Легіён Марыі ў Беларусі адзначыў сваё 25-годдзе

7 снежня легіянеры сабраліся ў Будславе з нагоды 25-годдзя Легіёна Марыі ў Беларусі.

25 гадоў назад, у вігілію свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у Беларусі быў створаны Легіён Марыі — апостальская арганізацыя свецкіх людзей. І хаця 25-гадовы ўзрост лічыцца падлеткавым, для Легіёна Марыі на Беларусі гэта нямала — менавіта з 90-х гадоў пачалося духоўнае адраджэнне ў нашай краіне. І сёння відавочна, што Божы Провід абраў Легіён Марыі як адну са сваіх прыладаў у гэтай важнай справе.

Першы прэзідыўм Легіёна Марыі ўзнік у Баранавічах, калі туды прыехаў з Ірландыі легіянер Марыі брат Томі Маккейб. З благаслаўлення айца Ежы Мазура, які гарэў гэтай справай, супольнасць пачала хутка разрастацца. На сённяшні дзень у Легіёне Марыі налічваецца 500 актыўных легіянераў — гэта тыя, хто робіць апостальскую працу, і больш за 500 дапаможных, хто толькі моліцца.

7 снежня вялікая колькасць легіянераў сабралася ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай. Падчас святой Імшы, якую цэлебраваў Яго Эксцэленцыя біскуп Юрый Касабуцкі, іерарх падзякаваў легіянерам Марыі за іх самаахвярнасць у служэнні Богу і людзям, выказаў пажаданне, каб Легіён Марыі плённа развіваўся і каб кожная парафія на Беларусі мела гэтую Марыйную супольнасць. Пасля св. Імшы адбыўся абед. Свята завяршылася малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці.

З Віцебскай катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага, легіянеры таксама прынялі ўдзел у святкаванні на чале са сваім духоўным кіраўніком кс. канонікам Валерыем Орсікам. Самы старэйшы легіянер — пані Анна, яна 1932 года нараджэння.

Апостальскае служэнне легіянераў даволі разнастайнае і патрабуе вялікай ахвярнасці. Немагчыма палічыць тых дзяцей, якіх легіянеры выратавалі ад абортаў, тых людзей, якія прымірыліся з Богам і пачалі прымаць святыя сакраманты, а таксама тых самотных, хворых, састарэлых, якія знайшлі палёгку праз ахвярную працу і малітву воінаў Марыі.

Запрашаем усіх жадаючыч далучыцца да Легіёну Марыі. Наша Нябесная Маці чакае нашай малітвы, а таксама служэння тым, хто гэтага больш за ўсё патрабуе!

vitkatedra.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі