«Laudans» і «Беларусы» выступілі перад вернікамі Пастаўшчыны на заканчэнне Карнавалу

Згодна з традыцыяй нашых продкаў, апошні тыдзень Карнавалу павінен быць найбольш радасным і багатым на розныя забавы, прысмакі, бо наперадзе чакае Вялікі пост. Даўней, напярэдадні Папяльцовай Серады закідвалі цымбалы, скрыпку, гармонік дзесьці на шафу, каб пасля саракадзённага посту з большай радасцю ізноў танцаваць, спяваць.

У нашы часы адноўлена традыцыя праваслаўнай Масленіцы, калі па ўсіх гарадах і мястэчках збіраюць людзей на традыцыйнае прадстаўленне. А вось католікі Лучая штогод маюць магчымасць паўдзельнічаць у заканчэнні Карнавалу. Звычайна пасля святой Імшы адбываецца імпрэза з удзелам таленавітых артыстаў і паэтаў.

Сёлета пробашч парафіі кс. Мікалай Ліпскі вырашыў арганізаваць канцэрт з удзелам хрысціянскага гурта «Laudans» і арт-групы «Беларусы» з Мінска. Мерапрыемства адбылося 26 лютага 2017 года ў пастаўскім Доме культуры. Гледачамі сталі, не толькі жыхары горада, але і вернікі з парафій Пастаўшчыны. На свяце прысутнічалі таксама і святары: ксёндз дзекан Павел Самсонаў з Дунілавічаў, ксёндз Анджэй Бульчак з Паставаў.

Гурт «Laudans» прадставіў некалькі твораў на словы святога Яна Паўла ІІ і паэткі Ірыны Багдановіч. Дарэчы, незадоўга да канцэрту Андрэй Лугін і Алёна Палачанская ўпрыгожылі сваім спевам Літургію ў Лучайскім касцёле.

Знакаміты арт-гурт “Беларусы” проста запаліў залу. Багаты рэпертуар быў прадстаўлены класічнымі творамі, народнымі і эстраднымі. Кіраўнік і саліст гурта Валерый Шмат каментаваў многія творы, звязваючы іх са Збаўцам, з гісторыяй хрысціянства. Дарэчы артыст з’яўляецца яшчэ і найлепшым у нашай краіне арганістам. Атрымаць асалоду ад яго выканання вернікі і госці Лучая маглі летась падчас фэсту ў гонар святога Тадэвуша. Хочацца адзначыць, што Валерый Шмат валодае інструментам не толькі выконваючы класічныя творы, але несамавіта грае і спявае падчас Літургіі.

Паводле luchai.by

для друку для друку