Католікі і праваслаўныя служаць дзецям-інвалідам у Гомелі

У гомельскай Дзіцячай вёсцы для сірот-інвалідаў, апеку над якой трымае мясцовы «Карытас», прайшоў калядны ранішнік. Цікава, што на свяце прысутнічалі і каталіцкі, і праваслаўны святары, а малітву чытаў менавіта праваслаўны душпастыр.

Дзіцячая вёска складаецца з некалькіх катэджаў, дзе жывуць групы-сем’і, і кожны домік мае свайго апекуна. Традыцыйна падчас перыяду Божага Нараджэння тут шырока адзначаецца свята заступніка аднаго з домікаў – святога Мікалая. Нядаўна ўспамін гэтага любімага многімі святога адзначалі ў Каталіцкім Касцёле і Праваслаўнай Царкве, і вось цяпер на малітву да святога Мікалая сабраліся выхаванцы і персанал Дзіцячай вёскі.

Свята прайшло таксама пры ўдзеле афіцыйных гасцей – прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, абласнога Камітэта працы і сацабароны. Дзеці падрыхтавалі прыгожае прадстаўленне па матывах казкі “12 месяцаў”, і ўзнагародай за іх намаганні сталі падарункі і салодкі стол.

Як паведаміў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё дырэктар дабрачыннай каталіцкай місіі “Карытас-Міласэрнасць” кс. Юры Варанко, сумеснае з Праваслаўнай Царквой служэнне адбываецца ў гомельскай Дзіцячай вёсцы з 2012 года. “Наш дом-інтэрнат адкрыты для ўсіх дзяцей, і мы не выбіраем выхаванцаў па рэлігійнай прыкмеце ці веравызнанні. І так склалася, што абсалютная большасць і дзяцей, і супрацоўнікаў – гэта праваслаўныя.

Таму, вядома, без душпастырскай апекі не магчыма было пакінуць гэтых людзей. Яны хацелі б бачыць праваслаўнага святара на розных урачыстасцях, на малітве. І святар прыходзіць сюды з мэтай падтрымаць духоўна супрацоўнікаў, дзяцей”, — патлумачыў кс. Юры.

Унікальная для Беларусі Дзіцячая вёска была ўрачыста адкрыта ў кастрычніку 2011 г. Інтэрнат пабудаваны з дапамогай Каталіцкай дабрачыннай міссіі “Карытас-Міласэрнасць” на грошы замежных дабрачынных арганізацый і вернікаў-католікаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў.

Вёска разлічана на пражыванне 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Чатыры асобныя групы-сем’і ўключаюць у сябе па 15 чалавек. Звяном у кожнай з’яўляецца сястра-законніца Ордэна бэнэдыктынак-самарытанак Крыжа Хрыстова, яна разам з дапаможным персаналам клапоціцца аб належным клімаце выхавання і апякуецца дзецьмі.

Дзейнасць вёскі арганізавана пры падтрымцы абласнога Камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, каталіцкая “Карытас” таксама суправаджае рэалізацыю праекта.

Павел Міцкевіч

для друку для друку