Католікі падарылі Алексіевіч у Гомелі Біблію і «добры» кубак

12 жніўня перад сустрэчай з беларускай пісьменніцай Святланай Алексіевіч у Гомелі мясцовыя католікі зрабілі ёй невялічкі падарунак. Лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры ўручылі Новы Запавет на рускай мове, паштоўку з абразом Езуса Хрыста і словамі малітвы да Божай міласэрнасці па-беларуску, а таксама гліняны кубак са словамі «Супакой і дабро», які зрабілі каталіцкія манахі-капуцыны.

Нагадаем, арцыпастыр Каталіцкай царквы ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звяртаўся да пісьменніцы з адкрытым лістом, у якім адзначыў, што «забіць могуць не толькі танкі, але і словы». Нагодай стала выказванне Алексіевіч «Дайце ў Беларусь танкі, зброю — і там католікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна». Пазней нобелеўскі лаўрэат патлумачыла, што яе фраза была метафарай, якую не варта ўспрымаць літаральна. Так Алексіевіч хацела паказаць, што канфлікт, які працягваецца паміж Расіяй і Украінай, можа пачацца з чаго заўгодна.

Святлана Алексіевіч прыняла падарунак, усміхнулася і сказала: «Вялікі дзякуй». А падчас сустрэчы, на якой у цэлым прысутнічала амаль сто чалавек, праваслаўная верніца, супрацоўніца Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый, паэтка Ларыса Раманава ўручыла пісьменніцы неглюбскі ручнік, вышыты арнаментам «васьмірожкі», які лічыцца сімвалам Божай Маці. Гэта была першая сустрэча нобелеўскага лаўрэата з чытачамі ў рэгіёнах. 

katolik.life

для друку для друку