Крыжовы шлях: набажэнства з вялікай гісторыяй і глыбокай малітвай

Гісторыя набажэнства Крыжовага шляху сягае да першых пакаленняў хрысціянаў, якія з глыбокай пабожнасцю ўшаноўвалі падзеі і месцы, звязаныя з жыццём, мукай, смерцю і ўваскрасеннем Хрыста.

Крыжовы шлях — гэта напамін пра шакуючы сваім жорсткім рэалізмам найважнейшы ў гісторыі збаўлення ахвярны чын Божага Сына: Яго дарогу пакутаў ад месца смяротнага прысуду з вуснаў Пілата (у т. зв. крэпасці Антонія) праз вуліцы Ерузалема да ўрочышча за сценамі горада пад назвай Галгота (лац. Кальварыя). Там Хрыстус быў укрыжаваны і памёр за збаўленне чалавецтва. Захаваліся дакладныя гістарычныя крыніцы з 380 г., якія апісваюць перадвелікодныя набажэнствы хрысціянаў Ерузалема з нагоды наведвання мясцінаў, звязаных з найважнейшымі пасхальнымі падзеямі: шэсце з малітвамі і спевамі ў Пальмовую нядзелю, наведванне Гетсіманскага саду ў Вялікі чацвер, малітоўная працэсія на Галготу і адарацыя Крыжа ў Вялікую пятніцу.

Развіццё гэтага набажэнства на Святой Зямлі было на некаторы час затрымана з-за набегаў язычніцкіх плямёнаў і мусульманскіх заваяванняў. Калі ў 1099 г. хрысціянскім ваярам-рыцарам удалося вызваліць Ерузалем ад ісламскіх заваёўнікаў, распачаўся новы перыяд у развіцці пілігрымак да святых месцаў, звязаных з жыццём, мукай, смерцю і ўваскрасеннем Хрыста. Былі адроджаныя або нанова збудаваныя касцёлы на кожным памятным для хрысціянаў месцы Святой Зямлі. Крыніцы з XI–XIII стагоддзяў апісваюць, як вернікі з пакутнымі малітвамі і спевамі праходзілі па той самай дарозе, па якой Езус нёс Крыж збаўлення свету. Пісьмовыя крыніцы з 1228 г. упершыню ўжываюць вядомую назву гэтай ерузалемскай дарогі – «Via Dolorosa» (Балесны шлях), а ў 1294 г. упершыню ў пісьмовых крыніцах сустракаецца назва набажэнства: «Kрыжовы шлях» (італ. Ricoldo da Montecroce).

У 1320 г. надзвычай важныя для хрысціянаў і тысяч пілігрымаў месцы на Святой Зямлі Касцёл даверыў апецы францішканаў. Яны ўпарадкавалі спосаб наведвання і парадак малітваў у святых месцах. Лічыцца, што менавіта браты францішкане пачалі ствараць вядомае нам у сучасным выглядзе набажэнства Крыжовага шляху з рознымі варыяцыямі стацый (малітоўных прыпынкаў), праходзячы дарогу мукаў Езуса па вуліцах Ерузалема. Канчаткова набажэнства набыло сучасныя рысы толькі ў канцы XVIII ст., хоць назва «Крыжовы шлях» канчаткова замацавалася за гэтым набажэнствам намнога раней — у 1458 г. (Уільям Уэй).

Даследчыкі лічаць, што на развіццё малітоўнага перажывання Крыжовага шляху ў вялікай ступені паўплывала адраджэнне пілігрымкавага руху да Святой Зямлі пасля яе вызвалення ад мусульманаў у XI ст. Вернікі маглі фізічна дасягнуць месцаў, дзе жыў, хадзіў, быў замучаны і ўваскрос Збавіцель свету (культ Святога Крыжа, Божага Гробу і да т.п.). Менавіта ў гэты перыяд (ХІ–ХІІІ стст.) па ўсёй Еўропе бурна развіваецца набажэнства да Хрыстовай Мукі (св. Бэрнард з Клерво, св. Францішак Асізскі і інш.). Вернікам хацелася суадчуць не толькі духоўна, але і фізічна — праз пачуцці, дотык, сузіранне — усё тое, што перажываў Езус як Сын Божы і як Чалавек падчас Яго асуджэння, бічавання, крыжавання, памірання за людскія грахі.

Далёка не ўсе вернікі мелі магчымасць пабываць на Святой Зямлі, таму спачатку пры касцёлах францішканаў, а пасля і пры кожным касцёле па ўсім свеце, пачалі арганізоўвацца мясціны для духоўных пілігрымак па Святой Зямлі: кальварыі, каплічкі, візуалізаваныя стацыі і набажэнствы Крыжовага шляху на ўзор ерузалемскіх. У XVI ст. гэтае набажэнства пачало набываць рысы, усё больш падобныя да сучасных (Адрыхоміус, 1584 г.). У XVIII ст., у часы барока, гэтае набажэнства набыло надзвычай багатыя формы як у знешнім выглядзе (выявы, каплічкі, стацыі, літургічнае аздабленне і цырымоніі), так і ў форме малітваў, спеваў і духоўных разважанняў.

Шматвяковая папулярнасць набажэнства Крыжовага шляху звязана з тым, што яно дае нам магчымасць сузіраць чалавечае аблічча Бога і заглыбіцца ў Яго перажыванні. У муке Хрыстус явіцца нам перадусім не як Усёмагутны Стварыцель з неба, але як зямны Чалавек з крыві і косці. Ён ходзіць па нашых сцяжынах, есць, спіць, размаўляе, стамляецца, смяецца і плача. Ён такі блізкі, даступны і зразумелы! Чалавечны. Нам, людзям, не трэба шмат тлумачыць, што такое боль несправядлівага асуджэння, збіццё, параненасць, апляванне і няўдзячнасць акружэння. Не трэба быць вучоным, каб зразумець усе гэтыя пачуцці і перажыванні, а праз іх глыбей спасцігнуць боль любячага Бога (гл. Рым 5, 8; Эф 2, 4–7).

Развіццё духоўнасці, звязанай з пабожным суадчуваннем мукі Збавіцеля, заўсёды пабуджала вернікаў да больш глыбокага пакаяння. Чым больш разумееш цану Крыжовых пакутаў, цану Збаўлення, тым больш усведамляеш незаслужанасць дару Хрыстовай Ахвяры і Адкуплення (гл. Ян 10,18). Такі падыход да пакаяння дапамагае чалавеку адарвацца ад духоўна небяспечнай сканцэнтраванасці на ўласнай грэшнасці, каб пачаць разглядаць яе з перспектывы любові Бога. Духоўная (і жыццёвая) пераарыентацыя з грэшнага «я» на любячага Бога, калі не грэх, але дар Хрыстовага Крыжа становіцца цэнтрам аднясення да ўсяго, стварае зусім іншы падыход і да веры, і да сябе, і да ўсяго свету (гл. Гал 3, 13). Малітва становіцца ўсё больш кантэмпляцыяй (малітоўным сузіраннем і захапленнем) сапраўднага Аблічча Бога, бязмежна любячага аж да Ахвяры Крыжа, аж да мукі і смерці. Таму набажэнства Крыжовага шляху дапамагае верніку выправіць жыццёвыя і малітоўныя арыенціры, каб адэкватна і з перспектывы вечнага збаўлення разглядаць сябе і сваё акружэнне.

Усведамленне вялікай праўды пра тое, што грэшнасць чалавека нельга разглядаць толькі з пункту гледжання яго слабасці і нікчэмнасці, але з перспектывы ўкрыжаванай любові Бога, стала імпульсам да паглыблення тэалогіі Крыжа. Ужо з часоў Сярэднявечча гэта спрыяла развіццю малітоўнага культу, медытацыі і кантэмпляцыі Хрыстовых Ранаў, Крыві, Найсвяцейшага Сэрца. Пасійная (лац. «passio» — мука) пабожнасць яшчэ больш паглыблялася праз т.зв. містэрыі: вулічныя інсцэніроўкі Крыжовага шляху, Мукі, пахавання Езуса.

Напрыклад, візуалізаваны Крыжовы шлях, падрыхтаваны дамініканцамі ў XVI ст., налічваў ажно 108 стацый і карыстаўся надзвычайнай папулярнасцю ва ўсіх гарадах Еўропы, у тым ліку і ў Беларусі. Гэта была сапраўдная рэлігійная падзея, моцныя рэкалекцыі працягласцю ў чатыры дні. Сумяшчэнне глыбокай тэалагічнай думкі з разважаннем пра боль Бога, фізічна ўвасобленыя ў Муцы і Смерці Хрыста, робіць набажэнства Крыжовага шляху надзвычай важным сродкам духоўнага сталення.

У другой палове XX ст. Касцёл звярнуў увагу на яшчэ адзін важны момант пасійнай пабожнасці — яе пасхальную перспектыву. Канстытуцыя «Sacrosanctum Consilium» ІІ Ватыканскага Сабору (1963 г.) заклікае душпастыраў і вернікаў дапасоўваць усе набажэнствы да пасхальнага духа літургіі Касцёла (SC 13), у сувязі з чым у другой палове ХХ ст. у набажэнствах Крыжовага шляху на заканчэнне або ў выглядзе апошняй стацыі дадаецца малітоўнае разважанне пра Змёртвыхпаўстанне Хрыста. Справа Адкуплення свету скончылася не на Крыжы, не ў смерці, але ў поўнай перамозе ўваскрослага і вечна жывога Езуса над грахом, смерцю, д’яблам і над усялякім злом.

Сучасны пасхальны акцэнт у набажэнстве Крыжовага шляху вельмі моцна пераклікаецца з духоўнасцю першых вякоў хрысціянства, калі ўся літургія, малітва, медытацыя і кантэмпляцыя, усё жыццё чалавека разглядалася і перажывалася ў святле Хрыстовай Пасхі — абсалютнай перамогі бязмежнай Любові Бога ў балеснай барацьбе за збаўленне чалавека (гл. Ян 12, 32; Флп 2, 8). Касцёл нагадвае нам вельмі важную праўду Божага Аб’яўлення: неабходна разглядаць грэх у святле збаўлення; пакаянне — у святле прабачэння; нягоднасць — у святле дару; Крыж — у святле ўваскрасення. Няма такога болю, пакутаў ці смерці, якія Божая любоў не магла б перамагчы, аздаравіць і збавіць (гл. Ян 3, 14–15). Крыжовы шлях Хрыста — гэта вечны напамін пра неверагодную і ўсёпераможную любоў Пана, які стаў Чалавекам, каб учыніць нас сваімі выратаванымі дзецьмі (гл. Ян 3, 16; 1 Кар 1, 23–24).

Кс. Андрэй Рылка, ave-maria.by

для друку для друку