“Ключы да шчаслівага жыцця”: першую хрысціянскую пастаноўку прадставілі ў горадзе Сянно

“Ключы да шчаслівага жыцця” – так называецца ўнікальны спектакль, на якім мне давялося пабываць 29 красавіка ў Сенненскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Гэта была не проста першая хрысціянская пастаноўка ў горадзе Сянно.

Яе рэжысёрам, сцэнарыстам, касцюмерам, музычным і мастацкім афарміцелем, а таксама выканаўцам галоўнай ролі выступіў пробашч парафіі Святой Тройцы, дамініканец а. Міхал Ермашкевіч.

Ідэя сцэнарыя ўзнікла ў а. Міхала 6 студзеня, на свята Аб’яўлення Пана, у Вігілію Божага Нараджэння па праваслаўным календары. Святар разважаў над тым, што шмат хто з людзей не разумее сапраўднага сэнсу нараджэння, мукі і ўваскрасення Хрыста – вызвалення чалавека ад граху і смерці. Сваёй задумкай данесці гэту праўду з дапамогай тэатральнага мастацтва і паставіць сапраўдны спектакль ён падзяліўся са сваімі парафіянкамі Наталляй Латыш і Наталляй Падрэз, якія працуюць па размеркаванні ў Сенненскім цэнтры. Яны падхапілі яе з энтузіязмам.

Наталля Латыш і Наталля Падрэз

— Кіраўніцтва цэнтра нас падтрымала. Калегі таксама ўспрынялі ідэю новага спектаклю з радасцю, далучыліся да падрыхтоўкі. Мы адразу пачалі штотыднёва рэпетыраваць, — распавядае Наталля Латыш, ураджэнка Мінску. – Галоўнай думкай нашай п’есы з’яўляецца тое, што зло не спіць і трэба ўмець распазнаць яго спакусы і не дазволіць яму авалодаць табой пад выглядам добрых намераў. А сапраўдныя ключы да шчасця чалавека мае толькі Езус, які ўваскрос і перамог злога духа.

Сярод актораў, занятых у п’есе, ёсць як працаўнікі цэнтра, так і наведвальнікі – школьнікі старэйшых класаў. Айцец Міхал аб’яднаў іх усіх у адну каманду і выканаў ролю Злога духа, які з дапамогай сваёй зброі – сямі галоўных грахоў – пасля выгнання з раю робіць усё магчымае, каб авалодаць душамі людзей і перашкодзіць Хрысту іх збавіць.

— Гэта вельмі актуальна ва ўсе часы, — кажа рэжысёр і галоўны актор, — бо пасля першароднага граху чалавек страціў гармонію сам з сабой і не заўжды ўмее правільна карыстацца сваёй чалавечай натурай. Некантраляваныя пачуцці, эмоцыі, інстынкты, неўмяркаванасць ва ўсім служыць падставай усіх іншых грахоў. І калі чалавек не будзе ім паддавацца, то хутчэй за ўсё не ўчыніць грахоў больш страшных, такіх як, напрыклад, забойства.

Айцец Міхал прызнаецца, што для яго праца над пастаноўкай была не толькі магчымасцю данесці да людзей Божую праўду, але таксама сапраўднай асалодай. У свой час ён атрымаў мастацкую адукацыю і спецыяльнасць кіраўніка драматычных калектываў, так што ў тэатры адчувае сябе як рыба ў вадзе. Святар старанна рыхтаваў касцюмы (некаторыя давялося шукаць у Маскве!), маляваў дэкарацыі, падбіраў музычнае суправаджэнне, якое, на думку гледачоў, вельмі ўпрыгожыла спектакль.

Пасля заканчэння спектаклю акторы былі вельмі ўзрушаныя. Наталля Падрэз, што паходзіць з Докшыц, вызнала, што духоўны сэнс, які яны хацелі данесці гледачам, таксама ўразіў іх саміх, трапіў глыбока ў сэрца. Дарэчы, акторы не збіраюцца спыняцца і ўжо рыхтуюцца павезці сваю пастаноўку ў Багушэўск.

На прэм’еру спектакля прыехалі госці з Віцебску: сябры і былыя парафіяне айца Міхала з касцёла Св. Барбары і а. Браніслаў Дашкевіч. Прысутны быў таксама Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Ад імя ўсіх гледачоў, якім пашчасціла пабываць на спектаклі, хачу падзякаваць ўсяму творчаму калектыву за цудоўны спектакль, за захапляльны сюжэт і за тое духоўнае пасланне, якое ён нясе. Асаблівую падзяку кіруем да айца Міхала Ермашкевіча, які нясе людзям Евангелле не толькі праз святарскую паслугу, але і праз творчасць і прыгажосць. Мы ўдзячныя за ягоны прыклад хрысціянскага жыцця і шматлікія таленты, якія айцец Міхал выкарыстоўвае на карысць людзям і хвалу Божую.

с. Дар’я Галубкова OV, тэкст і фота

для друку для друку