Кс. Вячаслаў Барок: “Вайна не можа быць святой”

Вайна не можа быць святой. Як і гібель чалавека і нават злейшага ворага не можа ашчаслівіць таго, хто не быў шчаслівы дагэтуль. Упэўнены, чалавецтва павінна памятаць усю трагедыю другой сусьветнай вайны, каб яна больш ніколі не паўтарылася. Калі ж хтосьці ўзгадвае вайну і радасна гарлапаніць: “можам паўтарыць», то гэта сведчыць толькі аб адным, аб яго прыналежнасці да звыраднелай часткі чалавецтва. 

Занадта шмат пралілося людзкой крыві, было выплакана дзіцячых слёз, зашмат было гвалту і насілля, каб сёння ўзгадваючы трагедыю той страшэннай вайны, паддавацца гераічна-пафаснаму святкаванню перамогі.

Якое можа быць святкаванне перамогі, у вайне паміж двума безчалавечнымі рэжымамі? Прынамсі ў Беларусі, варта задаваць такое пытанне. Вайна пачалася з дружнай агрэсіі Германіі і СССР, адны акупавалі Польшчу, другія Заходнюю Беларусь і як прынята пры святкаванні перамогі, правялі сумесны вайсковы парад у Брэсце. А пасля на нашай зямлі яны ваевалі паміж сабою, а гінуў народ.

Так, 8 мая – гэта той дзень, калі капітулявала нацыская Германія і адбылося заканчэнне вайны. Пасля быў Нюнбергскі працэс і сусветнае правасуддзе асудзіла кожнага, хто паддаўся гэтаму злу фашызма.

Але ж дагэтуль не адбылося судовага працэсу над камунізмам і тымі злачынствамі, аўтарам якіх з’яўлялася савецкая сыстэма. Савецкі саюз ні ў якім разе не быў лепшым у маральным плане, за тую ж Германію. Таталітарныя рэжымы, якія ўтварыліся ў гэтых дзвюх краінах яны хоць і былі розныя, аднак аднаго поля ягадкі. Па сваёй натуры, аднолькава антычалавечыя. Агрэсыўна-варожа накіраваныя, да ўсяго таго, дзякуючы чаму чалавек завецца чалавекам. І калі была ліквідавана адна махіна зла другой, то ў чым тады ёсць перамога для чалавека?

Нельга сказаць, што ў вайне паміж войскамі вермахта і Савецкага Саюза перамаглі сілы дабра. Тут не было пераможцаў. А жыхары недаўна акупаваных тэрыторый на сабе адчулі ўсю моц тататалітарна-рэпрэсіўнай сыстэмы СССР. І ім як жа яшчэ было далёка да мірнага і спакойнага жыцця.

Як казаў Васіль Быкаў: “здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды. Але без свабоды чаго вартая кожная бліскучая перамога кожнага грамадзтва? А што да расейцаў, дык тыя і дагэтуль ня могуць перастаць ваяваць.“

Зрэшты ў нашай краіне, наогул можна казаць, што апрача той вайны франтавой, вялася паралельная вайна – грамадзянская.

Гісторык І. Кузняцоў на сваёй старонцы ў фэйсбуку піша што 800.000 савецкіх ваенаслужачых перашло ваеваць на бок фашыстаў у тым ліку 140.000 служыла ў элітных войсках СС. Канешне, гэта яўны прыклад здрады радзіме. Толькі вось пытанне, ці не здрадзіла іх здраднікаў яшчэ раней радзіма? Праз тое, што прымушала сваіх грамадзян паміраць ад голаду падчас галадамору, цярпець у лагерах, гінуць без суда і следства пад час палітычных рэпрэсій, альбо станавіцца пушачным мясам калі дапрыкладу генералы Жукаў і Конеў ладзілі паміж сабою сацыялістычныя спаборніцтвы за першынства ўзяць Берлін? (пра гэта падрабязна піша ізноў І.Кузняцоў)

Безумоўна, немагчыма апраўдаць тых, хто з савецкага салдата станавіўся эсэсаўцам, але ж ці не таму яны аж так масава пераскоквалі на нямецкі бок, бо не адчуўшы на ўласнай скуры немецкага парадку, але затое дасканала ведаючы, якое зло ўяўляе сабой савецкая сыстэма, яны нават у фашыстах бачылі вызваліцеляў. Прынамсі, так маглі думаць жыхары тых краінаў, якія на самым пачатку вайны былі акупаваныя СССР.

Прагадваецца сведчанне, якое я пачуў напачатку двухтысячных гадоў ’ад парафіянкі з Расонаў спадарыні Рандарэнка. Яна ўзгадвала, што маючы гадоў 12, насіла запіскі ў партызанскі лагер Машэраву. Аднак, звяртала ўвагу, што была вайна і мірных людзей абіралі ўсе аднолькава, днём прыходзілі немцы, ноччу партызаны, карміць трэба было і тых і тых. Але немец ніколі апошняга не забіраў, чаго нельга было сказаць пра партызанаў.

На вайне, як на вайне… У вайны не жаночы твар, пісала Алексеевіч. На вайне спрацоўвае адзін інстынкт – выжывання.

Ці хтосьці думае , што мірнаму чалавеку была розніца кім быць абабраным, альбо ад каго атрымаць кулю, ад фашыста, ці камуніста? Для салдатаў розніцы не было ў каго страляць, каго гвалціць, да такіх высноваў можна дайсці, калі чэрпаць інфармацыю з рассакрэчаных ваенных архіваў, а не з афіцыйных крыніцаў або з савецкіх падручнікаў па гісторыі.

Вось праўда вайны! Вайна – гэта заўсёды зло, няма ў ёй праўды і святой яна не можа быць. І святых салдатаў са зброяй у руках таксама не было. А таму доўгі час, тыя хто вярнуўся з вайны маўчалі. Ім не было, чым ганарыцца, яны ведалі сапраўдны кошт гэтага вяртання дамоў.

След, які вайна пакінула на нашай зямлі трэба ўзгадаваць, каб “ніколі зноў яна не паўтарылася», але ж не для таго, каб культываваць жаданне “паўтарыць”.

А таму, вы якія 9 мая паддаецеся эйфарыі перамогі, бразгаеце зброей, маршэруеце з партрэтамі Сталіна і Леніна, апранаецеся ў вайсковую форму таго часу і пускаецеся ў пляс, апамятайцеся.

Гэта — такія як вы пачалі тую вайну і сёння нараджаеце новую. Не ідэлізуйце вайну. Вайна – гэта смерць. Лепш будуйце сваё жыццё тут і цяпер, такім чынам, каб вам і тыя, хто жыве побач з вамі, не хацелася ўцекаць з краіны пераможцаў у краіну пацярпеўшую паразу. Вось гэта была б бліскучая перамога!

Хопіць пафасу і эйфарыі, давайце ў гэты дзень маўчаць. І ўзгадаваць усіх ахвяраў вайны.

Давайце ўшаноўваць месцы загінуўшых, як ад фашыстаў, так і ад камуністаў і партызанаў. Недобра як дагэтуль, непахаваныя косці тых, хто стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. У Хайсах пад Віцебскам, яшчэ сёння раскіданыя пар’эшткі забітых. Годная памяць і ўшанаванне усіх загінуўшых, будзе больш выхаваўчым для будучага пакалення, чым усе салюты разам узятыя.

А перамога…

Перамога няхай адбудзецца ў нашых сэрцах. Няхай жаданне — “ніколі зноў», пераможа жаданне “паўтарыць”.

Вячаслаў Барок, facebook.com

для друку для друку