Легіянеры Глыбоцкай курыі аднавілі свае абяцанні

1 красавіка 2017 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбыўся ўрачысты штогадовы сход легіянераў Марыі «Acies». Амаль 50 членаў Легіёна, актыўных і дапаможных, узносілі свае малітвы ў святыні.

Глыбоцкая курыя “Маці Божай Балеснай” была заснавана 15 верасня 2007 года і ў яе склад уваходзяць 7 прэзідыумаў. Гэта легіянеры з Глыбокага і Докшыц, Верхнядзвінска і Ахрэмаўцаў, Дунілавічаў, Дзеркаўшчыны і Сітцаў.

«Acies» – лацінскае слова; так называлася войска ў баявым стане, і гэта назва добра падыходзіць да азначэння цырымоніі, падчас якой легіянеры збіраюцца разам і аднаўляюць прысягу на вернасць Дзеве Марыі, Каралевы Легіёна, каб атрымаць ад Яе сілу і бласлаўленне на далейшую барацьбу супраць моцы зла.

На самым пачатку кс. Яўген Міхайлаў, які з’яўляецца духоўным апекуном глыбоцкіх “воінаў Марыі” запрасіў да малітвы не фармальнай і абавязковай, але дабравольнай і свядомай, каб словы прысягі вымаўлялі са свайго сэрца. Святар узгадаў, што «Acies» — гэта асабістае і калектыўнае пацвярджэнне адзінству вернасці Легіёну.

Пасля агульнай малітвы Легіёну адбылося аднаўленне прысягі. Кожны легіянер падыходзіў да алтара і, паклаўшы руку на сцяг Легіёна, прамаўляў асабістае прысвячэнне: «Я цалкам духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе».

Падчас гаміліі, якую прамовіў кс. Аляксандр Грыцкевіч з Верхнядзвінска, святар закрануў тэмы малітвы і апостальства, як два галоўныя кірункі служэння легіянера. Святар распавёў уласны прыклад і дзейнасць малітвы ў жыцці. “У сучасным свеце вельмі цяжка евангелізіраваць, а асабліва свецкім. Таму апостальскай евангелізацыяй можа быць Ваша малітва, чытанне Слова Божага, але не толькі ў касцёле ці дома, але і на працы, падчас адпачынку. Не трэба саромецца іншых, хто і як паглядзіць ці падумае. Магчыма дзякуючы Вашаму малітоўнаму прыкладу хаця б адзін чалавек зменіць сваё жыццё”, — звярнуў увагу святар.

На заканчэнне Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і малітва Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Пасля чаго ўсіх легіянераў запрасілі на пачастунак і супольны час прабывання разам.

Па словах старшыні курыі Анатоля Цырука, легіянеры з Глыбокага два тыдні таму наведалі парафію ва Ушачах, дзе прэзентавалі сваю дзейнасць, распавялі пра служэнне і заахвоцілі да ўтварэння такой супольнасці. Легіянер спадзяецца, што і ў такой маленькай парафіі знойдуцца адважныя вернікі, якія прымуць прысягу і стануць “воінамі Марыі”.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку