Ксёндз Вячаслаў Адамовіч і яго захапленне стэндавым мадэлізмам

У кожнага чалавека ёсць сваё хобі, ёсць яно і ў святароў. Хтосьці збірае старыя кніжкі, хтосьці займаецца нейкім відам спорту, нехта ходзіць на паляванне…

Пачуўшы, што ксёндз Вячаслаў Адамовіч сур’ёзна захапляецца стэндавым мадэлізмам, мы разам з сябрам-журналістам з Мінска Змітром Бартосікам завіталі да яго ў Дзісну – самы маленькі горад Беларусі, каб паразмаўляць пра любімы занятак ксяндза. І не толькі.

– Чаму менавіта танкі? Гэта ж машына, створаная для забойства?

– Сапраўда, гэта так. Але, з іншага боку, гэта таксама машына, якая створаная для абароны. Тут як кій, што мае два канцы. Я ж не збіраю сапраўдны танк, які будзе забіваць людзей. Гэта проста мадэлізм. А ў ім пераважае ваенная тэхніка, гэта найбольш папулярны кірунак у мадэлізме. Можа таму, што для вайсковай тэхнікі выкарыстоўваюцца найлепшыя навуковыя распрацоўкі. Ёсць таксама і грамадзянскія аўтамабілі, і гоначныя, і матацыклы людзі збіраюць, і караблі. Ветразевыя, напрыклад. Але каб збіраць гэтыя прыгожыя паруснікі, трэба мець шмат досведу і адпаведныя рукі. Бо патрэбны вялікі талент, каб сабраць сапраўдную мадэль карабля.

– Што Вам дае такое захапленне?

– Гэтае хобі вельмі прыемнае для чалавека, бо вучыць нейкаму супакою. Адпачываеш ад іншых спраў і займаешся канкрэтна гэтым. Калі ты сядаеш і гадзінамі прыклейваеш нейкія маленькія дэталі, то напачатку гэта раз’юшвае, псуе нервы. Але пазней чалавек супакойваецца, уваходзіць у стан своеасаблівай медытацыі і пачынае адпачываць, расслабляцца. І яму робіцца прыемна гэтым займацца.

Пра свае мадэлі ксёндз Вячаслаў можа распавядаць вельмі натхнёна. Адразу відаць, што ён гэты занятак любіць, і ў падобнай тэме мае ўжо добры досвед.

– Вось танк Т-34, адзін з самых легендарных. Яго мы маем амаль у кожным горадзе. Адзін з такіх танкаў можна ўбачыць у фільме “Чорная бяроза”, які здымаўся тут, у Дзісне. Зараз ён стаіць у Полацку на кальцы. Хаця школьнікам усім распавядаюць, што гэта менавіта першы танк, які ўварваўся ў Полацк, каб яго вызваліць. Але згаданая машына была ў Дзісне, нават каля нашай святыні праязджала.

 

Ёсць мадэль кітайскага вытворцы – танк Т-72. Ён будзе пазней зроблены ў такім камуфляжы нашага беларускага войска.

Усе гэтыя мадэлі ў маштабе 1:35. Гэта значыць, у 35 разоў меншыя за арыгінал. Вось тут у нас нямецкі каралеўскі “Тыгр”, калі да яго прыгледзецца, заўважым, што ён увесь у гразі, у нейкім пяску, як быццам толькі што вярнуўся з бою. Гэта цяпер такі модны кірунак у мадэлізме, каб рабіць менавіта падобныя мадэлі, крыху брудныя, якія выглядаюць не так, як на парадзе.

– Як ставяцца знаёмыя да такога Вашага захаплення?

– Як я толькі пачаў гэтым займацца, адзін з маіх сяброў сказаў, маўляў, здзіцянеў чалавек. Але сабраць такую мадэль, добра яе пафарбаваць, аздобіць адпаведнымі эфектамі – гэта не кожнае дзіця зробіць, асабліва без дапамогі дарослых. Плюс такое хобі не таннае.

Кожны мае свой занятак. Хтосьці ходзіць на рыбу, хтосьці на паляванне, хтосьці яшчэ чымсьці займаецца, а нехта захапляецца мадэлізмам. У кожнага сваё хобі. Кожны свой час прысвячае таму, што любіць.

Я, напрыклад, не разумею тых, хто на рыбалку ходзіць. Як можна ўвесь дзень выседзець на холадзе, і, вылупіўшы вочы, на паплавок глядзець?! І яшчэ не злавіць нічога… Але ж чалавеку гэта падабаецца, ён так адпачывае. Тое ж іншыя могуць сказаць і пра маё хобі: сядзіць чалавек, клеіць нейкія пластмасавыя дэталькі, і для чаго гэта ён робіць?

– Ці ёсць такія арганізацыі, клубы, дзе Вы сустракаецеся, абменьваецеся вопытам?

– Сапраўды, мы збіраемся, тэлефануем адно аднаму, у Інтэрнэце перапісваемся. Ёсць таксама клубы стэндавага мадэлізму, але найбліжэйшы з іх, на жаль, знаходзіцца ў Віцебску. У Мінску ў БНТУ два разы на год выставы праводзяцца. Нядаўняя была ў кастрычніку. На іх прыязджаюць людзі і з-за заходняй мяжы і з Расіі. На такіх выставах ёсць што паглядзець і чаму павучыцца. І прыцягваюць яны, гэтыя выставы, якраз не дзяцей. Там заўсёды больш дарослых.

У Полацку ёсць некалькі хлопцаў, што займаюцца мадэлізмам, мы таксама сустракаемся, абменьваемся вопытам. Вось так у нас віруе жыццё і ідзе наперад.

Спыталі мы ў ксяндза Вячаслава і пра тое, калі ён адчуў сваё пакліканне да святарства. На што той адказаў: “Позва прыйшла”. Але дэталі той позвы раскрыць ксёндз не захацеў.

Некалі Дзісна была павятовым цэнтрам, мела значны ўплыў на жыццё ў наваколлі. – А як зараз жывецца ў Дзісне:

– Тут, у Дзісне, была ў свой час праца, заводы былі, прадпрыемствы розныя і людзі цягнуліся да працы. Дзісна ва ўсе часы была гандлёвым горадам, чаго зараз не скажаш… Летам турысты прыязджаюць, шмат іх бывае. І з Польшчы, і з Расіі, з Ізраіля, нават з Англіі. У мяне па гародзе ходзяць, руінамі касцёла цікавяцца. Улічваючы, што Дзісна стаіць крыху ўбаку ад шашы, прыязджаюць адмыслова, каб горад паглядзець. А зімой тут ціха, таму вольнага часу хапае.

– Вернікаў шмат у парафіі?

– Ёсць некалькі дзясяткаў. У асноўным людзі старэйшага веку. А моладзь з Дзісны з’язджае. Вось прыходзяць дзеці, хлопцы-міністранты дапамагаюць пры службе, потым заканчваюць школу, едуць вучыцца, нават у той самы Полацк… І вось пакуль вучацца, на выходных яны ёсць у касцёле, потым дзесьці размеркавалі – і ўсё, іх няма.

Храм у Дзісне пацярпеў і ў савецка-польскую вайну 1920 года, моцна пашкодзілі яго і ў апошнюю вайну. Але найбольш пацярпеў ён ужо пасля вайны, у гады ваяўнічага атэізму, калі быў проста падарваны… Гадоў дзесяць таму пачаліся працы па яго аднаўленні. Але ўсё ўпіраецца ў сродкі, прычым сродкі вельмі вялікія.

Напрыканцы хочацца пажадаць ксяндзу Вячаславу поспехаў у яго захапленні. Спадзяёмся, што касцёл у Дзісне таксама будзе адноўлены.

Зміцер Лупач

для друку для друку