Колькі часу аддаць Богу?

Малітва – гэта сустрэча з Жывым Богам і размова з Ім. Яднанне з Госпадам у малітве – вялікі скарб, дадзены чалавеку. Колькі часу ў дзень вернікі прысвячаюць Богу, вырашыў даведацца “Каталіцкі Веснік”.

Taccana SabaleuskajaТаццяна Сабалеўская:

– Малітва, або размова з Богам, з’яўляецца важнай часткай жыцця хрысціяніна. Асабліва падчас Вялікага посту наша ўвага павінна асаблівым чынам накіроўвацца на гэту адну з найважнейшых хрысціянскіх спраў.

Бог хоча размаўляць з намі. Ён радуецца бязмежна, калі мы прыходзім да Яго не толькі падчас ранішняй і вячэрняй малітвы і нядзельнай Святой Імшы, але і на працягу дня. Не толькі з завучанымі малітвамі з Катэхізісу, але і са сваімі словамі, каб раскрыць перад Ім сваё сэрца, як перад Сябрам. Ён хоча, каб мы пачыналі свой дзень разам з Ім, былі з Ім на працягу дня, а таксама дзякавалі і перапрашалі вечарам. Але гэта не заўсёды так проста здзейсніць у сённяшні імклівы час.

Я стараюся прысвячаць Богу час і размаўляць з Ім на працягу дня. Ранішняя малітва, словы падзякі і просьбы падчас шляху на працу і дамоў. Вечарам больш падрабязная размова праз каронку да Божай Міласэрнасці, ружанец або праслаўленне, спалучаныя з малітвай сваімі словамі і чытаннем Бібліі. Ну і рэгулярныя Святыя Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту.

Марат Бузо:Marat Buzo

– На жаль, Богу ў малітве прысвячаю мала часу. Раней прысвячаў больш. Калі вучыўся ў каледжы, быў такі час, што нават кожны дзень удзельнічаў у Святой Імшы. А цяпер зранку дома вельмі рэдка малюся, звычайна ўжо ў машыне, пакуль праграваецца. Малюся ранішняй малітвай і перад дарогай.
Перад працай не малюся, але хачу пачаць гэтую практыку. На працы ніяк не магу вырвацца з калаўроту званкоў, спраў і абавязкаў, каб знайсці час або проста ўспомніць пра малітву. На самай справе гэтая магчымасць ёсць, але я ніяк не магу ёй скарыстацца. Малюся толькі перад і пасля абеду, але не заўсёды. Пасля працы зноў малюся ў машыне, пакуль праграваецца.

Вечарам мы молімся разам з Наташай (жонкай), дзякуем за пражыты дзень, за тое, што атрымалася і не атрымалася, просім пра патрэбныя ласкі для сябе і іншых, чытаем адзін раздзел з Бібліі.
Яшчэ я ўдзельнічаю ў ружанцовай малітоўнай групе, але і на Ружанцы малюся не кожны дзень. Часам проста забываюся. Бывае, успамінаю, а магчымасці няма. Калі вольныя хвіліны з’яўляюцца, не памятаю пра свой абавязак.

Я разумею, што для душы малітва вельмі патрэбная і Бог чакае ад мяне адказу на Яго любоў, але марнасць гэтага свету перамагае мае добрыя памкненні. Але я не здаюся і змагаюся кожны дзень за час для Бога ў маім зямным жыцці. Прашу Бога ў малітве, каб даў мне сілы перамагчы гэтую марнасць і заклапочанасць часовымі зямнымі справамі. Таксама стараюся падчас малітвы знайсці кантакт з жывым Богам, які ва ўсім вакол нас. І таму спадзяюся ў гэты асаблівы перыяд Вялікага посту навучыцца больш часу прысвячаць Богу і па-сапраўднаму якаснай малітве.

Andrej WiszneuskiАндрэй Вішнеўскі:

– Малітва – гэта не проста нейкі набор прыгожых слоў, гэта рэальная размова з Богам. Калі ты молішся, проста паўтараючы знаёмыя словы, то гэтага недастаткова. Неабходна задумвацца над сэнсам кожнага слова, бо з імі мы звяртаемся непасрэдна да Бога. Напрыклад, калі мы размаўляем з сябрамі або роднымі, мы ж думаем, што казаць. Так і з Богам трэба ўдумвацца пры размове.

Я малюся ў асноўным ранкам і ўвечары, але калі адчуваю патрэбу ў малітве, то магу гэта рабіць і па дарозе на працу, і стоячы ў чарзе ў краме. Месца для малітвы не мае прынцыповага значэння, галоўнае – жаданне і шчырасць у адносінах з Ім. Можна маліцца сваімі словамі, важна толькі, каб яны выходзілі з душы. У малітве можна знайсці душэўны супакой, папрасіць Госпада пра штосьці, падзякаваць Яму.

Маліцеся, дзяліцеся з Богам сваімі радасцямі і перажываннямі, Ён адкрыты для кожнага, Ён заўсёды побач і гатовы прыйсці на дапамогу і выслухаць.

Вольга Вішнякова:Volga Wisznakowa

– Зразумела, малітва – гэта не звычайная размова, і маліцца часам бывае няпроста… Асабліва сучасным маладым людзям, якія не маюць часу на пастаянную малітву. Але для таго, каб узрастаць у святасці, малітва нам неабходная. Праз малітву чалавек набліжаецца да Стваральніка. Калісьці апосталы – вучні Езуса Хрыста – прасілі Яго: “Пане, навучы нас маліцца”. Я таксама ў сваіх малітвах часта звяртаюся да Бога з гэтай просьбай… І цяпер, падчас Вялікага посту, узяла сабе пастанову – больш прысвячаць часу Богу і малітве…

Waleryj DouganВалерый Доўгань:

– Адказаць на гэтае пытанне няпроста. Для мяне малітва – частка жыцця, духоўная артэрыя, сіла і камунікаванне з Богам, магчымасць прасіць пра дапамогу. Гэта магчымасць пачуць Бога і зразумець Божую волю адносна сябе і іншых, бо не заўсёды чалавечыя жаданні могуць супадаць з “планамi” Бога. Гэта адна з нагодаў падзякаваць Богу і святым за дапамогу ў цяжкую хвіліну, за спакой у сям’і, у працы, у краіне. У дзень малюся каля гадзіны, таксама і па дарозе на працу і дамоў. Асабліва радуюся, калі атрымліваецца маліцца каля абраза Божай Маці Брэсцкай у пустым касцёле.

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

Колькі часу ў дзень Вы прысвячаеце Богу?

• 15-30 хвілін – 48 галасоў

• 30-60 хвілін – 36 галасоў

• 5-15 хвілін – 32 галасы

• Менш за 5 хвілін – 31 голас

• Больш за гадзіну – 25 галасоў

• Іншы адказ – 15 галасоў

Усяго: 187 галасоў

Ірына Грэйць

для друку для друку