Ксёндз Кшыштаф Сілкоўскі адзначыў 35-годдзе святарскага пасвячэння і атрымаў у падарунак арэлі

Урачыстая Імша з гэтай нагоды адбылася ў шаркаўшчынскім касцёле ў нядзелю, 18 чэрвеня.

Ксёндз Кшыштаф стаў святаром у Польшчы 17 чэрвеня 1982 года. Святкаванне юбілею святарства ён перанёс на адзін дзень, каб разам адзначыць і ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста. Таксама ў касцёле памаліліся і за медыкаў, якія ў гэты дзень адзначалі сваё прафесійнае свята. Так супала, што ў гэту нядзелю адзначаў свой Дзень народзінаў Часлаў Рачыцкі, адзін з самых актыўных шаркаўшчынскіх парафіянаў. Таму парафіяне памаліліся таксама і ў яго інтэнцыі. Гледзячы на спадара Часлава, які і на фэстах грае на гармоніку, і ў хоры касцельным спявае, ніяк не верыцца, што яму споўнілася ўжо 83 гады.

Сваё слова да вернікаў ксёндз Кшыштаф распачаў з разважання з нагоды свята Божага Цела. «Сёння мы пойдзем працэсіяй па вуліцах Шаркаўшчыны, — адзначыў святар. — Хрыстус выходзіць з касцёла, каб быць сярод нас на нашых вуліцах».

Святар узгадаў словы Езуса Хрыста з Евангелля: “Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна». Таму сёння мы маем вялікую радасць, што маем магчымасць ісці па вуліцах і абвяшчаць Божае слова.

Ксёндз Кшыштаф таксама завочна звярнуўся і да тых вернікаў, якія не прыйшлі ў гэты дзень у касцёл, аддаўшы перавагу працы па дому. Ён адзначыў, што праца ў нядзелю ніколі не прынясе чалавеку карысці. Бог вызначыў гэты дзень, каб чалавек прысвяціў яго Богу, сваёй сям’і: дзецям, жонцы, мужу.

Таксама святар закрануў і тэму пакліканняў. Ён звярнуўся да бацькоў, каб не баяліся пакліканняў у сваіх дзяцей, наадварот, гэта імкненне трэба ў іх падтрымліваць. Бо служба Богу, гэта па вялікім рахунку, служба людзям. Таму бацькі павінны перадаць дзецям жывую веру, бо прыклад бацькоў з’яўляецца для дзяцей найбольш пераканаўчым. А для гэтага трэба практыкаваць сумесную малітву ў сваёй сям’і.

Напрыканцы Імшы ксяндза Кшыштафа павіншавалі з юбілеем святарства вернікі, прадстаўнікі ўлады, асобнае, самае кранальнае, віншаванне было ад дзяцей парафіі. Таксама было зачытанае віншаванне ад біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча.

Святар падзякаваў усім за віншаванні, адзначыўшы, што з гэтых 35-і гадоў 25 ён прысвяціў служэнню ў Беларусі. А гэта не так і мала — чвэрць стагоддзя!

Пасля віншаванняў адбылася працэсія па вуліцах Шаркаўшчыны. Гэтаму паспрыяла і добрае надвор’е, якое Бог даў на гэты дзень. Вернікі памаліліся каля трох алтароў, якія былі падрыхтаваныя вернікамі на вуліцах пасёлка. Чацвёрты алтар быў прыгатаваны ў храме. Потым вернікі памаліліся літаніяй да Сэрца Езуса і святар удзяліў Божае блаславенне.

Закончылася ўрачыстасць спевам гімна «Цябе, Бога, праслаўляем» і асвячэннем кветак.

Адным з падарункаў парафіянаў для пробашча-юбіляра сталі арэлі.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

Відэарэпартаж будзе дададзены пазней

для друку для друку