Католікі арганізуюць маштабны форум на тэму міру

З 10 па 12 верасня 2017 г. у Германіі адбудзецца міжнародная сустрэча на тэму барацьбы з тэрарызмам і ўзброенымі канфліктамі “Шляхі міру”, арганізацыяй якой займаецца каталіцкая дабрачынная “Супольнасць св. Эгідзія”. Афіцыйная прэзентацыя ініцыятывы адбылася 21 ліпеня 2017 г. у Рыме.

“Гэта будзе найважнейшая ў гэтым годзе падзея ў падтрымку міру, моцны пасыл супраць вайны, падзелаў і муроў з мэтай вяртання душы краінам і кантынентам, якія перажываюць крызіс”, – сказаў падчас прэс-канферэнцыі старшыня “Супольнасці св. Эгідзія” Марка Імпальяца. Сярод заяўленых тэм да абмеркавання – ненасілле, раззбраенне, міграцыя, ахова здароўя, барацьба з карупцыяй, сацыяльная справядлівасць. “Трэба, каб народы абудзіліся адносна гэтых тэм і, асабліва, каб былі вынішчаны праявы насілля і тэрарызму”, – дадаў спадар Імпальяца.

Форум прымуць гарады Мюнстэр і Оснабрук, што ў паўночна-заходняй частцы краіны. Чакаецца ўдзел у мерапрыемстве шэрагу рэлігійных лідэраў і прадстаўнікоў духавенства з усяго свету: каталіцкіх кардыналаў і біскупаў, іерархаў Лютэранскай Царквы, прадстаўнікоў юдэяў і мусульманаў, у прыватнасці, вялікага імама ўніверсітэта “Аль-Азхар”, прафесара Ахмеда аль-Таеба. 

“Малітвы аб міры ў духу Асізі з’яўляюцца нагодай для таго, каб узняць пытанні, якія тычацца чалавечага жыцця: пачынаючы з экалагічных праблем і заканчваючы беднасцю і нераўнапраўем, а таксама духоўнай сферай жыцця”, – дадаў Імпальяца. Ён нагадаў, што Германія, якая будзе прымаць форум, адзначае 500-годдзе Рэфармацыі, і адной з тэм стане як раз аднаўленне каштоўнасці Божага Слова і евангелізацыі ў жыцці вернікаў. Шырокі ўдзел духавенства ў міжнароднай дыскусіі дае надзею на тое, што ўдасца знайсці адказы на шматлікія выклікі сучаснасці ў святле рэлігій.

“Рэлігіі, калі правільна інтэрпрэтуюцца, з’яўляюцца супрацьпастаўленнем расізму, бо не ставяць у цэнтры нацыянальнасць або расу, класавасці, таму што змагаюцца за раўнапраўе і еднасць чалавецтва. Яны з’яўляюцца карыснымі для пераасэнсавання глабалізацыі, пачынаючы з нізоў, каб мець магчымасць заўважыць перамены, што адбываюцца ў нашых грамадствах”, – падкрэсліў старшыня “Супольнасці св. Эгідзія”.

Акрамя духавенства, у мерапрыемстве прымуць удзел палітычныя лідары. Ужо пацверджана прысутнасць на форуме канцлера Германіі Ангелы Меркель і старшыні Еўрапарламента Антоніа Таяні. Арганізатары спадзяюцца, што іх удзел надасць канкрэтныя рысы стратэгіям прыняцця і інтэграцыі мігрантаў у Еўропе, а таксама спосабам рэагавання на праблемы моладзевага беспрацоўя.

Ватыканскае радыё

для друку для друку