Кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі наведаў парафію ў Параф’янаве, што ў Докшыцкім дэканаце (+відэа)

parfenava_03Візітацыя біскупа Алега Буткевіча адбылася ў нядзелю 30 кастрычніка. Гэта падзея адбываецца раз на пяць гадоў і з’яўляецца адной з найважнейшых для парафіі. Візітацыя біскупа ў дыяцэзіі з’яўляецца апостальскай дзейнасцю і паказвае, што біскуп з’яўляецца фундаментам і знакам еднасці дыяцэзіяльнага Касцёла.

Як адзначыў пробашч парафіі ксёндз Раман Мурзіч, візітацыя важная для парафіі як з матэрыяльнага гледзішча, так і з духоўнага.

— Візітацыя біскупа — гэта як апостал, які прыходзіць, каб пераканацца, ці сям’я парафіяльная ідзе ў кірунку развіцця духоўнага, і развіцця таксама матэрыяльнага. Гэта і догляд будынкаў, перш за ўсё святыні, і духоўнае жыццё, ці парафія развіваецца.

Біскупская візітацыя – добрая нагода для кіраўніка дыяцэзіі паглыбіць кантакты з душпастырамі, вернікамі і рознымі малітоўнымі і апостальскімі супольнасцямі. Прыезд біскупа ў парафію з хваляваннем чакалі не толькі святары, але і вернікі. Паэтка з вёскі Сітцы Марыя Ючкавіч з гэтай нагоды напісала верш, які прагучаў напрыканцы Імшы. У ім яна хацела выказаць “у знак падзякі за сакрамант канфірмацыі, за Імшу святую, за слова Божае, якое з яго вуснаў гучыць больш даходліва і нас яшчэ больш напаўняе верай”.

Як адзначыла спадарыня Марыя:
— У касцёле ўсе правядуць гэтыя гадзіны з незвычайным настроем, узрушаныя прысутнасцю высокага госця, і ўсё ў касцёле будзе асветлена тым, што ён сярод нас сёння.

Урачыстасці з нагоды візітацыі распачаліся з выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту. З нагоды прыезду высокага госця святыня была цалкам запоўненая вернікамі. Трэба адзначыць, што надвор’е на гэты раз перашкодзіла ўсім вернікам урачыста сустрэць свайго пастыра каля святыні. Таму іерарха сустрэў пробашч парафіі разам з міністрантамі. Пасля ўрачыстага ўваходу ў храм вернікі прывіталі біскупа Алега Буткевіча, падараваўшы яму хлеб і кветкі. Яны падзякавалі Богу за тое, што зараз існуе магчымасць свабодна вызнаваць веру, адзначыўшы пры гэтым, што зараз парафія мае сваіх мясцовых святароў.

parfenava_04

Далей распачалася святая Імша, якую ўзначаліў кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі. Урывак з Евангелля для прысутных прачытаў ксёндз Аляксей Юркайць, які з’яўляецца вікарыем у парафіі ў Параф’янаве. У слове Божым гаварылася пра падзею, якая адбылася ў Ерыхоне, калі Езус прыйшоў у горад, і Яго прывіталі натоўпы народу. Там жыў Закхей, кіраўнік мытнікаў, гэта значыць зборшчыкаў падаткаў. Закхей быў багатым чалавекам і супрацоўнікам ненавісных рымскіх акупантаў, эксплуататарам свайго народа. Таксама і ён, з цікавасці, хацеў убачыць Езуса, але яго стан публічнага грэшніка не дазваляў яму наблізіцца да Настаўніка. Больш таго, ён быў малога росту і таму залез на дрэва, смакоўніцу, пры дарозе па якой павінен быў праходзіць Езус.

Тым не менш, Езус, убачыўшы Закхея на дрэве, загадвае яму спусціцца і выказвае жаданне абедаць у яго доме. Гэта выклікала незадавальненне сярод народу.

У сваім слове да вернікаў біскуп паразважаў над падзеямі, апісанымі ў Евангеллі ад Лукі. І ў наш час верыць у Хрыста, хадзіць у касцёл, жыць па Божых наказах, — гэта быць у нейкай ступені “белай варонай” у вачах іншых людзей. Бо калі не красці, не маніць, не пляткарыць, не зайздросціць, то цяжка дасягнуць высокага становішча ў грамадстве. А шмат хто імкнецца да гэтага любым коштам, лічачы астатніх людзей няўдачнікамі. Таму людзям трэба мець у наш час адвагу, каб вызнаваць сваю веру.

Біскуп адзначыў, што паляпшэнне матэрыяльнага становішча чалавека не заўсёды станоўча адбіваецца на яго веры ў Бога. Чалавек думае: “Я ўсё маю, навошта мне Бог”. У якасці прыкладу ён прывёў краіны Захаду, дзе грамадства становіцца ўсё больш атэістычным. А згубіўшы Бога, мы губляем сам сэнс нашага існавання.

Таксама іерарх адзначыў, што Бог ёсць Любоў. І любіць яго трэба ў сваім бліжнім. Калі мы любім Бога, якога не бачым, а не любім свайго бліжняга, якога бачым, то тады наша вера вельмі слабая. Напрыканцы гаміліі біскуп заклікаў усіх маліцца, каб у Беларусі і ў тым ліку ў парафіі ў Параф’янаве было больш пакліканняў.

parfenava_07

Візіт біскупа стаў добрай нагодай для прыняцця сакраманту канфірмацыі  для некалькіх дзясяткаў вернікаў. Сярод іх былі як людзі маладзейшыя, так і старэйшыя, якія не маглі прыняць гэты сакрамант у часы пераследвання веры. Сярод кандыдатаў на бежмаванне, як яшчэ называюць канфірмацыю, была нават жанчына з 1931 года нараджэння. Сястра Марына Ескевіч, якая дапамагала вернікам рыхтавацца да гэтай падзеі, адзначыла яе важнасць для вернікаў:

— Гэты сакрамант трэба прымаць у сталым узросце, калі ты ўжо разумееш, што атрымоўваеш пры гэтым паўнату дароў Духа Святога, якія дапамагаюць у дарослым жыцці мужна сведчыць аб веры.

На заканчэнні Імшы вернікі падзякавалі біскупу за атрыманы сакрамант. Ала Балашка з Параф’янава прачытала верш, які паэтка Марыя Ючкавіч напісала адмыслова да прыезду біскупа. У вершы сярод іншага было пажаданне, каб усе мары біскупа збыліся.

У сваім слове падзякі біскуп адзначыў, што самай вялікай марай для яго з’яўляецца адбудова касцёла святога Антонія ў Віцебску. Гэты храм стаяў у цэнтры горада і быў разбураны ў часы ваяўнічага атэізму. Зараз ужо дасягнута разуменне з уладамі наконт яго аднаўлення. Гэта справа будзе патрабаваць як малітоўнай, так і матэрыяльнай падтрымкі. І вось гэтай падтрымкі біскуп таксама папрасіў і ў параф’янаўскіх вернікаў.

Закончылася богаслужэнне біскупскім бласлаўленнем і спевам “Ave Maria” ў выкананні парафіяльнага хору.

Пасля Імшы іерарх правёў сустрэчу з вернікамі, дзе яны маглі задаць яму свае пытанні. Біскуп таксама падпісаў для парафіі кнігу Папы Францішка “Імя Бога — Міласэрнасць”, якая выйшла на беларускай мове. Незадоўга перад гэтым асобнік гэтай кнігі быў уручаны ў Рыме Папу Францішку падчас візіту ў Рым. Біскуп Алег перадаў прывітанне вернікам ад Папы і заклікаў іх маліцца за тое, каб Пантыфік змог наведаць Беларусь. Зараз гэты візіт, адзначыў біскуп, не здаецца ўжо нечым немагчымым.

parfenava_12

Напрыканцы сустрэчы ардынарый яшчэ раз заклікаў вернікаў маліцца за тое, каб было больш пакліканняў з гэтай парафіі, а маладым людзям параіў больш уважліва слухаць голас свайго сэрца, каб адчуць голас Божы.

У гэты дзень кіраўнік дыяцэзіі таксама наведаў капліцу ў вёсцы Кіякова і Дом Міласэрнасці ў Сітцах, якія знаходзяцца на тэрыторыі параф’янаўскай парафіі.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку