Лайфхакі. Як чытаць Біблію?

Две вещи паче всего мне необходимы в здешней жизни: без них невозможно было бы мне снести эту несчастную жизнь. Пища и свет: то и другое мне нужно, пока заключен я в телесной темнице. И дал Ты мне, убогому, пресвятое Тело Твое в подкрепление души и тела, и положил еси светильник ногам моим закон Твой (Пс. 118, 105). Без того и без другого не мог бы я жить воистину, ибо слово Божие свет душе моей, и таинство Твое – хлеб животный. (Фома Кемпийский «О подражании Христу»)

Напэўна, складана ўявіць чалавечае жыццё без ежы і святла. Без гэтых двзвюх рэчаў чалавек не зможа доўга існаваць. Для хрысціяніна такой ежай з’яўляецца Эўхарыстыя, а святлом, якое ўказвае на  жыццёвы шлях – Божае Слова. Я хачу падзяліцца з вамі сведчаннем маёй гісторыі  шукання аптымальнага метаду выкарыстання “Божай электрычнасці” – а менавіта практыкай чытання Божага Слова. Спадзяюся, што мае асабістыя лайфхакі* ў гэтай тэме будуць для кагосьці карыснымі. Таму дзялюся…

Шмат разоў у касцёле чула словы пра Святое Пісанне: што гэта Кніга кніг, што толькі тут маем адказы на ўсе пытанні і што адсутнасць цікавасці да Божага Слова – гэта адсутнасць цікавасці да Бога і сталых адносінаў з Ім. Нельга сказаць, што Святое Пісанне мяне ніколі не цікавіла і што я яго ніколі не чытала. Я маю тэалагічную адукацыю, таму мне некалькі разоў давялося перачытаць Біблію, перачытаць некаторыя каментары да Божага Слова, але дасканалага ведання мне гэта не давала, усё было як бы “на паверхні.” У нейкі момант майго жыцця Біблія для мяне стала значна большым, чым нейкі гістарычны або тэалагічны даведнік, які я час ад часу адкрывала, калі ўзнікалі пытанні.

 Жаданне чытаць Біблію нарадзілася ўва мне пасля словаў аднаго святара, які, можна сказаць, мяне проста заінтрыгаваў. Добра памятаю гэтыя словы:

“…Калі вы штодня нават без разумення пачнеце чытаць Біблію – асцярожна, яна зменіць Вашае жыццё!..”

Інтрыга спрацавала, хацелася праверыць на сабе, і я вырашыла паспрабаваць. Вось тут і пачалася мая гісторыя доўгіх пошукаў аптымальнага варыянту чытання Божага Слова.

 Першае, з чаго я пачала – купіла сабе новую прыгожую Біблію. Яе вельмі зручна было браць з сабою, бо яна мела невялікі фармат і закрывалася на маланку, што, безумоўна, мяне вельмі цешыла. Знайшла ў інтэрнэце план чытання Бібліі на год і раздрукавала яго (дарэчы, зараз у сеціве можна знайсці вельмі шмат розных планаў чытання Бібліі: і на год, і на некалькі гадоў, і тэматычны, і ў храналагічным парадку). Я была падрыхтаваная як добры баец: новая Біблія, план чытання, новы прыгожы аловак (каб выкрэсліваць прачытаныя дні)… Але так мяне хапіла на тры месяцы. І я закінула гэтую справу.  Пачынала зноў чытаць — і зноў закідвала. Маёй галоўнай праблемай стала адсутнасць сталасці ў чытанні Божага Слова. Але нават за тры першыя месяцы штодзённага чытання Бібліі нешта змянілася ўва мне, і я ўжо адчувала яе важнасць.

Цяжка пералічыць, колькі разоў я пачынала і спыняла чытанне. Пазней спрабавала чытаць штодня тэксты толькі з літургічнага календара Касцёла, але і ў гэтым, нажаль, не было пастаянства.

Аднойчы ў размове са сваёй сяброўкай я прызналася, што маю такую праблему  з чытаннем Божага Слова. Мы па-жаночы паскардзіліся самі сабе, абмяркавалі гэта і… вырашылі паспрабаваць чытаць Біблію разам. Як гэта адбывалася? Мы выбіралі сабе на нейкі канкрэтны перыяд адну ці дзве кнігі са Святога Пісання і штодня чыталі. Так, напрыклад, падчас Адвэнту разам мы прачыталі кнігу прарока Ісаі і Евангелле ад Лукі. І ў нашым выпадку гэта добра спрацавала! Падтрымка нават невялічкай супольнасці дадае шмат сілаў.

Яшчэ адным момантам, які, безумоўна, для нас спрацаваў, было тое, што кожную кнігу Бібліі, якую мы чыталі разам, ахвяроўвалі ў адной пэўнай інтэнцыі, за каторую супольна маліліся. Чытанне Бібліі стала для нас спосабам малітвы. Канешне, былі і крызісы. Часам за дзень сапраўды бывае цяжка спыніцца і знайсці вольную хвілінку. Але калі ты ведаеш, што ёсць маленькая супольнасць, перад якой маеш абяцанні і адказнасць, сумленне ўжо не дазваляе прапусціць такі “асаблівы спосаб малітвы”.

Супольнае чытанне Бібліі разам з сяброўкай таксама моцна зблізіла нас у нашым духоўным сяброўстве. Нават калі мы знаходзімся ў розных гарадах, праз чытанне Божага Слова мы адчуваем еднасць.

Паступова, праз нейкі час мы пачалі заўважаць, што чытанне Божага Слова сапраўды нас моцна змяняе, змяняе нашыя адносіны з Богам. Разам з сяброўкай мы пачалі не толькі супольна чытаць Божае Слова, але і збірацца разам на  малітву, а таксама дзяліцца Божым Словам, дзяліцца тымі момантамі з Пісання, якія нас асабліва закранулі. На маю думку, гэта вельмі добрая практыка, бо позірк розных людзей на адзін і той жа прадмет розны. Так і са Святым Пісаннем: іншы чалавек можа заўважыць тое, што не заўважаеш ты. Час ад часу да нас далучаюцца нашыя іншыя сяброўкі. Праз гэта мы ўзаемна узбагачаемся.

 Калі нарадзілася ідэя напісаць гэтае сведчанне, мы разам з маёй сяброўкай думалі пра тое, што ўжо не ўяўляем свайго жыцця без штодзённага чытання Святога Пісання. Калі нават здараецца прапусціць адзін дзень, усё нібыта валіцца з рук, ты не адчуваеш супакою. Мы разам хацелі б падзяліцца нашым вопытам з тымі, хто, магчыма, як і мы калісьці, шукае для сябе “аптымальны варыянт чытання Божага слова”.

А зараз некалькі больш канкрэтных парадаў для тых, хто хоча пачаць чытаць Біблію кожны дзень (АСЦЯРОЖНА! ЗМЯНЯЕ ЖЫЦЦЁ!):

  1. Знайдзіце ў сабе вострае жаданне пазнаць Бога праз Біблію.
  2. Пошук аптымальнага для сябе варыянту чытання Бібліі:

— Проста пачніце чытаць Біблію хоць два разы на тыдзень. Далей  — болей!

— Можаце знайсці для сябе план чытання Бібліі (пра яго я пісала вышэй. Знайзіце план, які падыходзіць асабіста Вам).

— Маліцеся і прасіце Госпада, каб прасвятляў Вашае сэрца і Ваш розум на Святое Пісанне (можна маліцца так перад закрытай Бібліяй: “Госпадзе, адкрый маё сэрца, перш чым я адкрыю гэтую кнігу”).

— Чытайце, нават калі не разумееце (дарэчы, у інтэрнэце або ў касцёльнай бібліятэцы можна знайсці шмат каментароў Айцоў Касцёла або экзэгетаў*, і тады разуменне Бібліі стане значна лепшым).

— Не бойцеся папрасіць дапамогі святара або кампетэнтнага чалавека – законную сястру, катэхэта, каб пры магчымасці растлумачылі Вам той урывак з Пісання, які выклікае ў Вас цяжкасці ў разуменні.

  — Вазьміце сабе пастанову чытаць хаця б па адным раздзеле канкрэтнай кнігі з Бібліі ў дзень. Няхай чытанне Бібліі стане для Вас добрай звычкай!

— Калі не хапае вытрымкі і сталасці ў чытанні Божага Слова, паспрабуйце ўзяць канкрэтную інтэнцыю, ў якой чытаеце пэўную кнігу з Бібліі. Няхай чытанне Бібліі стане тасама Вашай малітвай.

 — Калі аднаму цяжка чытаць, папрасіце пра падтрымку сваіх блізкіх, родных, сяброў — стварыце супольнасць.

— Не спыняйцеся! Шукайце тыя лайфхакі, якія спрацуюць менавіта ў Вашым выпадку. Прасіце і Госпад абавязкова пакіруе і блаславіць!

*лайфхакі — карысны, практычны савет або хітрасць, якая дапамагае сэканоміць час

*экзэгеты (экзэгетыка) — раздзел тэалогіі, у якім тлумачацца біблейскія тэксты. Вучэнне пра тлумачэнне тэкстаў, пераважна старажытных, першапачатковы сэнс якіх прыцемнены з прычыны іх даўніны або недастатковай захаванасці крыніцаў.

Вікторыя Колзун

для друку для друку