гэтак жа выразна і дэталёва распавядаў бы пра святога Бонавэнтуру так, што чалавеку, які сам шмат ведае і чытае пра святых, было б цікава і пазнавальна.

Дык вось, мой сябра-семінарыст, які вагаецца, сумняваецца і баіцца зрабіць важны выбар! Не бойся! Я думаю, што ў цябе ўсё атрымаецца, і атрымаецца менавіта ў цябе, а не ў таго, на каго ты зараз хочаш перавесці стрэлкі. У мяне не такі вялікі жыццёвы вопыт, але ён ёсць. І вопыт гэты падказвае, што калі Пан Бог чагосьці просіць ад чалавека, Яму не трэба адмаўляць. Яму трэба верыць і давяраць.

P.S. У лісце я звяртаюся да маладога чалавека, які сумняваецца ў сваім выбары, аднак увесь артыкул і самыя лепшыя моўныя звароты (а яны тут ёсць, спадзяюся) прысвячаю тым Святарам, якія зрабілі свой адказны выбар у раннім узросце і не здрадзілі яму нягледзячы ні на што, тым Пастырам, быць авечкай каторых не толькі някрыўдна, але і прыемна.

Аксана Нядвецкая

для друку для друку