Ксёндз Андрэй Кулік з Дзеркаўшчыны : “Наша галоўная мэта – каб дзеці маглі з карысцю бавіць вольны час!”

У вёсцы Дзеркаўшчына, што на Глыбоччыне, па ініцыятыве пробашча ксяндза Андрэя Куліка створаная пляцоўка для дзяцей. Кожны дзень яны тут гуляюць – як малодшыя, так і старэйшыя. Мы сустрэліся з ксяндзом Андрэем, каб паразмаўляць на гэту тэму.

– Ксёндз Андрэй, як Вам прыйшла такая ідэя – зрабіць пляцоўку для дзяцей?

– Усе мы былі малымі, і нам, вядома ж, хацелася мець нейкі пляц для забаваў. Звычайна як у вёсцы бывае: каля школы нейкі стадыён, зарослы травой, дзе пасуцца каровы, авечкі… Прынамсі, у нас так было калісьці.

І вось падчас працы ў парафіі ў Дзеркаўшчыне прыйшла мне гэта ідэя, прычым даволі спантанна. Мы маем досыць вялікі ўчастак касцельнай зямлі, і трэба было яе неяк абуладкаваць па-гаспадарску. Бо гэтай зямлі хапае і для касцельных пабудоў, і заставалася таксама яшчэ нявыкарыстаная.

Мы з парафіяльнай радай вырашылі, што будзе добрай справай, калі нешта зробіцца вартае не толькі для католікаў, але і для ўсіх дзяцей, што жывуць у вёсцы. І гэта вялікая радасць для нас, бо мы не хочам дзяліць дзяцей паводле рэлігійнай прыналежнасці. Усе яны малыя, хочуць гуляць, супольна бавіцца. І гэта добра, што так атрымліваецца.

– Як да Вашай ідэі паставіліся парафіяне?

– Вельмі пазітыўна і станоўча! Гэта ж іхнія дзеці, дзеці іх суседзяў, тых, хто жыве ў гэтай вёсцы. Таму пакуль казаць пра нейкі негатыў, дзякаваць Богу, не даводзіцца. Спадзяюся, што так будзе і надалей.

Гэта добра, што тут дзеці хочуць бавіцца, праводзіць час на свежым паветры, быць разам. Можа такім чынам нешта ў іх зварухнецца і пра Касцёл задумаюцца? Хтосьці, можа, прыйдзе такім шляхам да Касцёла. Але гэта не ёсць наша галоўная мэта. Наша галоўная мэта – гэта каб дзеці не сядзелі за камп’ютарамі, смартфонамі, толькі ў інтэрнэце, але каб так, як калісьці мы дваццаць-трыццаць гадоў таму, маглі бавіць вольны час.

Што з гэтага выйдзе далей, пакажа час. Тое, што вы бачыце зараз, гэта толькі першы этап, ёсць задумкі і надалей. Але ўжо цяпер нават тое, што ёсць, прыцягвае дзяцей з нашай вёскі.

– А вось гэтыя пакрышкі адмыслова для дзяцей прывезлі ці была нейкая іншая для іх задумка?

– Гэтыя пакрышкі былі задуманыя крыху для іншых мэтаў, для больш дарослых дзяцей, якія прыходзяць сюды. Але аказалася, што гэта не толькі для іх, для тых, хто хоча нешта зрабіць са сваім целам, займацца нейкімі фізічнымі практыкаваннямі, але і малодшыя дзеці прыдумалі такое ім прымяненне. Таму добра, што падобны падвойны вынік з гэтага атрымаўся.

– Якія яшчэ маеце задумкі?

– Хочам зрабіць такое міні-поле футбольнае, можа, для валейбола якую пляцоўку. Час пакажа, усё залежыць ад фінансаў. Пакуль мы тут абмежаваныя, таму працуем патроху, у асноўным парафіяльнымі сродкамі. Некаторыя рэчы дапамагаюць рабіць энтузіясты-спонсары, якія, бачачы добрую справу, што ладзіцца ў вёсцы, хочуць таксама спрычыніцца да гэтага. Некаторыя з іх самі паходзяць з Дзеркаўшчыны, іншыя нарадзіліся і раслі ў вёсцы, таму ведаюць, як цяжка ў сельскай мясцовасці, дзе няма адпаведнай інфраструктуры, бавіць вольны час. Таму, стаўшы дарослымі, яны хочуць паспрыяць нам фінансава. Можа, у нас і былі крыху іншыя задумы, але мы зрабілі тое, што дазволілі нам сродкі. Пакуль атрымалася так, а далей будзе бачна, куды нам рухацца.

– Спонсары ў Вас не замежныя, а беларускія, так?

– Асноўным спонсарам з’яўляецца парафія. Адзін чалавек з Дзеркаўшчыны дапамагаў нам мінулым летам. Ёсць яшчэ добрыя людзі. Вось так і стараемся, робім, што можам.

Зміцер Лупач, тэкст

Леанід Юрык, фота

для друку для друку