Ксёндз з Сянна стварае ў касцёлах маляўнічыя палотны на біблійныя тэмы

Ксёндз Міхал Ермашкевіч – адзін з тых духоўнікаў, хто непасрэдным чынам прычыніўся да аднаўлення паўнавартаснага каталіцкага жыцця на ўсходзе Віцебскай вобласці. Не адзін год ён з’яўляўся пробашчам віцебскага касцёла святой Барбары, дзе дагэтуль радуюць вока створаныя ім велічныя маляўнічыя палотны на біблійныя тэмы. Сёння святар служыць у родным Сянне, у парафіі Святой Тройцы.

– Ксёндз Міхал, вы, відаць, сталі першым каталіцкім святаром, узрошчаным на ўсходзе вобласці. У вас была рэлігійная сям’я?

Я сам тутэйшы, бацька працаваў у рэдакцыі раённай газеты. У яго каталіцкія карані, але ў царскія часы, калі існаваў пераслед за веру, хтосьці з дзядоў-прадзедаў вымушана перайшоў у праваслаўе. З каталіцкай сям’і і мая мама. Таму я з дзяцінства да рэлігіі ставіўся з разуменнем. Да таго ж мяне заўжды хінула да мастацтва, і я бачыў, які вялікі ўклад каталіцкі касцёл зрабіў у сусветную культуру. Уражвае і архітэктура, і музыка, і жывапіс. Прыгажосць – гэта адна з прыкметаў Бога, праз яе можна дайсці да сэрца чалавека і дапамагчы яму зразумець, што канчатковы аўтар гэтага цуду – Бог. На жаль, людзі часам марнуюць атрыманыя ад яго таленты, не на тое іх напраўляюць.

– Наколькі я ведаю, у вас творчая прафесія.

Мастацтва мне дапамагло зрабіць дакладны крок у жыцці. У дзяцінстве спачатку хадзіў у мастацкі гурток. Пэўны час нават марыў працаваць у тэатры, але паступіць на вучобу было вельмі цяжка, таму абраў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута, паралельна скончыўшы факультэт грамадскіх прафесій.

Абраз з віцебскага касцёла св. Барбары

Абраз з віцебскага касцёла св. Барбары

– Калі адчулі сваё святарскае пакліканне?

Мяне з пэўнага ўзросту зацікавіла рэлігійнае жыццё. Так як касцёлаў паблізу не было, даводзілася ездзіць на службы спачатку ў Вільню, а потым у Будслаў, дзе сёння створаны нацыянальны санктуарый Маці Божай. А калі вернікам вярнулі парафіяльны будынак у Оршы, стала яшчэ бліжэй. Потым адрадзілася бажніца ў Віцебску, які за час вучобы стаў мне добра вядомы. Там ужо выспела канчатковае рашэнне пра святарства. Паехаў у Польшчу, дзе скончыў семінарыю з тэалагічнай акадэміяй пры дамініканскім кляштары. Пасля заканчэння быў вікарыем (дапаможным ксяндзом) у Баранавічах, а потым 13 гадоў служыў пробашчам у адзіным ацалелым у Віцебску касцёле святой Барбары. Затым па сямейных прычынах (трэба было даглядаць хворага тату) вярнуўся ў Сянно, дзе зараз і выконваю абавязкі пробашча.

– Чаму абралі менавіта дамініканскі ордэн? Перыядычна задаюся пытаннем: Бог адзін, навошта ж розныя каталіцкія супольнасці?

А чаму ў школе настаўнікі розныя прадметы выкладаюць? Чалавеку не заўсёды атрымліваецца засяродзіцца на ўсіх відах дзейнасці аднолькава добра. Ёсць ордэны, якія займаюцца дабрачыннымі справамі, некаторыя – больш навуковымі альбо місійнымі, разносяць святло Евангелля па розных краінах. У кожнага свае асаблівасці і розныя магчымасці. Кожны павінен займацца тым, да чаго мае здольнасці.

– Гледзячы на вашы маляваныя абразы, разумееш, што душа ўсё адно патрабуе займацца выяўленчым мастацтвам…

Адна з вялікіх работ у віцебскім касцёле – Уцелаўленне, калі Бог стаўся чалавекам, другая – Уваскрасенне Пана, апошняя вячэра, калі Хрыстос ператварыў хлеб і віно ў сваё Цела і Кроў. Апошняя падзея актуалізуецца кожны раз, калі мы ўдзельнічаем у святой Імшы. Зараз таксама нешта малюю. Але, як часта бывае, калі ёсць натхненне, няма часу, а калі ёсць час няма натхнення.

– Што сабой уяўляе рэлігійнае жыццё ў “глыбінцы”?

Людзей, якія ахрышчаны ў касцёле, ёсць даволі шмат. Але ж практычна толькі некалькі дзясяткаў перыядычна наведваюць літургіі. Яны ў нас адбываюцца штонядзелю і ў святочныя дні. Але, думаецца, гэта датычыцца і больш буйных гарадоў.

– Як ураджэнец гэтых мясцін, ці адчуваеце змены ў менталітэце людзей?

Канешне, нешта змяняецца, і менталітэт у тым ліку. З гісторыі ведаем, што Сянно заўсёды было нейкае “соннае” і ажыўлялася толькі падчас нейкіх фэстаў і святаў. Зараз яно іншае. А ўвогуле людзі і мясціны ў нас цудоўныя. Такія азёры! А калі б яшчэ храмы засталіся – і праваслаўныя, і каталіцкія – увогуле была б мясціна, не горшая за той жа Браслаў. І турыстычныя аб’екты можна было б паглядзець, і добра адпачыць. Такія ціхія куточкі, дзе чалавеку выпадае адпачыць ад штодзённай мітусні. Зараз жа ўсім не хапае нейкага суцяшэння.

Галоўнай славутасцю горада спрадвеку быў касцёл, на месцы якога цяпер стаіць ваша капліца.

Тут быў вельмі прыгожы касцёл Святой Тройцы, праводзіліся фэсты, на якія збіраліся людзі з усяго наваколля. На жаль, 17 верасня 1962 года ён быў разбураны. Да гэтага часу храм захаваўся ў памяці старажылаў, апавяданнях бабуляў. Ёсць нават здымкі той страшнай падзеі, што адбылася 55 гадоў таму. Ад святыні засталіся толькі кляштарны будынак, дзе зрабілі каўбасны цэх, таму на знак нейкага супраціву з дзяцінства не ўжываю гэты мясны прадукт.

Зараз зроблены праект, паводле якога на падмурках храма (а яны захаваліся) павінна паўстаць новая капліца. Вонкава яна нагадвае разбураную святыню. Пакуль што ўсё ўпіраецца ў фінансы. Але нават у такім “урэзаным” выглядзе збудаванне было б упрыгожваннем нашага гарадка. Таму, калі Бог дазволіць, і будзе такая патрэба ў месцічаў, касцёл уваскрэсне ў іншым фармаце.

vitvesti.by

для друку для друку