Кожны дзень аўтастопам да касцёла . Як 72-гадовая пані Марыся дзеліцца хлебам

Пра гэтую цудоўную парафіянку каталіцкага храма ў пасёлку Новы Двор Шчучынскага раёна Katolik.life даведаўся ад вядомага ў Беларусі «брата Луіджы» — заснавальніка прытулку для бяздомных. 72-гадовая пані Марыся — бабуля, якая жыве адна ў глухой вёсачцы. Але і ў такім шаноўным узросце яна не сядзіць на канапе, печы, агародзе і іншых звыклых для пенсіянераў тэрыторыях.

— Кожны дзень пані Марыся галасуе на трасе, каб дабрацца ў касцёл на святую Імшу. Да пасёлка — сем кіламетраў, а аўтобусаў няма. На папутках пераадольвае бабуля і больш сур’ёзныя адлегласці — 50, 100 кіламетраў для яе не праблема. Яна імкнецца ўдзельнічаць у кожным парафіяльным фэсце ў акрузе. Машына, другая — і пані Марыся даязджае ў розныя касцёлы, каб патрапіць на святочную службу, — кажа Луіджы.

Прычым, бабуля не прыязджае з пустымі рукамі. У сваёй печы яга гатуе хатні хлеб, якім частуе святароў і бедных у мясцовым прытулку.

І ў сваю парафію пані Марыся прыязджае кожную нядзелю з хлебам, каб падзяліцца з пробашчам.

— Яе называюць бабуляй міласэрнасці. Яна з дзяцінства верніца — у храм яе вадзілі бацькі. Перажыла вайну, савецкі час, калі зачынялі касцёлы і ламалі крыжы, але веру не пакідала. Распавядала, як мама ёй казала: захоўвай веру і трымай у руках ружанец, тады Марыя заўсёды будзе весці цябе да Хрыста добрай дарогай. Таму заўсёды моліцца на Ружанцы. Пані Марыся вельмі любіць і шануе людзей, у кожным чалавеку вучыць бачыць Езуса, — дадаў заснавальнік прытулку.

У гасцях у незвычайнай бабулі нядаўна пабывала мінчанка Наталля, яна пацвердзіла — слава пра хлеб пані Марысі ходзіць па ўсім раёне! Таксама Наталля сабрала 5 цытат ад незвычайна добрай, чулай, мудрай, прыгожай душой бабулі:

  1. Кожны дзень пачынай і сканчай малітвай, вучы гэтаму дзяцей;
  2. Не бывае кепскіх людзей, мы ўсе анёлы, якія ад Бога прыйшлі на зямлю;
  3. Дзяўчынкі — гэта кветачкі, а хлопчыкі — каб паліваць кветкі, каб яны расквіталі;
  4. Хадзіце ў касцёл на св. Імшу, на вас будуць глядзець суседзі і таксама будуць за Богам ісці, а вы будзеце падглядаць за іншымі вернікамі, вучыцца жыццю ў іх;
  5. Чалавек, які за Бога не трымаецца, як дрэўца, якое не падвязалі.
для друку для друку