«Крокі да святасці»: у Браславе прайшла сустрэча для моладзі

У панядзелак, 6 лістапада, у Браслаўскай парафіі адбылася сустрэча для моладзі пад назвай «Крокі да святасці». Карысна правесці час пажадалі каля 70 школьнікаў і студэнтаў з Браслава, Мёраў, Полацка, Глыбокага і Ахрэмаўцаў.

Ініцыятарам стала моладзь Браслаўскай парафіі, а ў арганізацыі сустрэчы дапамаглі ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі і сястра Ганна Мізавец. Менавіта яны дапамагалі маладым людзям зразумець, навошта варта імкнуцца да святасці і ці рэальна гэта ў цяперашні час, а таксама адшукалі ў Бібліі, што кажа Бог пра Божае Валадарства.

«Ці сёння можна быць святым? – такім пытаннем распачаў канферэнцыю кс. Уладзімір. – Калі б спадзяваліся толькі на людскія сілы, то гэтая мэта сапраўды здавалася недасяжнай. Але Бог даў нам моц – святыя сакрамэнты, дзякуючы ім можам рабіць крокі наперад да святасці».

Святар падкрэсліў, што ў гэтым крочанні важным з’яўляецца адкрытасць чалавека. «Адкрытасць не толькі на іншага чалавека, але і на Бога, − патлумачыў кс. Уладзімір Шыдлоўскі. − Ведаеце, чаму столькі людзей адыходзяць смутнымі ад спавядальні? Таму што ў глыбіні сэрца адчуваюць, што недаканца паспавядаліся, не былі шчырымі, адкрытымі Богу».

«Людзі на святы стаяць у чарзе да споведзі, а пасля яе адыходзяць радасныя, бо ксёндз нічога не распытваў пра грахі. Кажам, што ўкралі шнурок, але не кажам, што да яго была прывязана карова. Навошта тады ідзём да споведзі? Патрэбна адкрытасць на Бога ў кожным сакрамэнце. Рабіце правільна гэтыя крокі. Бо можам думаць, што ўсё жыццё ідзём да святасці, а насамрэч стаім на месцы», − завершыў святар.

Падчас сустрэчы шмат часу было прысвечана малітве: святая Імша, адарацыя. Моладзь таксама вучылася «чытаць сэрцам» Біблію, слухаць Бога, быць на Яго адкрытым, а пасля дзяліцца думкамі і перажываннямі з іншымі.

Канешне, такія сустрэчы даюць магчымасць наблізіцца не толькі да Бога, але і адкрыцца на іншага чалавека: атрымаць новыя знаёмствы, сустрэць добрых сяброў і разам правесці вечар у радасці. Думаецца, што сустрэча стала для ўсіх удзельнікаў упэўненым крокам наперад да святасці, да Бога.

Святлана Жылевіч, тэкст
Аляксандр Анісько, фота

waladarka.by

 

для друку для друку