Кс. Вадзім Сурвіла расказаў гісторыю свайго паклікання

У сённяшнім нумары “Каталіцкага Весніка” пра сваё пакліканне чытачам распавёў пробашч Войстамскай парафіі кс. Вадзім Сурвіла.

Святар нарадзіўся ў 1986 годзе ў вёсцы Гаўці на Гродзеншчыне. Пра сябе ён адразу расказвае такую цікавую гісторыю: “Я нарадзіўся на Вялікдзень. Мой тата прыехаў дамоў з касцёла а асвечанымі стравамі. А мама толькі пакаштавала – і адразу ў радзільню” (усміхаецца)!

З Гаўцяў да Солаў кіламетраў восем, таму ў касцёл будучы святар ездзіў то роварам, то машынай з бацькамі.

Першыя ўражанні ад касцёла ў маленькага хлопчыка Вадзіма былі такія: “У касцёле праходзіла чыясьці Першая Камунія. На адной з амбон былі змешчаны словы песні. І стаяла такая доўгая ўказка.А я падумаў, што калі хтосьці з дзяцей будзе сябе дрэнна паводзіць, то манахіня паб’е гэтай палкай. Таму я сядзеў ціха-ціха падчас святой Імшы, а калі сястра брала ўказку у рукі, нават не паварочваўся ні ўлева, ні ўправа”.

Больш пазнаваць Касцёл Вадзім пачаў, калі праходзіў падрыхтоўку да Першай Камуніі ў 1994 годзе. Тады ў вёскуГаўці прыязджалі айцы-кармеліты. Дзеці вучыліся і ў школе, і ў клубе, ад якіх нічога не засталося зараз, і ў дамах вернікаў.

Гледзячы на гэта ўсё, хлопчыку таксама хацелася быць падобным да ксяндзоў. Ён пачаў гуляць, нібы адпраўляючы святую Імшу, перавязваўся нейкімі рамянямі, нібы святарскай стулай. У 9-ым класе юнак вырашыў стаць міністрантам.

Святар ўспамінае пра сваё жаданне пайсці ў кляштар: “Пасля 10-га класа я быў на рэкалекцыях, якія праводзілі айцы-кармеліты ў Нарачы. Прыехаўшы дамоў, я сказаў бацькам, што збіраю рэчы і іду ў кляштар. Але прайшоў час, і я вырашыў інакш”…

“Пастаянна адчуваў, што мне хочацца служыць. Ужо ў 11-м класе размаўляў пра гэта са сваім пробашчам. Ён даў мне кніжку з біяграфіямі святых. Цікава было, як Бог іх клікаў. Так паволі прачыналася і маё пакліканне”. 

Пасля заканчэння 11-га класа Вадзім прыняў рашэнне пайсці ў семінарыю. Ужо падчас навучання семінарыста хвалявала шмат розных думак, узнікалі пытанні: “Ці пайсці з семінарыі?”, “Ці застацца?” Тады адна манахіня, якая ўжо адышла ў вечнасць, адказала яму вельмі проста: “Дурань! Куды ты пойдзеш?! Заставайся!” Зараз святар ёй вельмі ўдзячны за гэтыя словы.

Добра памятае кс. Вадзім свае перажыванні перад пасвячэннем: “Ніколі так моцна ў жыцці я не хваляваўся, як перад сваім дыяканскім пасвячэннем, тады вельмі пахудзеў. Таксама і ўвечары, калі даведаўся, што стану святаром, мяне так перапаўнялі пачуцці, што я не мог заснуць”.

Сёння, гаворачы пра пакліканне, святар параўноўвае яго з дрэвам: “Неабходныя пэўныя ўмовы, каб яно, пакліканне, расло. Яго адчуваеш не адразу, яно паволі вырастае, саспявае і толькі пасля будзе даваць плён. Таму магу сказаць, што і маё пакліканне таксама прыйшло не адразу, а паступова, паволі”.

Ірына Радзевіч

для друку для друку