- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Крыжы на Галгофе. Названы лепшы праект мемарыялу ў Курапатах

[1]Ужо ўсталяваныя крыжы дэмантаваць не будуць — у народны мемарыял проста ўпішуць новы праект.

Падведзены вынікі конкурсу эскізных праектаў памятнага знака ва ўрочышчы «Курапаты» пад Мінскам. Пераможцам конкурсу эскізных праектаў вызначаны аўтарскі калектыў: скульптары — Нячай В., Аганаў С., архітэктары — Маркаўцава М., Ярмолін У., паведамляе Міністэрства культуры Беларусі.

Па задумцы аўтараў, праект выглядае як канструкцыя з чатырох калон ў выглядзе ног іржавага адцення. Уверсе калоны злучаныя папярочнымі перакладзінамі так, што ўтвараюць крыжы.

Паводле інфармацыі БелаПАН [2], мемарыял плануецца ўсталяваць на курапацкай Галгофе — цэнтральным ўзгорку ва ўрочышчы. Менавіта там, на лобным месцы, быў усталяваны камень з надпісам, што мемарыял павінен знаходзіцца тут.

Аўтары праекту адзначаюць, што ўжо устаноўленыя крыжы дэмантаваць не будуць — у народны мемарыял проста ўпішуць новы праект, дапоўняць ім ужо створанае месца памяці.

Нагадаем, ва ўрочышчы Курапаты адбываліся масавыя пахаванні рэпрэсаваных, якія былі расстраляныя ў канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў. Раней па ініцыятыве дэмакратычнай грамадскасці ў Курапатах усталявалі сотні крыжоў, а нядаўна ўлады вырашылі стварыць у Курапатах мемарыял для «найбольш выразнага мастацкага адлюстравання вобразу ўрочышча «Курапаты» як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння. Галоўная ідэя твора — увекавечыць памяць усіх бязвінна загінулых ахвяраў XX стагоддзя ў гісторыі Беларусі.

Раней старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заяўляў, што «Курапаты павінны стаць нацыянальным Мемарыяльным комплексам» [3].

www.katolik.life [4]