Ліквідатары з Беларусі: сустрэча з Пантыфікам – свята жыцця

RV14683_Articolo20 красавіка на аўдыенцыі з папам Францішкам будуць прысутнічаць ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі з Беларусі і Украіны. У Ватыкан, як чакаецца, прыедуць каля 50 асоб, а з імі і іерархі, у тым ліку арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Сустрэча Пантыфіка з ліквідатарамі будзе прымеркавана да 30-годдзя з дня аварыі на ЧАЭС і пройдзе па ініцыятыве Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра. Там адзначылі, што спатканне запланавалі менавіта з папам Францішкам, паколькі Цэнтр кіруецца ў сваёй працы хрысціянскай мараллю, якая заклікае да захавання Божага стварэння. Чакаецца, што падчас агульнай аўдыенцыі, у рамках якой адбудзецца кароткая сустрэча, Пантыфік падкрэсліць сваю пазіцыю адносна атамнай энергетыкі і выкажа сваю падзяку тым, хто “голымі рукамі” закрываў чарнобыльскі рэактар, ратуючы Еўропу і ўвесь свет ад яшчэ большай трагедыі.

У паездку запрасілі тых ліквідатараў, якія на працягу апошніх гадоў удзельнічалі ў чарнобыльскіх праграмах Дортмундскага цэнтру і цяпер бяруць удзел у Чарнобыльскіх тыднях, што ладзяцца ў Еўропе. Адны з тых, хто сустрэнецца з Францішкам – Адам і Клаўдзія Варанец з вёскі Вуць Добрушскага раёна Гомельская вобласці. Аб сваёй жыццёвай гісторыі і чаканнях ад аўдыенцыі з Папам сужэнцы-ліквідатары распавялі Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

На момант чарнобыльскай аварыі маладая сям’я настаўнікаў жыла ў Брагінскім раёне, у вёсцы Астрагляды, што ў 20 кіламетрах ад атамнай станцыі. Адам і Клаўдзія працавалі ў мясцовай школе, гадавалі дваіх маленькіх дзяцей. Калі адбыўся выбух, жыхарам вёскі ніхто не казаў аб яго наступствах, па тэлебачанні яны пачулі ўсяго пару слоў ад здарэнні, але мясцовы настаўнік фізікі тады патлумачыў, што такое радыяцыя, і сказаў, што бацькі павінны вывезці дзяцей, бо знаходзіцца ў вёсцы цяпер небяспечна. А ўжо потым такі загад паступіў ад уладаў.

“Падчас аварыі мы займаліся эвакуацыяй дзяцей з нашай і суседніх вёсак, адвозілі дзяцей у піянерскі лагер ля Гомеля. Таксама нас прымушалі мыць дахі, адносіць зямлю ад будынкаў – займацца дэзактывацыяй, таму мы з’яўляемся ліквідатарамі. Нас перасялілі ў Добрушскі раён, дзе, як потым высветлілася, таксама радыяцыя. Усё гэта адбілася на здароўі – да чарнобыльскай аварыі ў мяне нават не было амбулаторнай карткі. А праз пяць гадоў пасля выбуху пачаліся праблемы: павялічылася шчытавідка, пачаў хварэць страўнік, здарыўся мікраінсульт, а самае страшнае – дачка захварэла на анкалогію. Яна перанесла ўжо дзве аперацыі, хіміятэрапію. Вельмі цяжка ад таго, што не ведаеш, што далей будзе”, — падзялілася Клаўдзія Варанец.

З 1995 года і па цяперашні час сужэнцы-ліквідатары займаюцца грамадскай дзейнасцю – аздараўленнем дзяцей за мяжой. Школьнікі з Добрушскага раёна выязджаюць на аздараўленне ў Італію, Германію, Францыю, Швейцарыю, іншыя краіны. За гэтыя дваццаць гадоў дзякуючы дзейнасці сям’і Варанец за мяжой аздаравіліся ўжо больш за тысячу дзяцей.

Цікава, што абодва сужэнцы з’яўляюцца католікамі, хоць нарадзіліся ў розных месцах: Клаўдзія – на Гарадзеншчыне, а Адам – на Гомельшчыне. Іх дзяцінства прайшло ў савецкі час, калі наведваць храм было забаронена, і бацькі выхоўвалі дзяцей без рэлігіі. Але калі адбылася перабудова, з’явілася свабода рэлігіі, сужэнцы Варанец павярнуліся да Касцёла. Бліжэйшая святыня да іх знаходзіцца ў Гомелі, і калі яе пачыналі будаваць у 1990-я гады, яны некалькі разоў ездзілі ў абласны цэнтр, каб дапамагаць на будоўлі.

“Сустрэча з папам Францішкам – гэта вельмі вялікая падзея і дапамога, бо чарнобыльскую праблему ў апошнія гады імкнуцца забыць, гавораць, што Чарнобыля няма, што ў нас усё нармальна, а на самой справе наступствы ёсць, і людзі захворваюць на рак вельмі часта. Мы бачым, колькі нашых знаёмых ужо памерлі ад гэтай хваробы. Наша запрашэнне ў Ватыкан сведчыць аб тым, што ў свеце памятаюць пра нас, і яшчэ раз заявіць аб праблемах Чарнобыля будзе вельмі карысна. Асабіста для мяне гэта таксама вельмі важная падзея, бо кожны католік лічыць сустрэчу з Папам Рымскім святам усяго жыцця. Я нават не марыў аб гэтым”, — прызнаўся Адам Варанец.

Чакаецца, што ўсяго з Беларусі прымуць удзел у аўдыенцыі восем чалавек – яны далучацца да украінскай групы ліквідатараў і адправяцца ў Ватыкан з Кіева. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч паляціць у Рым з Мінска.

Ватыканскае радыё

для друку для друку