Католікі прымуць удзел у праваслаўным Хросным ходзе ў Юравічы

У аўторак, 12 верасня, з Мазыра ў Юравічы з абразом Маці Божай Юравіцкай пройдзе традыцыйны Хросны ход, які праваслаўныя і католікі разам праводзяць з 2006 года. Тады ў склепе разбуранага кляштара выпадкова знайшлі копію цудатворнага абраза.

Нагадаем, абраз Маці Божай Юравіцкай шануецца як католікамі, так і праваслаўнымі. Юравіцкі манастыр, помнік архітэктуры позняга барока, першапачаткова належаў каталіцкаму ордэну езуітаў. Аднак пасля паўстання 1863-1864 гадоў касцёл быў зачынены і перададзены ў праваслаўнае ведамства на падставе загаду генерал-губернатара Мураўёва. Комплекс стаў праваслаўным жаночым кляштарам, але з прыходам савецкай улады яго зачынілі, а будынак аддалі пад дзіцячы дом. У 1993 годзе дзяржава перадала паўразбураны Юравіцкі храмавы комплекс Тураўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Рэстаўрацыя будынка доўжыцца дагэтуль.

З 2006 года кожную восень Юравіцкі абраз прывозяць у Мазыр, а потым урачыста нясуць назад у манастыр. Да 12 верасня каля іконы можна памаліцца ў праваслаўным кафедральным саборы святога Арханёла Міхаіла з 07:30 да 19:30. А ў аўторак пасля заканчэння Боскай літургіі (прыкладна ў 11:30) пачнецца Хросны ход з Юравіцкім абразом, да якога па традыцыі далучаюцца мясцовыя каталіцкія вернікі.

У Юравічах хрэсны ход мясцовыя жыхары сустракаюць стоячы ля сваіх двароў. Вяскоўцы кідаюць пад ногі святарам кветкі. Пасля Крыжовага ходу праходзіць урачыстая Літургія.

13 верасня ў манастыры адбудзецца Боская Літургія і Хросны ход у гонар свята «Юравіцкай-Міласэрнай» іконы Божай Маці — здабыцця іконы. Манахі запрашаюць усіх жадаючых прыняць удзел і памаліцца ля цудатворнай святыні, сумесна малітоўна папрасіць Царыцу Нябесную аб дапамозе.

katolik.life

для друку для друку