“Курсы-рэкалекцыі” па пытаннях сямейнага жыцця адбыліся ў Навагрудку

З 22 па 27 чэрвеня ў Навагрудку прайшлі курсы-рэкалекцыі для сем’яў, якія арганізавала Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі для тых, хто рыхтуецца (ці ўжо працуе кансультантамі сямейнага жыцця) і іншых зацікаўленых.

Сёлета ў рэкалекцыях прынялі ўдзел сем’і з Мінска, Гродна, Брэста, Мінскай вобласці, у тым ліку і навучэнцы «Школы сямейнага жыцця», а таксама тыя, хто ўжо працуе сямейнымі кансультантамі пры парафіях.

У мінулым годзе ўдзельнікі выказалі жаданне паслухаць рэкалекцыі на тэму Бібліі і паўдзельнічаць у занятках з элементамі трэнінгу.

Вельмі важным момантам з’яўлялася духоўная падтрымка, якую мы мелі дзякуючы слову, скіраванаму да ўдзельнікаў ксяндзом Адамом Дынакам, з якім разважалі на біблейскую тэматыку.

Калі мы чытаем евангельскія ўрыўкі аб тым, як Хрыстос уваскрасіў мёртвага або вылечыў цела чалавека, мы рэдка задумваемся аб тым, што чалавечае цела азначае для нас саміх. Калі б наша цела не было б Богу дорага, гэтак жа дорага і пяшчотна кахана Ім, як і наша вечная душа, Бог не стаў бы вылечваць цела або клапаціцца пра яго вечнае жыцце пасля ўваскрасення мёртвых.

І калі мы задумваемся аб чалавечым целе, будзь то ў сувязі з вечнасцю ці з часовым жыццём, у сувязі з зямным, ці нябесным, мы можам паставіць сабе пытанне: хіба мы не атрымліваем усё наша веданне, пра Бога ці пра свет, праз цела? З маленства, з самага нараджэння нашага мы спазнаем пяшчоту і любоў праз дапамогу нашага цела, задоўга да таго, як можам зразумець што-небудзь розумам.

Першыя практыкаванні з элементамі трэнінгу былі накіраваны на пазнанне свайго цела, сваіх межаў. Бо Бог стварыў не толькі душу, але і цела.

Мяжа – гэта падзел паміж чымсьці. З пункту гледжання псіхалогіі, межы – гэта нябачнае, але адчуваецца падзел паміж «Я» і не «Я».

Хачу адзначыць, што здольнасць рэгуляваць мяжу і прастору мяжы важна для здаровага функцыянавання чалавека. Тое, як мы на цялесным узроўні адстойваем нашу прастору, тое, як рэагуюць нашы мышцы, тое, як мы адчуваем нашу скуру ў кантакце, як адзначаем дыстанцыю паміж аб’ектамі, тое, у якім тонусе знаходзіцца цела, так і на псіхалагічным узроўні мы абыходзімся з нашымі межамі. Некаторыя так зліваюцца з іншым, што ўжо не разумеюць, дзе праходзяць свае, а дзе чужыя межы, дзе «Я», а дзе прастора іншага, не могуць вызначыць, дзе праходзіць адказнасць за ўласнае жыццё.

Дадзеныя практыкаванні дапамаглі ўдзельнікам паклапаціцца аб сабе. Бо клопат пра сябе — гэта здолець прыняць сябе сапраўдным, а не спрабаваць адпавядаць ідэалу. Жыць, не капіюючы пастаянна іншых людзей, — а пражыць сваё ўласнае жыццё — такое, якое, магчыма, не падыходзіць іншым, але якое падыходзіць вам.

Затым мы сталеем у пазнанні, мудрасці, дасведчанасці; усе, чым валодае наш розум, усё, што робяць нашы сэрцы такімі багатымі, калі Бог дасягае да нас праз нашы пачуцці.

Наступныя практыкаванні былі на пазнанне самога сябе, свайго мужа/жонкі, на зносіны адно з адным, з уласнымі дзецьмі.

Практыкаванні дапамагалі сумленна паглядзець на свае няўдачы і расчараванні і вырашыць, што з імі рабіць. Гэта азначае прыняць тое, што нейкія нашы жаданні не будуць задаволеныя. Гэта значыць — здолець адпусціць тое, што трэба адпусціць. Выбраць новае.

Практычныя элементы, навыкі падмацоўваліся тэорыяй.

Самай любімай часткай праграмы ўдзельнікі называюць «100 пытанняў да…», калі кожны меў магчымасць задаць пытанні на хвалюючыя яго тэмы, пацікавіцца досведам рэкалекцыяністаў.

Вялікая ўвага ўдзялялася на рэкалекцыях не толькі працэсу навучання, але і духоўнаму аспекту. Дзень распачынаўся малітвай, галоўным пунктам дня была св. Імша, а таксама адарацыя. Штодзённа праходзіла малітва Вяночкам да Божай Міласэрнасці, вечарам быў час для праслаўлення і падзякі Богу.

Удзельнікі прыязджаюць сюды не толькі за новымі ведамі, але для адпачынку душы, што праз такія рэкалекцыі Пан Бог перамяняе іх сем’і, яны чэрпаюць у Бога сілы для далейшага жыцця, служэння і працы. Немалаважным фактам было і тое, што на рэкалекцыях працавала няня. У апошні вечар рэкалекцый усім удзельнікам дзеці падрыхтавалі сюрпрыз: малодшыя ўдзельнікі спявалі і танцавалі.

Удзельнікі курсаў-рэкалекцый асабліва ўдзячныя кс. Адаму Дынаку за выдатную працу і навуку. Дзякуй рэкалекцыяністам за працу, за прафесіяналізм, шырокасць ведаў і інавацыйны падыход у рабоце з людзьмі. Мы спадзяемся, што гэты вопыт будзе карысны для ўсіх.

Асаблівую падзяку ўдзельнікі рэкалекцый выказваюць сёстрам назарэтанкам за атмасферу ўтульнасці, добразычлівасці і любові.

Iрына Мялешка, krynica.info

для друку для друку