Копія карціны “Аршанская бітва” знаходзіцца ў рэкалекцыйным доме ў Оршы

У рэкалекцыйным доме пры парафіі святога Юзафа ў Оршы ёсць копія карціны “Аршанская бітва”. Знаходзіцца яна тут больш за дваццаць гадоў.

— Яна з даўніх, з дзевяностых гадоў тут знаходзіцца. Гэта копія карціны, якая ёсць у варшаўскім музеі. Часта экскурсіі прыязджаюць, яны хочуць яе ўбачыць, — кажа айцец Аляксандр Жарнасек, які з’яўляецца пробашчам парафіі святога Юзафа.

Сам арыгінал карціны знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Ён большы за аршанскую копію, карціна мае 1 м 65 см вышыні і 2 м 60 см шырыні. Напісана яна адразу пасля бітвы, паміж 1520 і 1534 гадамі. Падрабязнасці ў аднаўленні дэталей паказваюць, што мастак сам непасрэдна ўдзельнічаў у гэтай бітве. Аўтарам карціны лічыцца нямецкі мастак Ганс Крэль, хаця на афіцыйным узроўні яго аўтарства не даказана.

Бітва пад Оршай паміж войскамі Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага адбылася 8 верасня 1514 года, закончылася перамогай войска Вялікага княства Літоўскага.

На пытанне, ці ведаюць сучасныя аршанцы пра падзеі пяцісотгадовай даўніны, айцец Аляксандр адказаў: «Ведаюць, канешне. Хто хоць трохі нешта чытае, хто нечым цікавіцца».

Святар лічыць, што ў гісторыі Оршы было шмат драматычных момантаў: «Аршанская бітва толькі адзін з іх. Тут праходзілі амаль усе войны, тут турма НКУС была. І тая турма, куды я зараз хаджу як святар, былая перасыльная турма НКУС. Пра гэта людзі можа менш ведаюць, што большасць нашых асуджаных святароў, уключаючы святой памяці кардынала Казіміра Свёнтака, ішлі праз Оршу. Калі гаварыць пра Глыбоччыну, то гэта ксяндзы Францкевіч, Люцыян Паўлік, марыяне, яны ўсе ішлі праз Оршу, а потым ужо этапам у сталінскія лагеры.»

Не менш драматычны лёс і самога касцёла святога Юзафа. Існуючы будынак касцёла быў пабудаваны напрыканцы XVIII стагоддзя. У 1870 годзе на загад царскіх уладаў былі разабраныя вежы касцёла. Храм дзейнічаў да 30-х гадоў ХХ стагоддзя. У 1937 годзе ён быў зачынены і перароблены пад Дом культуры. У 1989 годзе будынак быў зноў перададзены вернікам і адрэстаўраваны.

Зміцер Лупач

для друку для друку