Ксёндз-байкер у Гудагаі адслужыць святую Імшу па загінуўшых мотабратах

Ілюстрацыйнае фота

У аўторак, 25 верасня, у 19.00 у гудагайскім санктуарыі Маці Божай Шкаплернай пройдзе святая Імша ў інтэнцыі ўсіх загінуўшых матацыклістаў. На Эўхарыстыі збяруцца мясцовыя байкеры, а адслужыць св. Імшу айцец Пётр, які сам з’яўляецца ўдзельнікам байкерскага руху.

— Пасля службы запусцім у неба падпаленыя ліхтарыкі — як сімвал памяці пра загінуўшых мотабаратах і сёстрах, якія, на жаль, больш не з намі. Вечар памяці завершыцца сяброўскімі стасункамі за гарачай гарбатай у гасцях у ксяндза Пятра, — гаворыцца на старонцы супольнасці No limits у сацсетцы. — Роўных нябесных дарог усім, хто сышоў на вечную трасу! І хай беражэ Бог нас з вамі!

Вёска Гудагай знаходзіцца ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі вядомы сваім цудатворным абразом Маці Божай Шкаплернай, да якой прыходзяць шматлікія пілігрымы.

Збор жадаючых з’ездзіць на Імшу — на АЗС «Беларуснафта» на «атамскай аб’язной» у 18.30 у Астраўцы.

No limits — гэта супольнасць матацыклістаў, якая імкнецца развіваць байкерскі рух, любіць мотападарожжы і актыўны мотаадпачынак, вывучае гісторыю роднага краю, народныя традыцыі.

Katolik.life

для друку для друку