Ксёндз Вячаслаў Барок пра аднаўленне касцёла ў Віцебску: “Адбудоўваючы касцёл, мы перапросім Бога за грахі продкаў”

viaczaslaw-barokУлады Віцебска маюць намер аднавіць разбураны камуністычнымі ўладамі ў 1961 годзе касцёл Святога Антонія,  які знаходзіўся насупраць гарадской ратушы.

Даведаўшыся пра гэта, “Каталіцкі Веснік” звярнуўся да ксяндза Вячаслава Барка, пробашча аднайменнай сучаснай парафіі святога Антонія ў Віцебску, якая з’яўляецца ініцыятарам адбудовы касцёла.

Святар, гаворачы пра гісторыю разбуранай святыні, адзначыў: “Касцёл Святога Антонія ў Віцебску – адзін з самых старэйшых касцёлаў (яго узвядзенне пачалося ў 1676 годзе), што быў захаваны яшчэ ў XX стагоддзі. Ён вытрымаў вельмі шмат.  Гісторыя гэтай святыні трагічная. Яна перажыла Першую сусветную вайну, Другую сусветную вайну. Была вельмі пашкоджаная, але выстаяла. Аднак не перажыла бальшавіцкай навалы. Камуністы, будуючы новы свет, новы Віцебск, руйнавалі старыя святыні”.

“Дзякуй Богу, усё вяртаецца на свае месцы. І зараз робяцца канкрэтныя крокі дзеля таго, каб адбудаваць касцёл Святога Антонія. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што заўсёды ў сэрцы вернікаў было жаданне аднаўляць святыню. Людзі ўпэўнены, што гэта не толькі гістарычны будынак, але таксама знак Божай прысутнасці”, – распавёў кс. Вячаслаў.  

Святар перакананы: “Хто знішчыць святыню, таго знішчыць Бог. А хто адбудуе святыню Божую, атрымае блаславенства”.

“Адбудоўваючы касцёл, мы здзейснім дастойны плод пакаяння ў грахах мінулага стагоддзя і перапросім Бога за грахі сваіх продкаў, якія руйнавалі святыню. Гэта будзе сімвалам новага жыцця, згоднага з Божай воляй”, – спадзяецца пробашч парафіі Святога Антонія.

st-_anthony_costel

Кс. Вячаслаў дадаў таксама, што ініцыятарам адбудовы касцёла Святога Антонія выступае аднайменная парафія Святога Антонія ў Віцебску, дзе яшчэ будучы святаром, працаваў біскуп Алег Буткевіч.

Святар выказаў падзяку ўладам, што яны разумеюць патрэбу ў адбудове касцёла Святога Антонія ў Віцебску  і дапамагаюць у гэтай справе.

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку