Курс «Закхей» прайшоў у Оршы для школьнай моладзі

З 30 кастрычніка па 1 лістапада ў рэкалекцыйным доме ў Оршы падчас школьных канікулаў адбыўся курс «Закхей» для моладзі. Маладыя людзі разам перажывалі Святую Імшу і малітвы, слухалі канферэнцыі, выконвалі розныя заданні ў групах, а таксама весела адпачывалі.

Напярэдадні ўрачыстасці Ўсіх Святых тэмай спаткання была асабістая святасць. Разам стараліся знайсці адказ на пытанне – «што значыць быць святым сёння?». Натхняліся прыкладамі сучасных людзей, якія жывуць так, як вучыць нас Хрыстос.

Добрым момантам праявіць сябе была праца ў групах. Ставілі пантамімы на тэму святасці, а таксама рыхтавалі сустрэчу Езусу, падобна Закхею. Кожны ўдзельнік мог праявіць сябе ў агульнай працы.

Падчас усёй сустрэчы была ўтульная і сяброўская атмасфера, таму моладзь з нецярпеннем чакае чарговай.

Словы падзякі і пэўныя ўражанні ад курса «Закхей» выказвае моладзь.

Кацярына Лычкоўская, Мінск:
«Падчас сустрэчы мы разам маліліся, ставілі сцэнкі, спявалі, разважалі над урыўкам Святога Пісання пра Закхея, працавалі ў групах і дзяліліся сваімі эмоцыямі і перажываннямі. Усё адбылося дзякуючы айцу Аляксандру, які даў нам выдатнае сведчанне і цікавую навуку, зрабіў экскурсію, і ўдзялiў свой асабісты час, для таго каб паразмаўляць з кожным, хто патрабаваў падтрымкі ці дапамогі.

Я б з радасцю вярнулася туды зноў, каб адчуць тое цяпло, утульнасць і падтрымку, якое было дадзена кожнаму з нас. Калі ад’язджала з Оршы, мне ўзгадаліся словы Валянціны Кавецкай:

«Город Орша тихий, как сон,

Золотых куполов чудный звон,

Река Днепр – вода, как стекло,

Город детства, в нём очень тепло».

Ксенія Шпак, Браслаў:
«Тры дні прайшлі вельмі хутка. Падчас гэтых дзён мы праводзілі час з Богам так, як, часам, не магчыма правесці яго ў штодзённасці. Цікавыя катэхэзы ксяндза Аляксандра дапамаглі нам навучыцца імкнуцца да святасці. Мы даведаліся пра Закхея і параўналі з сабою, падобныя мы на яго ці не. Новыя знаёмствы – заўседы прыемны момант. З кожным днём ты пачынаеш сябраваць з усё больш і больш цікавымі людзьмі. Адарацыя была вельмі кранальнай.

Таму хочацца сказаць вялікі дзякуй арганізатарам гэтага курсу – ксяндзу Аляксандру і сястры Таццяне. Таксама хочацца асобна адзначыць Жану, якая дапамагла праслаўляць Бога песнямі і дазволіла нам атрымаць асалоду ад выдатнага гуку на клавішах. Дзякуй кожнаму ўдзельніку гэтага курса за малітву, падтрымку і разуменне. Вельмі хочацца паўтарыць гэтыя дні зноў».

Анастасія Пазняк, Мёры:
«На такія сустрэчы я прыязджаю вельмі часта, але гэты курс мяне вельмі моцна змяніў, прынёс мне шмат знаёмстваў і станоўчых эмоцый. Асабліва мне спадабаліся канферэнцыі ксянзда Аляксандра, яго словы натхнілі мяне і надалі мне сіл, а таксама ён навучыў нас быць падобным на Закхея, не баяцца быць «белай варонай» і каб мы не саромеліся паказваць, што мы хрысціяне.

Яшчэ разыначкай гэтай сустрэчы стала праца ў групах: пастаноўка пантамімы, песні, танцы, падрыхтоўка торціка і маляванне плакатаў, было вельмі весела.
Я вельмі ўдзячная арганізатарам гэтай сустрэчы, таму што вы нас усіх з’ядналі і дапамаглі прыйсці яшчэ бліжэй да Бога».

Максім Гінько, Мёры:
«Я вельмі доўга чакаў гэтую сустрэчу і ведаю, што гэтыя дні застануцца ў маім сэрцы назаўжды.
Мне спадабаліся новыя знаёмствы, праца ў групах, таму што былі людзі з розных парафій і гэта не перашкаджала стварыць сяброўскі калектыў, які імкнецца да адной мэты. Вельмі спадабаліся катэхэзы, таму што былі вельмі цікавымі і натхняльнымі на змены. Запомніўся цікавы і вясёлы сумесны адпачанак. Я вельмі шчаслівы, што прыехаў на гэты курс. Дзякуй за гэты час!»

Станіслаў Асока, Полацк:
«Гэта былі мае першыя, і вельмі моцныя рекалекцыі, якія я мог сабе ўявіць. Сустрэча з моладдзю розных парафій, як мне здаецца, пайшла многім на карысць. Усё было цікава і карысна, мне ўсё вельмі спадабалася – шпацыр па Оршы, заданні па групах, вельмі ўразіла адарацыя, катэхэзы, малітвы, як нас смачна кармілі і вядома ж новыя знаёмствы. Я вельмі ўдзячны за запрашэнне на гэты курс, буду чакаць наступную сустрэчу. Вялікі дзякуй арганізатарам гэтага курсу!

с. Таццяна Гмыза

для друку для друку