Зігзагі лёсу: вежа, якая не давала слухаць «Ватыканскае радыё», перададзена касцёлу.
Пробашч каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску кс. Юрый Санько распавёў, як будуць выглядаць касцёл і прылеглая тэрыторыя пасля рэстаўрацыі. Нагадаем, цяпер працягваецца збор сродкаў, неабходных для правядзення работ, і за кожнае ахвяраванне ад 3 рублёў парафія аддзячыць пяццю месяцамі малітвы.
На тэрыторыі, якую ўлады перадалі храму для добраўпарадкавання, размешчаны калісьці сакрэтны і важны аб’ект савецкага рэжыму, інструмент прапаганды: вежа-глушылка «варожых галасоў» з Захаду — напрыклад, Радыё «Свабода», «Голас Амерыкі» і «Ватыканскае радыё» . Гэта рэха «халоднай вайны» ў «мірны» час выкарыстоўвалася як вышка мабільнай сувязі, а цяпер стаіць без патрэбы і толькі псуе від. Апошнія гады на вежы вывешвалі чырвоны сцяг у Дзень Перамогі — але не ў гэтым годзе.
Дык вось, «глушылку» плануецца пераабсталяваць у аглядную пляцоўку з ліфтам або проста разабраць — калі такое рашэнне прымуць пасля правядзення архітэктурных даследаванняў, распавёў святар у інтэрв’ю Catholic.by. Плануецца, што спецыяльныя праекты будуць скончаны да канца лета.
