Летнія вакацыі перажыла шчучынская моладзь

szczuczyn_letnik02Лета – гэта час натхнення сонейкам, блакітным небам, неверагоднымі беларускімі краявідамі і канешне цудамі Бога.  Адпачынак з нашым Нябесным Айцом — вось, што выбірае шчучынская молодзь на працягу ўжо 10 гадоў.

Летнія выяздныя вакацыі перажыла  моладзь парафіі Св. Тэрэзы Авільскай горада Шчучын.  10 дзён адарванасці ад паўсядзённых клопатаў гораду і знаёмства з вясковым наваколлем, духоўнага напаўнення і актыўнага адпачынку, сур’ёзных тэм зранку і няспынных танцаў у вечары.

“Ён і я” – тэма адпачынку ў гэтым годзе.  Моладзь з дапамогай штодзённых гасцей спрабавала заўважыць і падкрэсліць кіраўніцтва Бога ў сваім жыцці. Чытанне Бібліі ўзмацняла перакананасць у магчымасці асабістай размовы з Любячым Татам. Імша, якую маглі перажываць разам з жыхарамі вёскі, замацоўвала прысутнасць Духа Святога сярод адпачываючых.

Побач з Божым напаўненнем наша моладзь аднаўляла і фізічную форму праз падрыхтаваную забаўляльную праграму і абавязковыя пункты раскладу дня (руханка, купанне на рэчцы, сытны сняданак, абед і вячэра). Абыякавых на адпачынку не знайшлося, таму ўсе мерапрыемствы ззялі творчым духам, энергіяй, таленавітасцю шчучынскіх падлеткаў.

А разгуляцца было дзе: “Вечар знаёмстваў”, “Бітва кліпаў”, “Танцавальны батл”, “Хвіліна славы”. Нават “Казакі-разбойнікі” ў чатыры раніцы.  І няхай надвор’е не заўсёды было ідэальным, але настрой, сямейная атмасфера, любоў, супакой – усё лілося праз край.

Дзякуй Богу за Яго прасутнасць у кожнай хвіліне нашага жыцця, за беларускую моладзь, энергія якой аднаўляе цябе, за айцоў піяраў, асабліва за а. Вітальда Пяцельчыца, за безадмоўных людзей (Алёну Мыслівец,  Людмілу Казлову, Дар’ю Сідараву), за таленавітыя рукі нашых кухарачак (Настассю Цыбульскую, Надзею Роўбу і Кацярыну Балобан).

Ужо зараз пачынаем чакаць наступнага году!

А ўсім чытачам жадаем знайсці свой адпачынак з асабістай прысутнасцю нашага Нябеснага Айца!

Алёна Мыслівец,тэкст
Людміла Казлова, фота

для друку для друку