Крыжовы шлях у Калізеі: разважанні аб “раскрыжаваных сучаснасці”

“З Езусам і жанчынамі – па дарозе Крыжа”: у такім ключы вытрыманы сёлетнія разважанні для Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі з удзелам Папы. Набажэнства традыцыйна пройдзе ў Вялікую Пятніцу.

Аўтарам тэкстаў выступіла італьянская законніца Эўджэнія Банэці з манаскага Інстытута Сясцёр Місіянерак Маці Божай Суцяшэння, якая ўзначальвае асацыяцыю Slaves no more, што дапамагае ахвярам гандлю людзьмі. У цэнтры разважанняў да 14 стацый Крыжовага шляху – ахвяры гандлю людзьмі, непаўналетнія, з якімі абыходзяцца як з таварам, жанчыны, змушаныя да прастытуцыі, мігранты. Усе яны – новыя раскрыжаваныя сучаснасці, якія павінны абудзіць свядомасць кожнага з нас.

Няхай усе надзеленыя адказнасцю пачуюць крык бедных

Падчас першай стацыі гучыць малітва “за ўсіх надзеленых адказнымі ролямі, каб пачулі крык бедных”, і “за ўсе маладыя жыцці, якія тым ці іншым чынам асуджаны на смерць абыякавасцю ізаляцыйнай і эгаістычнай палітыкі”. Разважанні запрашаюць наследаваць прыклад Езуса, Які вучыць служэнню, прабачэнню, адмаўленню і пакутам, Які сваім жыццём засведчыў “сапраўдную і бескарыслівую любоў да бліжняга”.

Мы развучыліся заўважаць людзей у патрэбе

Асноўныя падзеі, якія мелі месца па дарозе на Галготу, выклікаюць у сястры Эўджэніі асацыяцыі з сітуацыямі, сведкай якіх яна стала сама: у сустрэчы Езуса з Марыяй яна бачыць “шматлікіх матуль, якія дазволілі сваім маладым дзецям выехаць у Еўропу ў надзеі так дапамагчы сваім надзвычай бедным сем’ям, а знайшлі прыніжэнне, пагарду, а часам нават смерць”; уразлівасць і чалавечая слабасць, пра якія сведчыць першае падзенне Езуса, нагадваюць пра “самаран сучаснасці”, якія схіляюцца “з любоўю і спагадай над мноствам фізічных і маральных ран тых, хто кожную ноч адчувае страх цемры, адзіноцтва і абыякавасці”.

“На жаль, сёння мы часта не ўмеем заўважыць людзей у патрэбе, убачыць параненых і прыніжаных, – піша законніца. – Часта адстойваем свае правы і інтарэсы, але забываем аб правах і інтарэсах бедных і апошніх у чарзе”. У сувязі з гэтым аўтар заклікае прасіць Бога, каб дапамог нам “любіць і не заставацца неадчувальнымі да плачу, пакут і крыку болю іншых людзей”.

Непаўналетнія, мігранты і ахвяры гандлю людзьмі – з Езусам на шляху на Галготу

Дзеці і падлеткі, у тым ліку сярод мігрантаў, якія сталі ахвярамі гандлю, “пазбаўленыя права на шчаслівае дзяцінства”, – у цэнтры ўвагі італьянскай законніцы. Сястра Эўджэнія заклікае “расці ва ўсведамленні таго, што ўсе мы нясём адказнасць за гэтую праблему” і што “усе мы можам і павінны быць часткай яе рашэння”. У восьмай стацыі гэты заклік скіраваны асаблівым чынам да жанчын. Ад іх патрабуецца мужнасць і здольнасць “бачыць і дзейнічаць”, ставячыся да бедных, чужаземцаў і адрозных не як да ворагаў, якіх трэба адкідаць і перамагаць, але як да братоў і сясцёр, якіх варта прымаць, каб дапамагчы.

Прыніжэнне Хрыста – прыніжэнне жанчын, ахвяр культуры “карыстання і выкідання”

Дзявятая стацыя, якая ўзнаўляе трэцяе падзенне Езуса, асаблівым чынам прысвечана шматлікім дзяўчатам, змушаным да прастытуцыі, маладымі целамі якіх злоўжываюць, якія зневажаюць і знішчаюць. Гэта вынік культуры карыстання і выкідання, пераканана сястра Эўджэнія. На яе думку, пытанне Бога: “Дзе брат твой? Дзе сястра твая?” павінна “дапамагчы падзяліць пакуты і прыніжэнне шматлікіх асоб, да якіх ставяцца як да адкідаў”.

Грошы, дабрабыт і ўлада – ідалы ўсіх часоў

Годнасць, прыгажосць і моц чалавека страцілі сваю першасную значнасць. Ідалы ўсіх часоў – грошы, дабрабыт і ўлада – зрабілі ўсё таварам. На шчасце, ёсць яшчэ людзі, здольныя рызыкаваць сваім жыццём дзеля выратавання іншых. Аўтар разважанняў нагадвае пра трагедыю Міжземнага мора, якое імкнуцца пераадолець шматлікія сем’і ў пошуку бяспекі і магчымасцей, асобы, што бягуць ад беднасці дыктатуры, карупцыі і нявольніцтва – усе тыя, прыгажосць і багацце якіх неабходна вынайсці нанова, бо гэта “ўнікальны і непаўторны Божы дар”, які трэба скіраваць “на служэнне ўсяму грамадству, а не на дасягненне персанальных інтарэсаў”.

Смерць і ўваскрасенне Езуса – навука жыцця

Магіла Хрыста прымушае задумацца над “новымі могілкамі сучаснасці”: пустыняй і морам, дзе знаходзяць месца вечнага адпачынку “мужчыны, жанчыны і дзеці, якіх мы не змаглі або не пажадалі ўратаваць”. “Пакуль улады вядуць дыскусіі, закрыўшыся ва ўрадавых палацах, — заўважае сястра Эўджэнія, — Сахара папаўняецца скелетамі людзей, якія не вытрымалі цяжкасцей, голаду і смагі, а мора ператварылася ў водную магілу”.

Аўтар разважанняў пажадала, каб смерць Хрыста “дала кіраўнікам дзяржаў і адказным за заканадаўства ўсведамленне іх ролі ў абароне кожнага чалавека”, і каб уваскрасенне Хрыста служыла “маяком надзеі, радасці, новага жыцця, братэрства, гасціннасці і адзінства паміж народамі, рэлігіямі і законамі”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку