Кіраўнік дыпмісіі ЗША наведала Чырвоны касцёл

Кіраўнік місіі Амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Джэніфер Хізер Мур наведала рымска-каталіцкую парафію святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл).

На старонцы амбасады ЗША ў сацсетках Павераны ў справах ЗША ў Беларусі напісала водгук аб візіце ў сталічную каталіцкую парафію.

— Я была вельмі рада сустрэцца з ксяндзом-канонікам Уладзіславам Завальнюком, які правёў для мяне цудоўную экскурсію па Чырвоным касцёле. Мяне моцна ўразілі прыгажосць храма, а таксама колькасць і разнастайнасць мерапрыемстваў, якія ладзяцца для парафіян, у асаблівасці, для дзяцей і маладых сямей.

Акрамя гэтага, ксёндз Уладзіслаў пачаставаў мяне смачным мёдам, які вырабляецца на пчальніку касцёла. Мы падзяляем думку, што пчалярства мае вялікае значэнне для абароны навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця нашых краін. Дзякую ксяндзу Уладзіславу і яго калегам за гасціннасць і спадзяюся на новыя сустрэчы,- адзначыла спадарыня Джэніфер Мур.

Katolik.life

для друку для друку