Клопат пра мінулае, або Некалькі развагаў да Дня Усіх Святых

dzierkauszczyna_mogilki08Кожны святар у сваёй душпастырскай дзейнасці дзеліць значныя моманты жыцця са сваімі парафіянамі. Пераважна яны радасныя, такія, як хрост, вянчанне, Першая Камунія і г.д… Аднак святарская паслуга была б не поўнай, калі б пастыр не прысутнічаў пры завяршэнні людскога жыцця. Сакрамант намашчэння хворых пры небяспецы смерці, Віятык і само пахаванне. Святар добра ведае, што такое смерць і які сэнс укладае ў яго хрысціянства. Таму памятаць пра памерлых – гэта святы абавязак. Каб прыгледзецца, як выглядае клопат пра спачылых продкаў у Касцёле, сустракаюся з ксяндзом Андрэем Куліком, пробашчам парафіі ў Дзеркаўшчыне, што ў Глыбоцкім дэканаце Віцебскай дыяцэзіі.

Ксёндз Андрэй Кулік распавядае: “Мы павінны аддаць даніну памяці памерлым. Гэта выяўляецца ў нашых малітвах, у св. Імшы за спачылых, а таксама ў клопаце пра месца пахавання”. “Людзі самі памятаюць пра гэты абавязак, ці ўсё-такі пробашч мусіць нагадаць пра добраўпарадкаванне могілак?” – пытаюся.

– Парафіяне, канешне, дбаюць і памятаюць пра памерлых. Асабліва тыя сем’і, чые блізкія пахаваныя адносна нядаўна. Аднак што датычыцца вельмі старых могілак, то тут неабходны і напамін з майго боку, і арганізацыя працы, і дапамога сельсавета. Хадземце, пакажу вам, як мы добраўпарадкавалі могілкі, каторым ужо 200 гадоў.

Новы крыж на старых могілках

Выходзім з плябаніі і праз сотню-другую метраў заўважаем з дзясятак мужчын, якія нешта робяць на ўзвышшы. Аб’ём працы, відавочна, сур’ёзны: побач стаіць і чакае свайго часу трактар. Ксёндз Андрэй тлумачыць: “На гэтым цвінтары раслі вялізныя дрэвы. Могілкі былі ў запусценні. Летась разам з парафіянамі вырашылі навесці тут парадак. Выразалі дрэвы, пачысцілі сам цвінтар. Цяпер вось мужчыны нанова ўстанаўліваюць крыж”.

Падышоўшы бліжэй, вітаемся са старшынёй парафіяльнай рады. Уладзімір Фярковіч гаворыць: “Вельмі непрыгожа выглядала, калі пасярод вёскі старадаўнія могілкі былі ў такім запусценні. Цяпер тут парадак, аж сам від Дзеркаўшчыны ад гэтага змяніўся”. Аглядаюся навокал. Бачу, што на многіх помніках няма крыжоў і шмат дзе зусім не відаць межаў магіл. Ксёндз Андрэй пацвярджае маю думку: “Вось такая ў нас спадчына савецкага мінулага. Пазбіваныя крыжы і зруйнаваныя магілы. Але, дзякуй Богу, тое мінула і, думаю, ужо не паўторыцца. Мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем не толькі з простымі людзьмі, але і з прадстаўнікамі ўлады. Без дапамогі старшыні сельсавета Яўгена Клаўдзевіча Татуна нам бы сваімі сіламі не ўдалося зрабіць так многа. Але пачакайце, ён сам усё пакажа і раскажа.

Віхура і цуд на цвінтары

Развітаўшыся з парафіянамі, праз нейкі час ціснем руку старшыні сельсавета. Ксёндз Андрэй заводзіць гутарку пра блізкае Свята Усіх Святых і неабходнасць падправіць дарогу на вясковыя могілкі. “Цяжкавата ў нас пакуль з грашыма, але нешта прыдумаем”, – кажа Яўген Клаўдзевіч.

А галоўнай тэмай размовы ўсё-такі становіцца не сама дарога на могілкі, а яшчэ адны старыя пахаванні, якія вельмі зараслі хмызняком. Яўген Клаўдзевіч запрашае да сябе ў машыну, і мы ад’язджаем на кіламетр убок. Справа ад дарогі, якую трэба падраўняць на свята, бачныя могілкі, на каторых сёння хаваюцца людзі. Гэта бачна па свежых магілах і помніках. Паўсюль заўважаецца парадак і дагледжанасць. Толькі паспяваем зайсці на тэрыторыю могілак, як зводдаль чуецца радаснае: “Хвала Хрысту!” Некаторыя вернікі ўжо прыбіраюць магілы блізкіх, рыхтуючыся да свята, і, заўважыўшы свайго пробашча, спяшаюцца з ім прывітацца.

Старшыня Яўген Клаўдзевіч паказвае на вялізныя бярозы і распавядае: “Тое, што мы тут бачым, гэта частка ад таго, што засталося. Іх было больш. Але аднойчы прыйшла вялікая віхура і паваліла некаторыя дрэвы. Можаце сабе ўявіць, што ні адзін помнік не быў пашкоджаны. Усе велізарныя дрэвы ўпалі якраз паміж магілаў. Я лічу гэта Божым цудам. Мы, калі пазней пілавалі гэтыя бярвёны на кавалкі, баяліся, каб хаця не пашкодзіць помнікі. Але як яны маглі, падаючы, не закрануць ніводнай магілы? Гэта таямніца”. Гляджу на радкі магіл і таксама дзіўлюся з аповеду Яўгена Клаўдзевіча. Паміж некаторымі магіламі – не больш за паўметра адлегласці, і людзі пахаваныя тут не зусім роўнымі радамі. Адчуваецца Божае заступніцтва над гэтым святым месцам. Але тэмай нашага рэпартажу мае быць заступніцтва чалавека і яго клопат пра памерлых. Таму працягваем вандроўку далей.

Ксёндз Андрэй заклікае наведаць магілу былога пробашча Дзеркаўшчыны кс. Яна Макшэцкага. Ён памёр якраз 4 кастрычніка 1959 года. Сёлета акурат 56 гадавіна з дня яго смерці. Кс. Ян хацеў быць пахаваны не каля касцёла, як гэта часта бывае, але разам са сваімі парафіянамі. Праз нейкі час знаходзім гэтую магілу са сціплым помнікам і молімся Angelus Domini, просячы ласку вечнага жыцця для ксяндза Яна.

dzierkauszczyna_mogilki25

З абсыпаных жоўтым лісцем і прыбраных могілак накіроўваемся на другі бок дарогі. Выходзячы з цвінтара, заўважаю, што агароджа могілак зробленая з паасобных частак. Вельмі мудрае рашэнне, якое дазволіла зрабіць больш свабоднымі самі могілкі і танным коштам агарадзіць вялікую прастору. Гэта яшчэ раз сведчыць пра салідарнасць і ўзаемадапамогу дзеркаўшчынскіх парафіянаў, якія згадзіліся зняць паасобныя агароджы і аддаць іх для агульнай мэты.

Зарослая памяць

Аднак шмат працы яшчэ наперадзе. Хмызняк, што тырчыць па другі бок гравейкі, – гэта нішто іншае, як яшчэ адны могілкі. За гушчаром галінаў і рознакаляровай лістоты зусім не бачна помнікаў і магілак. Пра асаблівы статус гэтага месца нагадвае толькі невысокі мур, што зарос мохам і дрэўцамі. Уваходзім на тэрыторыю цвінтара і прабіраемся праз гушчар, каб дайсці да помнікаў. Дарогу паказвае Яўген Клаўдзевіч. Бачна, што ён добра арыентуецца ў мясцовасці. Вось і першыя помнікі. Дзе-нідзе бачная каваная агароджа. Сям-там з-за дрэва выступаюць прыгажуны-манументы з граніту. Мае думкі пацвярджае наш суразмоўца: “Такіх цяпер не робяць у нас, паглядзіце, якая высокая якасць працы і матэрыялу!”

dzierkauszczyna_mogilki19

Абмяркоўваем стан могілак і прыходзім да высновы, што трэба збіраць талаку. Ксёндз Андрэй абяцае зрабіць аб’явы ў касцёле, а старшыня сельсавета кажа пра неабходнасць выкарыстаць тэхніку. “Пагавару з кіраўнікамі гаспадарак, нешта зробім. Тут раней раслі таксама вялізныя бярозы, іх спілавалі, а цяпер во хмызняк пайшоў расці”. Пакуль ідзём, гутарачы пра добраўпарадкаванне, бачым вялізны помнік у выглядзе спілаванага дуба. Помнік і сапраўды нагадвае спілаванае дрэва. Яўген Клаўдзевіч выказвае народную версію: “Кажуць, што такія помнікі ставіліся, калі на нябожчыку заканчваўся род”.

dzierkauszczyna_mogilki20

Нарэшце дамоўленасць дасягнутая і даты вызначаныя. На гэтым месцы збяруцца шчырыя вернікі, каб навесці парадак на старых могілках. Слухаючы размову пробашча-ксяндза Андрэя са старшынёй сельсавета Яўгенам Клаўдзевічам, міжволі стараюся знайсці адказ на пытанне: “Чаму так сталася, што зусім недалёка ад пасёлка існуюць закінутыя могілкі?” Адказ хаваецца ў мінулым стагоддзі, калі ўсе могілкі сталі камунальнымі. Касцёл не меў права нешта рабіць на іх і добраўпарадкоўваць, а бязбожная савецкая ўлада, думаючы пра светлую будучыню, зусім не дбала пра мінулае. Таму вельмі прыемна, што ў часы незалежнай Беларусі людзі выпраўляюць старыя памылкі і пачынаюць шанаваць сваіх продкаў.

Успамінаю мудрае выслоўе: “Народ, які не ведае сваёй гісторыі, не мае будучыні”. Так, можна вывучаць у школе гісторыю і ведаць на памяць даты бітваў. Можна завучыць радаводы вялікіх князёў і ганарыцца веліччу замкаў. Але сапраўдная гісторыя, яна тут, недалёка. Яна там, дзе пахаваныя твае блізкія, дзе знайшлі спачын невядомыя героі войнаў ці ляжаць проста далёкія сваякі тваіх суседзяў, што выехалі за мяжу. І гэтая гісторыя вымагае памяці і клопату. Дбаючы пра яе, мы маем будучыню, што прасціраецца ў вечнасць.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота

для друку для друку