Лічба дня — 58. Столькі гадзін будзе доўжыцца «Марафон споведзі» ў Мексіцы

Ужо ў сёмы раз у Папяльцовую сераду, якая сёлета прыпадае на 14 лютага, у катэдры Мехіка пройдзе дзень прабачэння, вядомы пад назвай «Марафон споведзі».

Яго мэтай з’яўляецца падрыхтоўка вернікаў да Вялікага посту. «Марафон» распачнецца 14 лютага і будзе працягвацца 58 гадзін без перапынку.

Рэктар катэдры ў сталіцы Мексікі кс. Рыкардо Валенцуэла запрашае да ўдзелу ўсіх святароў, якія маюць час і ахвоту, далучыцца да «Марафону споведзі», выдаткаваўшы на яго хаця б дзве гадзіны.

На думку кс. Рыкардо, споведзь на працягу дзвюх гадзін была б найбольш аптымальным варыянтам для святароў — з 8 да 10, з 10 да 12, з 12 да 14 і г.д.

«Мітрапалітальная катэдра як маці ўсіх касцёлаў архідыяцэзіі і сядзіба біскупа з’яўляецца канкрэтным пунктам адліку для служэння прабачэння, якое мы здзяйсняем разам з Пастырам», — сказаў мексіканскі святар.

Вопыт мінулагодніх акцый паказаў, што «Марафон» карыстаецца попытам у вернікаў, што сведчыць пра яго поспех.

«Марафоны споведзі» ў катэдры Мехіка сталі ўжо традыцыйнымі душпастырскімі акцыямі ў перыяд Вялікага посту і Адвэнту, служачы духоўнай падрыхтоўкай вернікаў да Вялікадня і Божага Нараджэння.

Catholic.by

для друку для друку