Крыжовы шлях вуліцамі Гродна: злучыць жыццё Езуса з нашым штодзённым жыццём

24 сакавіка сотні жыхароў Гродна прынялі ўдзел у Крыжовым шляху вуліцамі горада. Перад яго пачаткам яны традыцыйна сабраліся ў катэдры св. Францішка Ксаверыя на святой Імшы.

Эўхарыстыю ўзначаліў кс. канонік Ян Кучынскі, пробашч катэдры. “Мы збіраемся сёння, каб усвядоміць, што кожны з нас з’яўляецца вучнем Езуса Хрыста і што мы хочам ісці за нашым Настаўнікам, які дае нам прыклад нясення нашых штодзённых крыжоў”, – звярнуўся святар да прысутных у касцёле.

У гаміліі кс. канонік Антоні Грэмза, душпастыр моладзі, адзначыў, што Езус Хрыстус жадае заўсёды пранізваць штодзённасць кожнага чалавека, “бо ўваходзіць у нашу гісторыю жыцця і пранізвае гэтую рэчаіснасць сваёй прысутнасцю”.

“Мы хочам сёння злучыць жыццё Езуса з нашым штодзённым жыццём”, – дадаў кс. Антоні Грэмза.

Па словах святара, кожны чалавек мае свой уласны крыж, які атрымаў ад Пана, і заданне кожнага – вытрываць у нясенні гэтага крыжа да самага канца.

“Калі мы нясём гэты крыж на ўзор Езуса Хрыста, наша жыццё становіцца лепшым, мы становімся сапраўднымі хрысціянамі, якія здольныя да прыняцця ахвяры і розных вырачэнняў”, – звярнуў увагу кс. Грэмза.

Святар заклікаў усіх прысутных штодзённа станавіцца на баку крыжа Езуса Хрыста і сведчыць аб Ім сваім штодзённым жыццём.

Пасля Імшы распачаўся Крыжовы шлях, які праходзіў ад катэдральнага касцёла праз Савецкую плошчу. Завяршылася набажэнства на Бернардынскім узгорку, у касцёле Адшукання Святога Крыжа.

Сёлетнія разважанні падчас Крыжовага шляху былі прысвечаны тэме сям’і і былі падрыхтаваны маладымі сужэнствамі горада Гродна. У разважаннях яны дзяліліся тым, чым жывуць іх сем’і, праблемамі і іх пераадоленнем.

Таксама ўздымаліся тэмы сужэнскай вернасці, адкрыцця на дар жыцця, крызісу ў сям’і, барацьбы з хваробай, спакусаў і інш.

Падчас набажэнства да крыжа падыходзілі i неслі яго прадстаўнікі розных парафій, семінарысты, юнакі, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях распазнання палікання, студэнты з Нігерыі, якія вучацца ва ўніверсітэтах горада.

Крыжовы шлях вуліцамі Гродна ў гэтым годзе адбыўся ўжо ў дзявяты раз. Ён з’яўляецца своеасаблівымі ўводзінамі ў атмасферу Вялікага тыдня і традыцыйна праходзіць у суботу вечарам перад Пальмовай нядзеляй – нядзеляй Мукі Пана.

Кс. Юрый Марціновіч, тэкст
Ангеліны Пакачайла, фота

grodnensis.by

для друку для друку