Католікі з Белавежскай пушчы: мясцовыя традыцыі ўзбагачаюць Касцёл

forum.globus.tut.by

Шарашова ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці – гарадскі пасёлак з багатай гісторыяй і традыцыямі. У гэтай мясцовасці проста ля паселішчаў ходзяць зубры, ды і многія людзі – волаты, жывуць па сто гадоў. Тут пачынаецца Белавежская пушча, побач – мяжа з Польшчай і Украінай.

Каталіцкая парафія Святой Тройцы з’явілася ў пасёлку яшчэ ў XVI ст., а ў канцы XIX ст. яна налічвала амаль 3 тыс. вернікаў. Зараз жа жыве ў Шарашове каля 2 тыс. чалавек. Цікава, што шарашоўская святыня – адна з першых у Савецкім Саюзе, была звернута католікам у канцы 1980-х. Відаць, гэта плён таго, што ўсе 40 гадоў, пакуль касцёл быў адабраны, вернікі маліліся пад яго мурамі, нягледзячы на забарону ўладаў.

Цяперашні пробашч кс. Яцэк Дубіцкі распавядае, што побач у цэнтры мястэчка стаяць праваслаўная царква і каталіцкі касцёл. І гэта не выпадковасць: традыцыі розных канфесій разам з мясцовымі асаблівасцямі тут даўно цесна перапляліся.

“Захавалася ў Шарашове і званіца былой грэка-каталіцкай царквы, таксама раней стаяла сінагога. Усе жылі разам: праваслаўныя, католікі і габрэі. І калі сюды прыязджаў на візітацыю Слуга Божы біскуп Зыгмунд Лазінскі, ён спачатку звяртаўся да габрэяў на ідзіш, на рускай ці беларускай мове – да праваслаўных, і толькі ў канцы — да католікаў”, — распавядае ў інтэрв’ю Беларускай службе Ватыканскага радыё кс. Яцэк.

Пробашч зацікавіўся нетыповымі песнямі, якія спяваюць мясцовыя людзі падчас розных набажэнстваў, такіх як Крыжовы шлях, а таксама на пахаваннях. Гэта песні з мясцовай традыцыі, якія спалучыліся з каталіцтвам. “І гэта ўсё варта запісваць. Я баюся, што калі адыдуць бабулі, моладзь не будзе нічога ведаць з гэтага”, — дадае святар.

Якія яшчэ мясцовыя звычаі дапаўняюць каталіцкую традыцыю? Напрыклад, у Каталіцкім касцёле не прынята адчыняць труну падчас пахаванняў на могілках, развітвацца з нябожчыкам. А ў Шарашове так робяць, узяўшы гэта ад праваслаўных. Увогуле тут змешаны ўсе традыцыі: і габрэйская, і ўніяцкая, і праваслаўная, і каталіцкая, і мясцовая. Часам людзі нават не разумеюць, адкуль ідзе тая ці іншая традыцыя.

Дарэчы, ёсць у Шарашове і адметнасць у святкаванні Божага Нараджэння. Тут ходзяць па хатах і спяваюць не толькі калядкі, але і свае традыцыйныя спевы, праводзяць адмысловыя абрады. Прычым ходзяць з калядкамі і шчадруюць як 25 снежня, так і 7 студзеня.

Святар адзначыў, што ў Белавежскай пушчы ёсць мемарыял на месцы расстрэлаў грамадзянаў Польшчы і Беларусі падчас Другой сусветнай вайны, і нядаўна там паставілі побач два крыжы – праваслаўны і каталіцкі. Таксама было праведзена адмысловае набажэнства. “Гэта радуе. Ўсё часцей можна сустрэць месцы, дзе побач стаяць два крыжы – праваслаўны і каталіцкі. А аднойчы быў выпадак: мяне запрасілі пахаваць жанчыну, але ў вёсцы ўсе праваслаўныя. Пытаю: можа, вам трэба было запрасіць праваслаўнага святара? Але сваякі мне адказваюць: не, маці была каталічкай, а бацька – праваслаўны. І яны дамовіліся, што хто першы памрэ – на тых могілках і хаваюць. Муж памёр першым. Таму жонку таксама пахавалі на праваслаўных могілках побач з мужам, але паводле каталіцкай традыцыі”, — распавядае пробашч.

Гаворачы аб тым, як католікі дамагаліся вяртання мясцовай святыні, звярталіся ў Брэст, у Маскву, ездзілі туды, святар адзначае, што ганарыцца гэтымі людзьмі: у іх шмат чаму можна вучыцца – веры, адданасці сваім ідэалам.

для друку для друку