Крыніца і будучыня сям’і: Размова з айцом Пятром Фраштэнгам OСD

Размова з айцом Пятром Фраштэнгам OСD, душпастырам сем’яў, сакратаром Рады па справах сям’і.

— Айцец Пётр, распавядзіце, калі ласка, пра дзейнасць Рады па справах сям’і.

— Структуры душпастырства сем’яў пачалі стварацца ў Беларусі ў 1999 годзе па рашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў. Тады ж быў выбраны адказны за душпастырства сем’яў у Беларусі — біскуп Антоній Дзям’янка. У кожнай дыяцэзіі было заснаванае сваё Душпастырства сем’яў з адказным святаром і яго дарадчыкам. У 2002 годзе ККББ заснавала Раду па справах сям’і, кіраўніком якой таксама стаў біскуп Антоній. Рада каардынуе працу сямейных душпастырстваў, вырашае надзённыя пытанні, плануе іх дзейнасць. Мы займаемся справаю духоўнага ўсынаўлення, арганізуем нацыянальныя пілігрымкі сем’яў, зай­маемся адукацыяй дарадчыкаў сем’яў, раз на год робячы для іх рэкалекцыі. Ёсць сямейная «Школа нараджэння», трэці год мы арганізуем курсы тэрапіі вырашэння сямейных праблемаў, вучым, як працаваць з сем’ямі. Два нашыя важныя праекты — гэта Курсы сямейнага жыцця ў Гродне і «Школа сямейнага жыцця» ў Мінску.

Мы прымаем удзел у Міжнародных сустрэчах сем’яў, якія праходзяць раз на тры гады. У наступным годзе ў Дубліне адбудзецца сустрэча, тэмаю якой будзе: «Евангелле сям’і — ра­дасць для свету».

— Атрымліваецца, што Рада каардынуе падтрымку сям’і на ўсіх этапах яе развіцця. Ці можна сказаць, што сям’я ў нас заўжды можа атрымаць падтрымку, параду кансультантаў і іншую дапамогу?

— Задача Рады — гэта найперш дапамога Канферэнцыі Біскупаў у вырашэнні ўсіх справаў, звязаных з сем’ямі. Але сям’я сапраўды заўжды можа папрасіць падтрымкі ў нашых кансультантаў у сваёй дыяцэзіі. Іх кантакты ёсць, напрыклад, на картках «Духоўнага ўсынаўлення», якія мы выпускаем штогод. Пры парафіях існуюць сямейныя кансультацыі, дзе працуюць валанцёры, выпускнікі «Школы сямейнага жыцця» ў Гродне і Мінску. Там заўжды можна атрымаць дапамогу ў сямейных справах і ў барацьбе з залежнасцямі.

— А ці існуе ў нас статыстыка таго, з якімі праблемамі найбольш сутыкаецца беларуская сям’я?

— Касцёл не збірае такіх да­дзеных, бо гэта найчасцей вельмі асабістыя і далікатныя справы, але, па маім досведзе, праблема, з якою найперш сутыкаюцца сучасныя сужэнствы, — гэта бясплоднасць, прычым не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Згадзіцеся, што найчасцей адна з галоўных мэтаў новастворанай сям’і — гэта дзеці. Абсалютная большасць сужэнцаў пасля заключэння шлюбу хоча мець дзяцей. А калі з пэўных прычынаў гэта не атрымліваецца, пачынаюць вынікаць іншыя праблемы, у тым ліку і разводы.

— Як бы Вы ацанілі сітуацыю з крызісам сучаснай сям’і?

— Так, сучасная сям’я перажывае крызіс, але найперш, гаворачы пра гэта, трэба адзначаць добрае. Касцёл асаблівым чынам звяртае ўвагу на каштоўнасць сям’і для грамадства, бо сям’я — гэта Евангелле ў свеце, Добрая Навіна. Сведчанне хрысціянскіх сем’яў можа мінімізаваць крызіс і яго наступствы, у гэтым іх задача. У многіх краінах тыя, хто мае ўладу, мэтанакіравана знішчаюць сапраўдныя сем’і. Я свядома не хачу гаварыць «традыцыйныя сем’і», бо сужэнства мужчыны і жанчыны, з якога будуецца сям’я, — гэта не толькі традыцыя, але і Божы закон. Цяпер я чытаю кнігу кардынала Роберта Сараха «Бог або нішто», які піша, што асабліва агідна, калі багатыя дзяржавы змушаюць бяднейшыя прымаць выгадныя для іх рашэнні за грошы. Маўляў, мы вам грант, а вы падтрымліваеце пэўную ініцыятыву. Так адбываецца лабіраванне аднаполых сужэнстваў, арганізуецца свабодны бясплатны доступ любога чалавека да кантрацэптыўных сродкаў, абортаў, вядзецца гендэрная палітыка і іншае.

— А для чаго гэта робіцца? Каб аслабіць народ, зрабіць яго падуладным?

— Мне здаецца, справа ў тым, што грамадства перастае думаць пра сапраўдныя каштоўнасці, адыходзіць ад Бога. Калі Бога няма ў нашым жыцці, змяняецца іерархія каштоўнасцяў. Нядаўні прыклад: ААН афіцыйна пазба­віла чалавечыя зародкі права на жыццё, гарантаванае міжнароднай супольнасцю. Мы ж, як хрысціяне, не можам з гэтым пагадзіцца!

— Цікава, што адначасова існуе факт свабоднага карыстання кантрацэптыўнымі сродкамі і праблема бясплоднасці. Гэта ж, відавочна, звязана, бо адно ўплывае на другое.

— Ёсць шмат жанчынаў, якія думаюць (і мужчыны іх у гэтым падтрымліваюць), што пералічанае — гэта дапаўненне да іх асабістай свабоды: «Я вырашаю за сваё цела, я каралева, што хачу, тое і раблю. Хачу адда­ваць сябе, мець дзяцей не хачу…» Цела ж — святыня Духа Святога, і трэба ставіцца да яго з глыбокаю пашанаю, інакш пасля ўзнікаюць праблемы, бо чалавечы арганізм мае сваю прыроду і не любіць, калі ў яе недалікатна ўмешваюцца, гэта вельмі тонкая сістэма, якую можна лёгка сапсаваць, злоўжываючы фармакалагічнымі сродкамі.

— І адсюль жа пасля вынікаюць этычныя праблемы з ЭКА, штучным зачаццем…

— Так, гэта замкнёнае кола, у якім адно цягне за сабою іншае…

— Чым спрабуюць замяніць сапраўдную сям’ю ў сучасным грамадстве? Бо чалавек жа не хоча быць адзінокім, але цяпер яму кажуць, што сям’я — саста­рэлае паняцце…

— Прыклад сучаснага грамадства паказвае, што рэклама і адукацыя маюць вельмі важнае значэнне, асабліва ў сексуальнай сферы. Калі мы гаворым дзецям, што не важна, палюбіш ты мужчыну ці жанчыну, калі гаворым, што можна пасля вырашыць, хто ты, мужчына ці жанчына (гендэрная ідэалогія), мы не проста выказваем сваю думку: мы выхоўваем і ўплываем на мысленне дзяцей. У школьным узросце мозг дзіцяці развіваецца найбольш — чым мы яго «кормім», тое і атрымаем у будучыні.

— Мы закранулі тэму гомасексуалізму. Нельга адмаўляць, што ёсць пэўны працэнт людзей, якія па тых ці іншых гарманальных, псіхічных, генетычных прычынах маюць праблемы з самаідэнтыфікацыяй. Ці маюць яны ў нашай краіне магчымасць шукаць у Касцёле нейкай асабістай падтрымкі?

— У кожнай краіне існуе гэтая праблема. У Беларусі пра яе амаль не гаворыцца, але гэта не значыць, што яе няма. Да нас, душпастыраў, звяртаюцца людзі з гэтаю праблемаю, і ім абавязкова трэба дапамагаць. Кардынал Сарах у сваёй кнізе канкрэтна гаворыць, і я згодны з ім, што трэба падыходзіць да такіх асобаў з вялікаю пашанаю, як да кожнага чалавека, але нельга згаджацца з прапагандаю падобнага жыцця, якое пярэчыць Божым запаведзям, нельга браць яго за прыклад, як гэта робіцца цяпер у многіх краінах.

— Нельга рабіць гэта нормаю…

— Возьмем прыклад Ірландыі. 90 % ірландцаў лічаць сябе католікамі. Нядаўна ж, падчас рэферэндуму, яны далі згоду на заключэнне аднаполых «сужэнстваў». Гэта чыстая палітыка. Справа не ў тым, што іх так выхоўвалі ў дзяцінстве, прышчэплівалі падобныя «каштоўнасці». Гэта прапаганда, уплыў на мысленне чалавека і вялізныя грошы, якія выдаткоўваюцца для маніпуляцыі людзьмі. Варта дадаць, што ўсе праблемы, з якімі сутыкаецца Еўропа, гэта і нашыя праблемы, хоць пра гэта і мала гаворыцца.

— Вы лічыце, што трэба гаварыць больш?

— Трэба гаварыць больш не аб праблемах, а дапамагаць лю­дзям зразумець, у чым прычына пэўнай праблемы і якія яе наступствы, пра што прапаганда, дарэчы, ніколі не гаворыць.

— Якую параду Вы далі б сучасным сужэнствам і сем’ям? Куды ім звяратцца, на што абапірацца?

— Я магу даць толькі адну параду — вяртацца да каранёў, да Бога і Бібліі і там шукаць парады. Заўжды знойдуцца святары і іншыя добрыя хрысціяне, якія могуць аказаць падтрымку, але Божыя запаведзі — крыніца і будучыня сям’і. Сёння шмат людзей гаворыць, што Божы закон забівае нас, бо нічога не дазваляе, а толькі забараняе, а павінен быў бы дапамагаць нам вырашаць праблемы і быць шчаслівымі. Гэта няправільнае разуменне свабоды. Калі мы жадаем жыць па прынцыпе «рабі, што хочаш», тады маральнасць і Божыя запаведзі ўспрымаюцца як абмежаванне, а калі разумець свабоду як праўду і ўсведамляць, што мы можам быць свабоднымі толькі ў Божай праўдзе, тады мы пачнем і думаць інакш. Калі крыніцаю праўды для нас з’яўляецца Евангелле, мы не можам згаджацца з тым, што, напрыклад, лабіруе ААН датычна жыцця эмбрыёна, мы не можам лічыць гэта разумным. Гэта вынік таго, што людзі шукаюць «крыніцу» праўды ў іншым. Падмена каштоўнасцяў — гэта як смяротная хвароба, а мы мусім абапірацца на адвечныя хрысціянскія каштоўнасці, каб ісці да жыцця і ўваскрасення.

— Дзякуй вялікі за цікавую і карысную размову.

ave-maria.by

для друку для друку