- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Католікі Іўя павіншавалі татарскую абшчыну з 620-годдзем пасялення ў Беларусі

[1]4 лістапада ў Іўі адзначылі 620-ю гадавіну пасялення татар у Беларусі. Менавіта з гэтага населенага пункта ў нашай краіне распачынае сваю гісторыю татарская абшчына, у тыя часы, калі Вялікі князь Вітаўт пачаў рассяленне татар.

Хоць страчана мова, страчана культура, аднак засталіся прыгожыя па-ўсходняму, па-азіяцку твары, цёмныя валасы і асаблівы разрэз вачэй, засталіся асобныя стравы татарскай кухні. Разам з тым татары захавалі сваю веру – шэсць стагоддзяў маленькім астраўком трымаецца іслам сярод хрысціянскага свету.

Павіншаваць іўеўчан-мусульман прыбыло шмат гасцей з Беларусі і замежжа. Госці між іншым здзейснілі экскурсію па горадзе з наведваннем хрысціянскіх храмаў, бо ў Іўі ўжо шмат гадоў пераплятаюцца культуры іўдзеяў, беларусаў, татараў, палякаў. Мір тут захоўваюць не толькі з дапамогай помніка верацярпімасці, талерантнасці і згоды іўеўчан розных веравызнанняў, які быў устаноўлены ў цэнтры горада і з’яўляецца сёння яго візітоўкай.

Падчас наведвання ў дзень юбілею касцёла свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі яго пробашч кс. Ян Гавецкі адзначыў, што шмат гадоў усе разам яны крочаць надзейна i міралюбіва. Святар падзякаваў татарам за тое, што сёння тут пануе згода і еднасць, няма падзелаў і спрэчак. Тое, аб чым мараць людзі добрай волі ўсяго свету, яны здзейснілі і ў камяні, і здзяйсняюць у штодзённым жыцці.

[2]

Ад імя ўсёй супольнасці вернікаў рыма-каталіцкага веравызнання кс. Гавецкі выказаў самыя сардэчныя віншаванні іўеўчанам-мусульманам i пажадаў, каб гэтыя згода, еднасць і ўзаемная павага былі захаваны на далейшыя доўгія гады.

У Іўі ёсць таксама мячэць, якая з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю. Яна была пабудавана ў ХІХ ст. пры фінансавай падтрымцы графіні Замойскай, а ў ХХІ – капітальна адрамантавана вернікамі. Сам горад Іўе неафіцыйна лічыцца татарскай сталіцай Беларусі, бо менавіта ў ім жыве самая вялікая абшчына.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by [3]