Леанід Гуляка пра забарону на служэнне замежным святарам: гэта маё права

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка 19 чэрвеня падчас прамой тэлефоннай лініі адказаў на пытанне пра прычыны, па якіх замежныя святары не атрымліваюць дазволу на служэнне ў Беларусі.

«Прычыны самыя розныя. І ў католікаў, і ў праваслаўных, і ва ўсіх іншых канфесій, а мы ставімся да ўсіх аднолькава, як патрабуе Канстытуцыя — у нас няма лепшых і горшых. І ў адпаведнасці з заканадаўствам і ў сувязі з наяўнасцю пастановы, зацверджанай Саветам міністраў у 2008 годзе пра запрашэнне замежных святароў, прымаем адпаведныя меры. У шэрагу выпадкаў гэта адміністрацыйныя парушэнні, якія атрымліваюць святары. У некаторых выпадках прыхаджане з году ў год скардзяцца па розных пытаннях — правяраем, прымаем меры. Шмат розных пытанняў. Што тычыцца колькасці, то гэта мінімальная колькасць, смею Вас запэўніць. Адзін-два чалавекі ў год», — адзначыў ён.

Адказваючы на ​​ўдакладняючае пытанне пра прычыны, па якіх ужо ў 2018 годзе трое замежных святароў — двое праваслаўных і адзін каталіцкі, якія раней не служылі ў Беларусі, не атрымалі дазволу на служэнне ў краіне, Леанід Гуляка заявіў:

«А гэта ўжо маё права. Даваць дабро запрашаць з-за мяжы ці не. І калі Вас цікавіць, пачытайце палажэнне аб запрашэнні, дзе упаўнаважаны мае права не інфармаваць нікога пра сваё рашэнне».

Максім Гацакkrynica.info

для друку для друку